1 Вернае слова: Калі хто пажадае біскупства — добрай справы хоча.
2 Біскупу належыцца быць беззаганным, мужу аднае жонкі, цьвярозым, растаропным, чэсным, сьціплым, гасьцінным, здольным вучыць,
3 не п'яніцаю, не задзіраю, але далікатным, ня спрэчнікам, не сквапным ( на грошы),
4 але добрым гаспадаром уласнага дому, маючым паслухмяных дзяцей у ва ўсякай сьціпласьці.
5 Калі ж хто ня можа кіраваць сваім домам, як жа будзе мець стараньне аб касьцёле Божым?
6 Біскупам ня можа быць нованарачэнец (неафіт), каб не ўзьбіўся ў пыху і не папаўся на суд шатанскі.
7 Яму належыць мець добрае пасьведчаньне ад акружаючых, каб ня быў у пагарджэньні і ня трапіў у пастку шатана.
8 Таксама і дыяканы павінны быць паважныя, не двухязычныя, не за шмат віна ўжываючыя, ня сквапныя да лішняй нажывы,
9 хаваючыя таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
10 Яны павінны быць перш праверанымі, і так няхай служаць службу ня маючы ніякага за сабой праступка.
11 Падобна і жанчыны — паважныя, не абмоўныя, цьвярозыя, давераныя ва ўсім.
12 Дыяканы раз толькі жанатыя, якія добра выхоўваюць дзяцей сваіх і кіруюць сваімі дамамі.
13 Тыя, што добра выпаўняюць служэньне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасьць веры, якая ёсьць у Езусе Хрыстусе.
14 Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
15 Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які зьяўляецца сьвятыняй Жывога Бога, стаўбом і асновай веры.
16 Ды ясная рэч — вялікая таямніца веры. Ён (Хрыстус) аб'явіўся ў Целе, пасьведчаны Духам, паказаўся Анёлам, прадсказаны паганам, верны ў сьвеце, узяты ў хвале.