Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Карынцянаў 7 1-ы ліст да Карынцянаў 7 раздзел

1 Адносна таго, што вы пісалі мне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны.
2 Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.
3 Хай муж аддае належную любасць жонцы, падобна і жонка мужу.
4 Жонка не мае ўлады над сваім целам, але муж. Гэтак сама і муж не мае ўлады над сваім целам, але жонка.
5 Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысвяціць сябе посту і малітве, і потым зноў будзьце разам, каб шатан не спакушаў вас праз няўстрыманасць вашу.
6 Кажу гэта як параду, а не як загад.
7 Бо жадаю, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой уласны дар ад Бога: адзін так, адзін інакш.
8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім заставацца так, як я.
9 Калі ж не змогуць устрымлівацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
10 Тым жа, што жывуць у шлюбе, загадваю не я, але Госпад, каб жонка не разлучалася з мужам.
11 Калі ж, аднак, разлучыцца, хай застаецца незамужняй або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.
12 Іншым жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.
13 Таксама і жонка, якая мае бязвернага мужа і калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае яго.
14 Бо бязверны муж асвячаецца ў жонцы, а бязверная жонка асвячаецца ў мужу. Інакш вашы дзеці былі б нячыстымі, а цяпер — святыя.
15 А калі бязверны хоча разлучыцца, хай разлучаецца. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не прынявольваюцца. Да згоды паклікаў нас Госпад.
16 Адкуль, дарэчы, можаш ведаць, жонка, ці не збавіш свайго мужа? Або адкуль ведаеш, муж, ці не збавіш сваю жонку?
17 Няхай бы кожны жыў так, як Бог яму прызначыў ды да чаго паклікаў Госпад; і гэтак я загадваю ва ўсіх цэрквах.
18 Пакліканы хтосьці як абрэзаны? Хай не хавае абразання! Пакліканы хтосьці як неабрэзаны? Хай не абразаецца.
19 Абразанне ёсць нішто, і неабразанне ёсць нішто, але важна выкананне прыказанняў Божых.
20 Дык хай кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у такім і застаецца.
21 Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся!
22 Бо, хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, той нявольнік Хрыстоў!
23 Вялікаю цаною вы здабыты! Дык не будзьце нявольнікамі людзей.
24 Браты, хай кожны трывае перад Богам у тым, у чым быў пакліканы.
25 Што да дзявоцтва, загаду Госпада не маю, але даю параду як той, хто атрымаў ласку ад Бога быць дастойным веры.
26 Дзеля надыходзячых патрэб за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.
27 Ты жанаты? Не шукай разводу! Ты без жонкі? Не шукай жонкі.
28 Калі ж ажэнішся, не зграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія, аднак, будуць мець клопаты паводле цела, а я вас шкадую.
29 Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонак, жылі, як быццам не маюць;
30 і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што цешацца, як бы не цешацца, і тыя, што набываюць, быццам не набываюць,
31 і тыя, што карыстаюцца гэтым светам, як бы не карыстаюцца. Бо праходзіць вобраз гэтага свету.
32 Хачу, каб вы былі без клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра Госпада, як падабацца Госпаду.
33 А хто жанаты, рупіцца пра [справы] свету, як падабацца жонцы.
34 Ёсць розніца паміж жонкай і дзяўчынай: незамужняя рупіцца пра Госпада, каб быць святой і целам, і духам; а якая замужам, рупіцца аб свеце, як падабацца мужу.
35 Кажу гэта на вашу карысць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і бесперапынна былі пры Госпадзе, не азіраючыся.
36 Калі хто, аднак, лічыць ганебным адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзяць замуж.
37 А калі хто-небудзь, цвёрды ў сэрцы сваім, не маючы неабходнасці, мае, тым не менш, уладу над воляй сваёй, так пастановіць і вырашыць у сэрцы сваім захаваць дзяўчыну сваю, — добра робіць.
38 Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.
39 Жонка звязана законам, пакуль яе муж жыве, а як муж яе памрэ, можа выйсці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.
40 Шчаснейшая, аднак, будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што і я таксама маю Духа Божага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першы ліст да Карынцянаў, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

1 да Карынцянаў 7 раздзел, слухаць:
1 да Карынцянаў 7 раздзел в переводах:
1 да Карынцянаў 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.