Калосы — старажытны горад у Малой Азіі, б. Фрыгіі. У той час, калі сьв. Павал навучаў у Эфезе, яго вучань Эпафрас аснаваў парафію ў Калосах. Гэта парафія складалася ў большасьці з паганаў, але было ў ёй крыху і жыдоў. Умяшаліся ў яе прыблуды з юдаізму, якія вучылі, што трэба трымацца закона Мойжашавага, гэта значыць адносна ежы, шабату, абразаньня і іншага. Прыбаўлялі пры гэтым і прымешкі з паганскай веры, з рэлігіі Мітры (персіянскай), культ анёлаў.
Эпафраз, знайшоўшы Апостала ў Рыме ў вязьніцы, расказаў яму аб усім і добрым, і благім у Калосах. Гэта было прычынай, што Апостал піша Каласьянам. Тут ён, між іншым, даказвае вышэйшасьць Асобы Госпада Хрыста ад анёлаў і дасканаласьць Яго збаўчае дзейнасьці. У некаторых пунктах пісьмо да Каласьян супадае з яго пісьмом да Эфезцаў. Ня дзіва, бо пісаны яны з таго самага месца і ў тым самым 63 годзе. Аўтэнтычнасьць пацьвярджаюць і Касьцёл, і Айцы Касьцёла.
Дагматычна-палемічная (1:15 — 2:23).
Паранетычная (3:1 — 4:6).
Прывітаньні ад супрацоўнікаў Паўлавых і апошнія паручэньні (4:7−18).