1 Дзеля гэтай справы я, Паўла, — вязень Хрыстовы дзеля вас, паганаў.
2 Хіба чулі вы аб распарадкаванні ласкі Божай, што дадзена мне адносна вас,
3 што праз аб’яўленне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў.
4 Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыстовай.
5 Не была яна абвешчана сынам чалавечым у іншых пакаленнях, як цяпер аб’яўлена святым апосталам Яго і прарокам у Духу,
6 што пагане маюць быць спадкаемцамі, і членамі, і ўдзельнікамі абяцанняў у Хрысце Ісусе праз Евангелле,
7 слугой якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне паводле дзеяння магутнасці Яго.
8 Мне, найменшаму з усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацці Хрыстовым
9 і выясніць усім, як павінна здзейсніцца гэтая таямніца, скрытая ад вякоў у Богу, Які ўсё стварыў,
10 каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасць Божая
11 паводле адвечнай пастановы, што ўчыніў Ён у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым,
12 у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго.
13 Таму вось прашу вас, не падайце духам з-за турботаў маіх пра вас, якія ёсць славай вашай.
14 Дзеля гэтай справы схіляю калені мае перад Айцом,
15 ад Якога называецца ўсякае айцоўства на небе і на зямлі,
16 каб даў вам паводле багацця славы Сваёй умацавацца сілай праз Духа Яго ва ўнутраным чалавеку,
17 каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові,
18 разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня,
19 а таксама пазнаць любоў Хрыстову, найвышэйшае веданне, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Божаю.
20 А Таму, Які можа многа больш зрабіць, чым усё, што мы просім або разумеем, магутнасцю, якая дзейнічае ў нас,
21 Яму хвала ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя. Амін.