Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 2 Суддзяў 2 раздзел

1 І сышоў Анёл Госпадаў з Галгала ў Бахім і сказаў: «Я вывеў вас з Егіпта і завёў вас у зямлю, якою Я прысягнуў бацькам вашым і паабяцаў ім, каб не парушыць запавету Майго з вамі навекі,
2 толькі так, каб вы не дамаўляліся з жыхарамі гэтай зямлі, а разбурылі іх ахвярнікі. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэта зрабілі?
3 Дзеля таго і Я не буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам путамі, а багі іх — на пагібель».
4 І калі Анёл Госпадаў гаварыў гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраэля, яны закрычалі і заплакалі.
5 І было названа месца тое Бахімa, і яны там склалі ахвяру Госпаду.
6 І адпусціў Ешуа народ, і пайшлі сыны Ізраэля кожны ў спадчыну сваю, каб узяць зямлю.
7 І служылі яны Госпаду ва ўсе дні Ешуа і старэйшын, якія жылі доўга па яго смерці, і бачылі ўсю вялікую справу Госпада, якую ўчыніў Ён для Ізраэля.
8 І памёр Ешуа, сын Нуна, слугі Госпада, маючы сто дзесяць гадоў;
9 і пахавалі яго ў межах спадчыны яго ў Тамнатсары, на гары Эфраім, на паўночным баку гары Гаас,
10 і ўсё тое пакаленне адышло да бацькоў сваіх, і паўстала іншае пакаленне па іх, якое не ведала Госпада і таго, што Ён зрабіў для Ізраэля.
11 Тады пачалі сыны Ізраэля ўчыняць ліха перад абліччам Госпада і служыць Баалам,
12 і пакінулі яны Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і пайшлі за чужымі багамі, за багамі народаў, што жылі навакол іх, і пакланяліся ім, і ўзбуджалі гнеў Госпада,
13 пакідаючы Яго і служачы Баалу і Астарце.
14 Дык разгневаўся Госпад на Ізраэль і аддаў яго ў рукі рабаўнікоў, якія яго рабавалі, і аддаў яго ў рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі выстаяць перад ворагам сваім;
15 але, куды б ні хацелі яны ісці, рука Госпада была над імі на зло, як Госпад казаў і прысягаў ім. І былі яны ў вялікім уціску.
16 Тады паставіў ім Госпад суддзяў, каб яны вызвалялі іх ад рукі крыўдзіцеляў іх;
17 але і суддзяў не хацелі слухаць, паганячыся з чужымі багамі і ім пакланяючыся. Хутка збочылі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іх, якія слухалі настаўленні Госпада, яны ж рабілі ўсё насуперак.
18 І калі Госпад даваў ім суддзяў, Госпад быў з суддзёю, і вызваляў іх ад рук ворагаў іх праз увесь час суддзі, бо Госпад змякчаўся міласэрнасцю і чуў стогны няшчасных.
19 Калі ж паміраў суддзя, яны адварочваліся і ўчынялі горшыя злачынствы, чым бацькі іх, ідучы за чужымі багамі, служачы ім і пакланяючыся ім: не кідалі яны ўчынкаў сваіх і вельмі небяспечную дарогу, па якой прывыклі хадзіць.
20 І ўзгарэўся гнеў Госпада на Ізраэля, і Ён сказаў: «За тое, што гэта пакаленне парушыла запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іх, і пагардзілі яны голасам Маім,
21 Я не выганю перад імі паганаў, якіх пакінуў Ешуа, калі памёр,
22 каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, ці будзе ён пільнаваць дарогу Госпадаву і хадзіць па ёй, як пільнавалі бацькі яго, ці не».
23 Дык пакінуў Госпад гэтыя народы, і не захацеў зараз жа выганяць іх, і не аддаў іх у рукі Ешуа.

Зноскі:

5 a: «Месца тых, хто плача».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.