Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 да Карынцянаў 7 1-е пасланне да Карынцянаў 7 раздзел

СПРАВЫ КАСЦЁЛА

Хрысціянскае сужэнства

1 Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны.
2 Але, каб пазбегнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
3 Муж няхай выконвае свой абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа.
4 Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка.
5 Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на нейкі час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз вашую няўстрыманасць.
6 Кажу гэта як параду, а не як загад.
7 Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Нежанатыя і справа разводу

8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я,
9 але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць пажадлівасцю.
10 Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа.
11 Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца са сваім мужам. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.
12 Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе.
13 Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго,
14 бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя.
15 Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан.
16 Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?
Вернасць пакліканню

17 Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, да чаго кожнага паклікаў Пан. Так я загадваю па ўсіх Касцёлах.
18 Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца!
19 Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але лічыцца выкананне Божых запаведзяў.
20 Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы.
21 Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага!
22 Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста.
23 Вы куплены дарагой цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей.
24 Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.
Дзявоцтва

25 Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу.
26 Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім.
27 Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе.
28 Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас.
29 Я кажу вам, браты, што час кароткі.
30 Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае.
31 І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.
32 Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану.
33 А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы,
34 і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу.
35 Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы дастойна і вытрывала служылі Пану.
36 Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць. Няхай жэняцца.
37 Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра.
38 Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.
Удовы

39 Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану.
40 Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першае пасланне да Карынцянаў, 7 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

1 да Карынцянаў 7 раздзел в переводах:
1 да Карынцянаў 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.