Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 16 Суддзяў 16 раздзел

1 Пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусніцу, і ўвайшоў да яе.
2 Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны абкружылі яго і зрабілі засаду на Самсона ў браме горада; і ўсю ноч яны сядзелі ціха, чакаючы, каб, калі настане раніца, забіць яго на выхадзе.
3 А Самсон спаў аж да паўночы, а затым, устаўшы, схапіў абедзве паловы брамы разам з яе вушакамі, і вырваў іх з засаўкай, і, паклаўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, што насупраць Геброна.
4 Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк і звалася Даліла.
5 І прыйшлі да яе кіраўнікі філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца яго сіла і як маглі б мы яго адолець і яго, адоленага, пакарыць; калі гэта зробіш, дамо табе па тысячы сто срэбранікаў кожны».
6 Дык казала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна звязаць цябе, каб пакарыць цябе?»
7 Самсон адказаў ёй: «Калі звязаць мяне сямю сырымі вяроўкамі, сплеценымі з сухажылляў, яшчэ не сухімі і ўжо не сырымі, то я зраблюся бяссільным і стану, як іншыя людзі».
8 І прынеслі ёй валадары філістынцаў сем вяровак, як ён казаў, і яна звязала імі яго
9 ў той час, калі яны схаваліся ў яе пакоі. І яна яму крыкнула: «Самсон, філістынцы над табою!» Ён паразрываў вяроўкі так, як калі б хтосьці разарваў нітку, звітую з пакулля, калі яна занялася вогненным дымам; так і не даведаліся, у чым яго сіла.
10 Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Вось, падмануў ты мяне і схлусіў мне; прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць звязаны».
11 Ён адказаў ёй: «Калі буду звязаны дзевяццю вяроўкамі, якія ніколі не былі ва ўжытку, буду кволы і падобны да іншых людзей».
12 Даліла зноў звязала яго вяроўкамі і крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» — бо ў другім пакоі была прыгатавана засада. Ён разарваў вяроўкі на сваіх руках так, як ніткі з тканіны.
13 І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і хлусіць мне? Скажы, чым цябе трэба звязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем кос галавы маёй у тканіну і замацуеш іх калком, то я зраблюся слабым і стану, як іншыя людзі».
14 Калі яна яго ўсыпіла, і ўпляла сем кос галавы яго ў тканіну, і замацавала калком, яна крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, вырваў калок з утком і тканінаю.
15 І сказала яму Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не захацеў сказаць, у чым сіла твая найвялікшая».
16 І паколькі яна яму дакучала і штодзень мучыла безупынна яго, то душа яго самлела і аж да смерці знемагла.
17 Тады адкрыў ён ёй усё сэрца сваё і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я ад улоння маці сваёй — назір Божы; калі б абгалілі галаву маю, адышла б ад мяне сіла мая, і зрабіўся б я слабым, і стаў бы, як іншыя людзі».
18 Яна, зразумеўшы, што ён адкрыў ёй усю сваю душу, паслала да валадароў філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сваё сэрца». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй паабяцалі.
19 А яна ўсыпіла яго на сваіх каленях, і паклікала цырульніка, і загадала яму абгаліць сем кос яго, і ён пачаў упакорвацца, бо адступіла ад яго сіла адразу ж.
20 І сказала яна: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, падумаў у душы сваёй: «Пайду, як рабіў раней, і вызвалюся», не ведаючы, што Госпад адышоў ад яго.
21 Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яны яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязніцы, малоць зерне.
22 Тым часам раней паголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.
23 А валадары філістынцаў сабраліся ўсе, каб ускласці багатыя ахвяры богу свайму Дагону і павесяліцца, кажучы: «Бог наш аддаў у рукі нашы ворага нашага, Самсона».
24 І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і тое ж самае казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашы ворага нашага, які нішчыў зямлю нашу і вельмі многіх з нас забіў».
25 І калі яны зрабіліся ўжо даволі вясёлымі, патрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пазабавіў. Ён, прыведзены з вязніцы, забаўляў іх; і прымусілі яны яго стаць паміж дзвюма калонамі.
26 І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусці мяне, каб мог я дакрануцца да калон, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца і трошкі адпачыць».
27 А дом той быў поўны мужчын і жанчын; і былі там усе князі філістынскія, а на даху каля трох тысяч чалавек абодвух полаў глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.
28 Тады Самсон усклікнуў да Госпада, кажучы: «Госпадзе, Божа, прыгадай пра мяне! І вярні мне толькі ў гэты раз даўнейшую сілу маю, Божа, каб мог я адпомсціць філістынцам за абодва вокі мае!»
29 І Самсон узяўся пасярэдзіне за абедзве калоны, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую левай рукой,
30 і сказаў Самсон: «Хай памрэ душа мая разам з філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калоны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі; і тых, каго ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, каго пазабіваў за час усяго жыцця свайго.
31 І прыйшлі браты яго і ўвесь род, і ўзялі цела яго, і пахавалі яго паміж Цорай і Эстаолам, у магіле бацькі яго, Маноаха; а судзіў ён Ізраэль дваццаць гадоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 16 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.