1 І ўзышоў Ангіл СПАДАРОЎ з Ґілґалу да Бохіму, і сказаў: «Я вывеў вас ізь Ягіпту і прывёў вас да зямлі, праз каторую прысягаў айцом вашым, і сказаў Я: "Ня ўзрушу змовы Свае з вамі на векі.
2 А вы не рабіце змовы із жыхарамі гэтае зямлі, аброчнікі іхныя разбурыце". Але вы не паслухалі голасу Майго. Што гэта вы зрабілі?
3 І таксама Я сказаў: "Ня выжану іх ад вас, і будуць яны вам сеткамі, багі іхныя будуць вам пераказаю"».
4 І было, як Ангіл СПАДАРОЎ казаў словы гэтыя ўсім сыном Ізраелявым, то люд загаласіў і плакалі.
5 І назвалі імя месца таго Бохім. І абракалі там СПАДАРУ.
6 І быў адпусьціўшы Ігошуа люд, і пайшлі сынове Ізраелявы кажны да спадку свайго адзяржаць зямлю.
7 І служыў люд СПАДАРУ ўсі дні Ігошуі й усі дні старцоў, каторых дні працягнуліся па Ігошуі, і каторыя бачылі ўсю вялікую справу СПАДАРОВУ, якую Ён учыніў Ізраелю.
8 І памер Ігошуа Нунянок, слуга СПАДАРОЎ, сту дзесяцёх год,
9 І пахавалі яго на граніцы спадку ягонага ў Фімнах-Гэрэсе, на гары Яхрэмавай, на поўнач ад гары Ґаашу;
10 І таксама ўвесь род гэты быў прылучаны да бацькоў сваіх, і паўстаў іншы род просьле іх, каторы ня знаў СПАДАРА і таксама справу, што ён чыніў Ізраелю.
11 І зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам;
12 І пакінулі СПАДАРА, Бога бацькоў сваіх, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, і пайшлі за іншымі багамі, багамі, каторыя навокал іх, і кланяліся ім, і гневалі СПАДАРА;
13 І пакінулі СПАДАРА, і служылі Ваалу а Астартам.
14 І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і аддаў іх у рукі глабаньнікаў, і глабалі іх; і аддаў іх у рукі варагоў іхных, што навокал, і не маглі ўжо вытрываць перад варагамі сваімі.
15 Усюдых, куды яны ні пайшлі, рука СПАДАРОВА ўсюдых была ім на ліха, як казаў СПАДАР і як прысягаў СПАДАР ім. І было ім вельмі цесна.
16 І паўстанаўляў СПАДАР судзьдзяў, і ратавалі яны іх ад рукі глабаньнікаў іхных;
17 Але таксама й судзьдзяў сваіх яны ня слухалі, але бязулілі за іншымі багамі й кланяліся ім, уборзьдзе адвярнуліся яны ад дарогі, па каторай хадзілі айцове іхныя, каб слухаць расказаньняў СПАДАРОВЫХ. Яны так не рабілі.
18 І як СПАДАР пастанавіў ім судзьдзяў, то быў СПАДАР із судзьдзёю, і ратаваў іх ад рукі непрыяцеляў іхных усі дні судзьдзі, бо жалеў СПАДАР дзеля стогнаў іхных ад мукараў а ўцісканьнікаў іхных.
19 І бывала, як паміраў судзьдзя, яны зварачаліся й псаваліся гарэй за айцоў сваіх, каб хадзіць за іншымі багамі, каб служыць ім а кланяцца ім. Не заставаліся ад ўчынкаў сваіх і ад упорлівае дарогі свае.
20 І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і сказаў ён: «За тое, што народ гэты выступіў із змовы, каторую Я расказаў бацьком іхным, і ня слухае голасу Майго,
21 Таксама Я ня буду болей выганяць ад іх ні воднага з тых народаў, каторых пакінуў Ігошуа, як паміраў,
22 Каб прабаваць імі Ізраеля, ці будуць яны дзяржацца дарогі СПАДАРОВАЕ і хадзіць ёю, як дзяржаліся бацькі іхныя, ці не».
23 І пакінуў СПАДАР народы гэтыя, каб ня выгнаць іх неўзабаве, і не аддаў іх у рукі Ігошуі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 2 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.