1 Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выпаўняць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,
2 нікога не абмаўляць, ня быць сварлівымі, але памяркоўнымі, выяўляць да ўсіх людзей ласкавасьць.
3 Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажаданьням і ўсякім прыхацям, кіраваліся злосьцю і зайздрасьцю, былі ненавісьнікамі, ненавідзячымі адны другіх.
4 Калі ж зьявілася спагаднасьць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,
5 дык не дзеля ўчынкаў справядлівасьці, якія мы даканалі, але праз міласэрдзе сваё Ён збавіў нас купальняй адраджэньня і аднаўленьня Духам Сьвятым,
6 якога выліў на нас багата праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага,
7 каб мы, апраўданыя ласкай Ягонаю, сталіся спадкаемцамі надзеі жыцьця вечнага.
8 Вернае слова, і хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся перш добрымі ўчынкамі гэта давесьці. Гэта добра і карысна людзям.
9 Дурных жа пытаньняў, радаводаў, спрэчак і змаганьняў наконт закону пазьбягай, бо яны некарысныя і пустыя.
10 Герэтыка пасьля першай і другой перасьцярогі абмінай,
11 ведаючы, што такі распусьціўся і грашыць, сам сябе асуджаючы.
12 Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікаполь, бо там вырашыў я зімаваць.
13 Зэна, законаведа, і Апалёса старана забясьпеч, каб усяго ім хапала.
14 Хай навучацца і нашыя быць першымі добрымі дзеяньнямі ў пільных патрэбах, каб не былі яны бясплоднымі.
15 Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі!