1 На канец, браты, малецеся за нас, каб слова Божае пашыраласяі расслаўлялася, як і ў вас,
2 каб мы ўсьцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо не ўсе маюць веру.
3 Верных жа вас Госпад умацуе і ўхавае ад ліха.
4 Што да вас маем давер у Госпадзе, што вам мы загадаем, тое і рабіце, і будзеце рабіць.
5 Хай жа Госпад кіруе сэрцамі вашымі да міласьці Божай і Хрыстовай цярплівасьці.
6 Паведамляем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса, высьцерагайцеся ўсякага брата, паступаючага не талкова і не паводле традыцыі, якую атрымалі вы ад нас.
7 Самі бо ведаеце, як належыць насьледваць нас, мы пражывалі паміж вас спакойна
8 ды дарма нічыйго хлеба ня елі, але днём і ноччу працуючы, нікому з вас ня сталі цяжарам.
9 Не дзеля таго, што ня мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для насьлядоўніцтва нас.
10 Вось, калі мы былі ў вас, гэта вам і даказвалі: хто ня хоча працаваць, хай і ня есьць.
11 Чулі бо, што ёсьць некаторыя паміж вамі, што прахаджаюцца лодырамі, нічога не працуюць, толькі бадзяюцца.
12 Такім вось, што так жывуць, прыказваем і запрысягаем у Госпадзе Езусе Хрыстусе, каб спакойна працуючы свой уласны хлеб елі.
13 Вы ж, браты, не спыняйцеся дабро рабіць.
14 Калі хто часам не паслухае слоў пісьма нашага, такога прыкмецьце ды не сябруйце з такім для засарамленьня.
15 Алі не ўважайце яго за ворага, а сварыцеся як на брата.
16 Хай жа Сам Госпад супакою дасьць вам успакаеньне вечнае на ўсякім месцы. Успамагай іх, Госпадзе, усюды ўсіх.
17 Прывітаньне маёю Паўлаваю рукою. Гэта знак у кожным пісьме; так пішу.
18 Ласка Госпада нашага Езуса Хрыстуса з усімі вамі. Аман.