Тры пісьмы сьв. Паўла, гэта зн: два да Цімафея і адзін да Ціта, спаміж усіх чатырнаццаці, называюцца пастырскімі, бо маюць спецыяльны характар. У іх апісвае апастол правы і абавязкі душпастыраў. Хоць яны адрасаваны двум біскупам, адносяцца да ўсіх духоўнікаў. Жыды, абжытыя ў М. Азіі, розьніліся ад жыдоў Палестынскіх, якія былі больш фармалістычнымі, рыгарыстычнымі і больш абмежаванымі. Малаазійцы былі людзьмі шчырымі, прастадушнымі, лягчэйшымі на прыняцьце веры Хрыстовай. Некаторыя з іх не прытрымліваліся нават закона аб абразаньні.
З такой сям'ёй пазнаёміўся ў г. Лістыі сьв. Павал у час першага свайго падарожжа. У сям'і была набожная хрысьціянка, раней жыдоўка, бабуля, яе дачка і ўнук Цімафей. Бацька яго быў паганін. Спрытны, здольны і шчыры юнак Цімафей спадабаўся сьв. Паўлу, і ў час другога свайго місійнага падарожжа ўзяў ён яго сваім сакратаром, пасьля высьвяціў яго на сьвятара і паручаў яму часта адказныя абавязкі візітаваньня паасобных касьцёлаў. З часам кансекруе яго на біскупа і пакідае на адказнай пляцоўцы ў Эфезе. Яго імя часта сустракаецца ў пісьмах сьв. Паўла.
Пісьмо да Цімафея напісаў сьв. Павал каля 66 года ужо пасля звальнення з Рымскай вязьніцы і вяртаньня з Гішпаніі, калі другі раз візітаваў касьцёлы ў М. Азіі па дарозе ў Рым з Мацэдоніі. Повадам было жаданьне павучыць і падбадзёрыць маладога біскупа Эфезу ў цяжкіх умовах яго працы. Мала ў яго спраў дагматычных, а больш практычных павучэньняў. З іх мы пазнаём тагачасныя касьцёльныя парадкі, герархію і ўзаемную залежнасьць.
Адрас пісьма і прывітаньні (1:1−2)