Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Карынцянаў 14 1-ы ліст да Карынцянаў 14 раздзел

1 Імкніцеся да любові, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, каб праракаваць.
2 Бо хто гаворыць мовамі, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.
3 Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на збудаванне, і для заахвоты, і для суцяшэння.
4 Хто гаворыць мовамі, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.
5 Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба пры тым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне.
6 Цяпер жа, браты, калі прыйду да вас, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.
7 Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?
8 Калі гэтак труба падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?
9 Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!
10 Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная з іх не без голасу.
11 Калі я, аднак, не буду разумець значэння слоў, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.
12 Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца ім для пабудовы царквы.
13 Таму: хто гаворыць мовамі, хай моліцца, каб патлумачыць.
14 Калі я малюся мовамі, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.
15 Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
16 Дарэчы, калі ты будзеш дабраслаўляць у духу, як жа на тваё дабраславенне скажа «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?
17 Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.
18 Дзякую Богу майму, што я больш за вас усіх гавару мовамі.
19 Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.
20 Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.
21 У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і вуснамі іншымі, але яны і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Госпад.
22 Дык вось, мовы ёсць знак не для веруючых, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для веруючых.
23 Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?
24 А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,
25 і гэтак тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»
26 Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мовы, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.
27 Калі хто гаворыць мовамі, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.
28 А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.
29 Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.
30 Калі ж каму іншаму з тых, што сядзяць, будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.
31 Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.
32 І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
33 бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,
34 жанчыны вашы ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.
35 Калі яны хочуць нечаму навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчынам прамаўляць у царкве.
36 Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?
37 Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загады Госпада.
38 А калі хто гэтага не разумее, хай не разумее.
39 Так, вось, браты, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.
40 Хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першы ліст да Карынцянаў, 14 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

1 да Карынцянаў 14 раздзел, слухаць:
1 да Карынцянаў 14 раздзел в переводах:
1 да Карынцянаў 14 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.