Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 Яна 2 1-е пасланне Яна 2 раздзел

1 Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом Езуса Хрыста справядлівага.
2 Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
Даўняя і новая запаведзь любові бліжняга

3 Па тым даведваемся, што мы пазналі Яго, калі захоўваем Ягоныя запаведзі.
4 Хто кажа: «Я ведаю Яго», а не захоўвае Ягоныя запаведзі, той ілгун і няма ў ім праўды.
5 А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; па гэтым пазнаем, што мы ў Ім.
6 Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў.
7 Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі.
8 Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо знікае цемра і яснее ўжо праўдзівае святло.
9 Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць свайго брата, той яшчэ ў цемры.
10 Хто любіць свайго брата, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы.
11 А хто ненавідзіць свайго брата, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.
Хрысціяне і свет

12 Пішу вам, дзеці, бо адпушчаны вам грахі дзеля імя Ягонага.
13 Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога.
14 Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.
15 Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.
16 Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету.
17 І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.
Апошняя гадзіна — час антыхрыстаў

18 Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна.
19 Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі. Але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас.
20 Вы ж маеце намашчэнне ад Святога і ўсё ведаеце.
21 Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсялякі фальш не ад праўды.
22 Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына.
23 Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца.
24 Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас. Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу.
25 Абяцанне ж, якое Ён нам даў, гэта вечнае жыццё.
26 Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас.
27 А намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.
Заклік да вытрываласці

28 Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця.
29 Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто чыніць справядлівасць, народжаны ад Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першае пасланне святога Яна, 2 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

1 Яна 2 раздзел в переводах:
1 Яна 2 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.