1 Нявольнікі, якія знаходзяцца пад уладаю, няхай лічаць сваіх паноў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не падпалі зьнявазе.
2 Якія маюць паноў веруючых, няхай іх не зьневажаюць, хоць яны і братамі зьяўляюцца, але няхай служаць ім, бо яны веруючыя і ўмілаваныя і спрыяюць ім. Вучы гэтаму і панукай!
3 Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Езуса Хрыстуса і Ягонай навукі,
4 той ганарлівец, ігнарант, нічога не разумее, але мае схільнасьць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць ненавісьць,звадкі, блюзьнерствы, ліхія падазрэньні,
5 пустыя спрэчкі між людзьмі тупых галоў, пазбаўленых праўды і думаючых, што набожнасьць можа быць крыніцай узбагачэньня.
6 Але вялікім набыткам зьяўляецца набожнасьць і заспакаеньне сябе на малым.
7 Нічога бо мы не прынесьлі на гэты сьвет, і нічога, як вядома, ня вынесем.
8 Маючы ж ежу і ў ва што апрануцца, будзьма гэтым задаволены.
9 А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў д'ябальскую пятлю ды ў многія бескарысныя похаці, а то і шкодныя, якія топяць людзей у бяздоньні загубы.
10 Коранем бо ўсякіх няшчасьцяў зьяўляецца сквапнасьць, за якой гонячыся, некаторыя адпалі ад веры і мучацца вялікімі пакутамі.
11 А ты, чалавеча Божы, высьцерагайся гэтага. Шукай справядлівасьці, набожнасьці, веры, міласьці, цярплівасьці, ласкавасьці.
12 Ваюй добрым змаганьнем за веру, здабудзь жыцьцё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты высказаўся добрым пасьведчаньнем перад шматлікімі сьведкамі.
13 Прыказваю табе перад Богам, які ажыўляе ўсё, у прысутнасьці Езуса Хрыстуса, які даў добрае пасьведчаньне і доказ пры Понцкім Пілаце,
14 споўні загад беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Езуса Хрыстуса,
15 Яго выявіць у свой час Праслаўлены і адзіна Магутны Валадар валадароў і Госпад валодаючых,
16 Які сам адзін мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці недаступнай, Якога ніхто з людзей ня бачыў і відзець ня можа, Яму чэсьць і валоданьне вечнае. Аман.
17 Багачам гэтага сьвету загадвай, каб лішне высока пра сябе нея думалі і не пакладалі надзеі на нястойкім багацьці, але спадзяваліся на Бога жывога, які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцьця.
18 Каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся з іншымі,
19 сабіралі сабе багацьце-фундамент на будачае, на атрыманьне жыцьця вечнага.
20 О, Цімафею, беражы дэпазыт веры, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых асноў уяўнай навукі, прыхільнікі якой страцілі веру. Ласка з табою. Аман.