Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 да Карыньцянаў 14 Першае да Карыньцянаў 14 раздзел

1 Рупцеся аб любоў; старайцеся аб духоўнае, асабліва-ж аб тое, каб прарочыць.
2 Бо, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу; бо ніхто ня чуе, і ён таёмнае духам гаворыць.
3 А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і напамінаньне, і пацяшэньне.
4 Хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, збудоўвае сябе́; а хто прарочыць, царкву будуе.
5 Хачу, каб вы ўсе́ гаварылі мовамі, але ле́пей, каб вы прарочылі, бо, хто прарочыць, той дасканальшы за таго, хто гаво́рыць мовамі, хіба ён пры тым будзе і тлумачыць, каб царква ўзяла збудаваньне.
6 Цяпе́р, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду прамаўляць да вас ці адкрыцьцем, ці ве́даю, ці прароцтвам, ці навукаю?
7 Бо і бяздушныя, што голас даюць, ці то жале́йка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзе́льнасьці гукаў, дык як распазнаць, што́ йграюць на жале́йцы, ці на гусьлях?
8 І, калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто пачне́ рыхтавацца да бітвы?
9 Гэтак і вы, калі языком даецё незразуме́лыя словы, дык як пазна́юць, што́ вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на ве́цер.
10 Колькі, прыкладам, розных слоў на сьве́це, і ніводнага з іх няма бяз голасу;
11 але, калі я не разуме́ю значэньня голасу, дык буду чужаком таму, хто гаворыць, і для мяне́ чужак, хто гаворыць.
12 Гэтак і вы, калі рупіцеся аб дары духоўныя, старайцеся збагаце́ць імі дзеля збудаваньня царквы.
13 А дзеля гэтага, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, няхай моліцца аб дар тлумачэньня.
14 Бо, калі я малюся ў незнаёмай мове, дык дух мой моліцца, але розум мой астае́цца бясплодным.
15 Дык што-ж? Буду маліцца духам, буду маліцца розумам; буду пяяць духам, буду пяяць і розумам.
16 Бо, калі ты будзеш багаславіць духам, дык як той, хто стаіць на ме́сцы няўчонага, скажа амін на тваё дзякаваньне? Бо ён не разуме́е, што́ ты гаворыш.
17 Ты хораша дзякуеш, але другі ня збудоўваецца.
18 Дзякую майму Богу, што бале́й за ўсіх вас гавару мовамі;
19 але ў царкве́ хачу ле́пей сказаць пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым мірыяды слоў у (незнаёмай) мове.
20 Браты! ня будзьце дзяцьмі разуме́ньнем: на благое будзьце дзяцьмі, а розумам будзьце дасьпе́лымі.
21 У законе напісана: іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але й тагды не паслухаюць Мяне́, кажа Госпад (Ісая 28:11−12).
22 Гэтак мовы ёсьць на знак не для ве́руючых, але для няве́руючых; прароцтва-ж не для няве́руючых, але для ве́руючых.
23 Дык, калі ўся царква́ зыдзецца разам, і ўсе́ пачнуць гаварыць (незнаёмымі) мовамі, уво́йдуць-жа да вас няве́даючыя ці няверуючыя, — дык ці ня скажуць, што вы шалёныя?
24 Калі-ж усе́ прарочаць, і ўвойдзе хто няве́руючы ці няве́даючы, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
25 і гэтак тайны сэрца яго выяўляюцца, і гэтак ён, упаўшы тварам, паклоніцца Богу, кажучы: Запраўды, з вамі Бог!
26 Дык што-ж, браты? Калі вы сходзіцеся, дык кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае мову, мае адкрыцьце, мае тлумачэньне; усе гэтае няхай будзе на збудаваньне.
27 Калі-ж хто гаворыць (незнаёмай) мовай, гаварыце падвое, ці найбольш патрое, ды пачародзе; адзін жа тлума́ч.
28 Калі-ж няма тлумача́, няхай маўчыць у царкве́, а гаворыць сабе́ і Богу.
29 І прарокі няхай гавораць двое ці трое, рэшта-ж няхай разважаюць;
30 калі-ж другому з се́дзячых будзе адкрыцьце, дык пе́ршы няхай маўчыць.
31 Бо ўсе́ адзін за адным можаце прарочыць, каб усе́ павучаліся і ўсе́ пацяша́ны былі.
32 І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
33 бо Бог ня есьць (Бог) бязладзьдзя, але супакою, як па ўсіх цэрквах у сьвятых.
34 Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб карыліся, як і закон кажа (Быцьцё 3:16).
35 Калі-ж хочуць чаго навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх; бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве́.
36 Ці-ж ад вас выйшла слова Божае? або ці да вас адных дасягла?
37 Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай разуме́е, што тое, што я пішу вам, ёсьць за́паведзі Госпада;
38 а хто не разуме́е, няхай не́ разумее.
39 Гэтак, браты, старайцеся прарочыць, дый не забараняйце гаварыць мовамі.
40 Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першае Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 14 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

1 да Карыньцянаў 14 раздзел в переводах:
1 да Карыньцянаў 14 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.