Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Судзьдзяў 16 Судзьдзяў Ізраэлявых 16 раздзел

1 І пайшоў Самсон да Ґазы, і, абачыўшы там бязулю, увыйшоў да яе.
2 Ґазянам наказалі: «Прышоў Самсон сюды». І хадзілі яны навокал, і цікавалі на яго ўсю ноч у браме месцкай, і ня выказаваліся ўсю тую ноч, кажучы: «Да сьвітаньня пажджэм і заб’ем яго».
3 І ляжаў Самсон да поўначы; і ўстаў а поўначы, і схапіў вароты месцкае брамы за абодва вушакі, і выцягнуў іх разам із завалам, і палажыў на плечы свае, і ўзьнёс іх на верх гары, каторая перад Гэўронам.
4 І было просьле гэтага, што закахаўся ён у жонку ў даліне Сорэк; імя ейнае Даліла.
5 І ўзышлі да яе князі Пілісцкія, і сказалі ёй: «Умоў яго й зацем, у чым вялікая сіла ягоная, і чым нам здолець яго, і зьвяжам яго, каб мучыць яго; а мы дамо табе за гэта кажны тысяча а сто срэбра».
6 І сказала Даліла Самсону: «Азнаймі, калі ласка, імне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб мучыць цябе?»
7 І сказаў ёй Самсон: «Калі зьвяжуць мяне сяма вагкімі гужамі, каторыя яшчэ ня высахлі, то я скволею й буду, як адзін ізь людзтва».
8 І ўзьнесьлі ёй князі Пілісцкія сем вагкіх гужоў, каторыя ня высахлі, і яна зьвязала яго імі.
9 Цікуючы сядзеў у яе ў пакою. І сказала яму: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» і ён разарваў гужы, як разрываюць ніту з пакульля, як перапаляе яе цяпло, і не пазнана сіла ягоная.
10 І сказала Даліла Самсону: «Вось, ты сьміяўся зь мяне і брахаў імне; цяпер жа азнаймі імне, чым зьвязаць цябе?»
11 Ён сказаў ёй: «Калі моцна зьвяжуць мяне новымі паварозамі, каторыя ня ўжывалі да работы, то я скволею а буду, як адзін ізь людзтва».
12 І ўзяла Даліла новыя паварозы, і зьвязала яго імі, і сказала: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» А цікуючы сядзеў у пакою. І зарваў ён іх із рук сваіх, як нітку.
13 І сказала Даліла Самсону: «Дагэтуль ты сьміяўся зь мяне і гукаў імне брэхні; скажы імне, чым бы зьвязаць цябе?» Ён сказаў ёй: «Калі ты ўтчэш сем косаў галавы мае ў тканіну».
14 І прымацавала іх да навою, і сказала яму: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» Ён прачхнуўся зо сну свайго й вырваў навой кроснаў разам із тканіною.
15 Сказала яму: «Як жа ты кажаш: "Люблю цябе", а сэрца твае ня з імною? вось, ты трэйчы сьміяўся зь мяне й не азнайміў імне, у чым вялікая сіла твая».
16 І прыгадзілася, як яна дадзявала яму словамі сваімі ўсі гэтыя дні й мучыла яго, дык замлела на сьмерць душа ягоная;
17 І ён азнайміў ёй усе сэрца свае, і сказаў ёй: «Брытва ня ўзышла на галаву маю, бо назарэй Божы я ад жывата маці свае. Калі ж мяне паголяць, то адвернецца ад мяне сіла мая; я скволею й буду, як кажны зь людзтва».
18 І бачыла Даліла, што ён азнайміў ёй усе сэрца свае, дык паслала й пагукала князёў Пілісцкіх, кажучы: «Узыйдзіце гэты раз, бо азнайміў імне ўсе сэрца свае». І ўзышлі да яе князі Пілісцкія, і ўзьнесьлі срэбра ў руках сваіх.
19 І ўсаніла яго на каленях сваіх, і пагукала чалавека, і астрыжаны сем каслаўкаў галавы ягонае. І пачала яго мучыць, і адвярнулася сіла яговая ад яго.
20 І яна сказала: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» І ён прачхнуўся зо сну свайго, і сказаў: «Выйду, як і іншым разам, і абтрасуся». А ён ня ведаў, што СПАДАР адвярнуўся ад яго.
21 І схапілі яго Пілішчане, і выкалалі яму вочы, зьвялі яго да Ґазы, і закавалі яго мядзянымі ланцугамі, і ён малоў у доме вязьняў.
22 І пачаў волас галавы ягонае адрастаць, просьле тога як быў аголены.
23 І князі Пілісцкія зьберліся, каб абрачы вялікі аброк Даґону, богу свайму, і весяліцца, і сказалі: «Даў бог наш у рукі нашыя Самсона, ворага нашага».
24 І абачыў яго люд, і хвалілі багі свае, бо гукалі: «Бог наш даў у рукі нашы непрыяцеля нашага, пустошаньніка зямлі нашае, і каторы памножыў пабітых нашых».
25 І было, як узрадавалася сэрца іхнае, то сказалі: «Гукніце Самсона, хай ён пабаве нас». І гукнулі Самсона з дому вязьняў, і ён бавіў іх, і пастанавілі яго памеж стаўпоў.
26 І сказаў Самсон хлапцу, каторы дзяржаў яго за руку: «Падвядзі мяне, каб ашчупаць імне стаўпы, на каторых дзяржыцца дом, і я абапруся на іх».
27 Дом жа быў поўны мужчын і жанок, і там усі князі Пілісцкія, і на страсе было якіх тры тысячы мужчын і жанок, што глядзелі на бавячага Самсона.
28 І загукаў Самсон да СПАДАРА, і сказаў: «Спадару СПАДАРУ! успомні мяне, калі Твая ласка, і пасілі мяне, калі Твая ласка, адно гэты раз, о Божа! і я помшчу аднэй помстаю Пілішчанам за два вокі свае».
29 І абняў Самсон два сярэднія стаўпы, на каторых дзяржаўся дом, і ўперся ў іх, у вадзін праваю рукою сваёю, а ў вадзін леваю.
30 І сказаў Самсон: «Памры, душа мая, зь Пілшчанамі!» І нахінуўся сілаю, і ўпаў дом на князёў а на ўвесь люд, што ў ім. І было памерлых, каторых забіў сьмерцю сваёю, болей, чымся колькі ён забіў у жыцьцю сваім.
31 І зышлі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і панесьлі яго, і ўзьнесьлі, і пахавалі яго меж Цоры й Ештаолу, у гробе Маноя, айца ягонага. Ён судзіў Ізраеля дваццаць год.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 16 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.