Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 19 Суддзяў 19 раздзел

1 У тыя дні не было яшчэ цара ў Ізраэлі. Быў жа нейкі левіт, які, як чужаземец, жыў на ўзбоччы гары Эфраім і меў за жонку наложніцу з Бэтлехэма Юдэйскага.
2 Яна, з ім пасварыўшыся, вярнулася ў дом бацькі свайго ў Бэтлехэм і заставалася ў яго чатыры месяцы.
3 І пайшоў за ёю муж яе, жадаючы прамовіць да сэрца яе і вывезці яе з сабою, маючы з сабой паслугача і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі цесць убачыў яго, ён, узрадаваўшыся, выйшаў яму насустрач
4 і затрымаў там гэтага чалавека. І заставаўся зяць у доме цесця тры дні, снедаючы з ім і па-сяброўску выпіваючы.
5 А чацвёртага дня, калі ён устаў уночы і пажадаў адправіцца, цесць сказаў яму: «Пакаштуй спярша троху хлеба, умацуй сэрца сваё, а потым пойдзеш у дарогу».
6 І зноў сядзелі яны разам абодва, і елі, і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, каб ты сёння пабыў тут, і хай павесялімся разам».
7 Але ён, устаўшы, пачаў збірацца ісці. Але ўсё адно, усімі сіламі цесць затрымліваў яго і прымусіў яго застацца ў сябе.
8 Калі ж настала раніца пятага дня, левіт сабраўся ў дарогу, але цесць зноў кажа яму: «Прашу цябе, каб умацаваў ты сэрца сваё». І марудзілі да канца дня; і абодва частаваліся разам.
9 І ўстаў той юнак, каб разам з жонкай сваёй і паслугачом адпраўляцца. Цесць, бацька жанчыны, зноў сказаў яму: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар; застаньцеся ў мяне таксама і сёння, пераначуй тут і будзь у добрым настроі, а заўтра раніцай адправіцеся, каб вярнуцца ў дом свой».
10 Але зяць не паддаўся на яго ўгаворы, і зараз жа адправіўся, і прыбыў у Евус, гэта значыць у Ерузалім, ведучы з сабой двух наўючаных аслоў і наложніцу.
11 І ўжо былі яны каля Евуса, і дзень ператвараўся ў ноч; і кажа паслугач гаспадару свайму: «Хадзем, прашу, звернем у горад евусеяў і затрымаемся там».
12 Яму адказаў гаспадар: «Не, не пойдзем у горад чужога народа, бо ён не з сыноў Ізраэля, але пройдзем да Габы».
13 І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабяромся да адной з мясцовасцей, і пераначуем у Габе або ў Раме».
14 І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу; і зайшло ім сонца каля Габы, што належыць пакаленню Бэньяміна.
15 І завярнулі яны туды, каб там пераначаваць; калі туды ўвайшлі, сядзелі яны на плошчы горада і ніхто не хацеў узяць іх на пастой.
16 І вось, з’явіўся стары чалавек, што вяртаўся вечарам са сваёй працы ў полі; ён і сам быў з гары Эфраім і як чужынец жыў у Габе; а ў той мясцовасці людзі былі з пакалення Бэньяміна.
17 І, падняўшы вочы, убачыў стары падарожнага чалавека, што сядзеў на гарадской плошчы, і спытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў і куды ідзеш?»
18 Той адказаў яму: «Адправіліся мы з Бэтлехэма Юдэйскага і вяртаемся ў сваю мясцовасць, што на ўзбоччы гары Эфраім, адкуль пайшоў я ў Бэтлехэм. А цяпер іду я да дому свайго, і ніхто не хоча прыняць мяне пад дах свой,
19 а я маю салому і корм для аслоў нашых, а хлеб і віно для сваіх спадарожнікаў: для ўжывання паслугачкі тваёй і гэтага маладога чалавека, які ідзе разам з паслугачом тваім; нічога не патрабуем, акрамя пастою».
20 Стары яму адказаў: «Будзь у супакоі! Я дам табе ўсё, што патрэбна; толькі, калі ласка, не начуй на плошчы».
21 І завёў яго ў дом свой, і даў мяшанку аслам, і, пасля таго як памыў ногі свае, прыняў іх на пачастунак.
22 Калі яны балявалі з вясёлым сэрцам, прыбылі мужчыны горада таго, сыны Бэліяла, і, абкружыўшы дом старога, пачалі грукаць у дзверы, крычучы і кажучы гаспадару дома: «Выведзі мужчыну, які ўвайшоў у дом твой, каб мы скарысталі яго».
23 І выйшаў да іх стары і казаў: «Не, браты, не рабіце гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госці, і не рабіце гэтае дурасці.
24 Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу: выведу іх да вас, каб зняважылі іх і зрабілі з імі, што вам падабаецца; толькі, прашу, чалавеку гэтаму не рабіце знявагі».
25 Яны не хацелі слухаць словы яго; бачачы гэта, узяў той чалавек і вывеў да іх сваю наложніцу: і яны скарысталі яе і гвалтавалі яе ўсю ноч, а раніцай адпусцілі яе.
26 І жанчына, калі адступіла цемра, дайшла да брамы дома, дзе заставаўся гаспадар яе, і там упала.
27 Раніцай устаў чалавек і адчыніў браму, каб прадоўжыць пачатую дарогу; і вось, наложніца яго ляжыць перад брамаю, раскінуўшы рукі на парозе.
28 Ён ёй сказаў: «Уставай, пойдзем». Калі яна нічога не адказала, ён, зразумеўшы, што яна нежывая, узяў яе і паклаў на асла; і вярнуўся ў дом свой.
29 Калі ўвайшоў у дом, схапіў ён меч і, пасекшы цела жонкі разам з косткамі на дванаццаць частак, кускі разаслаў па ўсіх межах Ізраэля.
30 Кожны, бачачы гэта, крычаў: «Ніколі такога не было і не бачана нічога падобнага ў Ізраэлі ад таго дня, у які бацькі нашы выйшлі з Егіпта, па цяперашні час!» Бо загадаў ён мужчынам, якіх паслаў, кажучы: «Вось што скажыце кожнаму ізраэльцу: “Ці зроблена было што-небудзь падобнае з дня, калі выйшлі сыны Ізраэля з зямлі Егіпта аж па цяперашні час?” Звярніце ўвагу на гэта, парайцеся і скажыце, што рабіць».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.