1 І прамовіў Госпад Ёву ў адказ:
2 «Ці спрачаецца супраціўнік з Усемагутным? Хто вінаваціць Бога, павінен адказаць на гэтыя пытанні».
3 Ёў жа адказаў Госпаду:
4 «Вось, я неразумна гаварыў, што магу Табе адказаць? Я кладу руку сваю на вусны свае.
5 Раз я гаварыў — і гэтага не паўтару, і другі раз, але да гэтага нічога не дадам».
6 І адказваючы, Госпад з віхуры сказаў Ёву:
7 «Як мужчына, падпаяшы сцёгны свае. Я буду ў цябе пытацца, а ты тлумач Мне.
8 Ці хочаш ты абвергнуць суд Мой і асудзіш Мяне, каб сябе апраўдаць?
9 І ці ты маеш плячо, як Бог, і калі ты падобным голасам грыміш, як Ён,
10 атачы сябе прыгажосцю і веліччу і адзенься ў славу і прыгажосць.
11 Пралі абурэнне гневу Свайго і, паглядзеўшы на кожнага ганарлівага, упакор [яго].
12 Глянь на ўсіх пыхліўцаў, і асаром іх, і выгубі бязбожных на іх месцах.
13 Схавай іх разам у пыле і твары іх закрый цемраю.
14 Тады Я прызнаю, што правая рука твая можа збавіць цябе.
15 Вось бегемот, якога Я стварыў разам з табою; і есць ён сена, як вол.
16 Сіла яго ў сцёгнах яго, а дужасць яго ў пупку жывата яго.
17 Круціць хвастом сваім, як кедрам, жылы сцёгнаў яго моцна сплецены.
18 Косці яго — як медныя трубы, і храшчы яго — як пруты жалезныя.
19 Ён ёсць пачаткам шляхоў Божых. [Толькі] Той, Хто стварыў яго, можа паднесці [да яго] меч.
20 Горы прыносяць яму ежу, усе звяры дзікія там гуляюць.
21 Ён спіць у рошчах лотасу, у сховах трыснягу і ў балоцістых мясцінах.
22 Рошчы лотасаў распасціраюць над ім цень, атачаюць яго вербы пры ручаю.
23 Калі рака ўздымаецца, ён не баіцца; ён бяспечны, нават калі вада даходзіць да пашчы.
24 Хто можа захапіць яго на вачах яго ці пракалоць яму ноздры калом?
25 Ці зможаш ты Левіятана выцягнуць кручком і вяроўкаю ці схопіш яго за язык?
26 Ці ўкладзеш ты трысціну ў яго ноздры або ці праколеш сківіцу яго цярнінаю?
27 Ці будзе ён дужа прасіць цябе або гаварыць да цябе ласкава?
28 Ці заключыць ён з табою запавет і ты возьмеш яго на вечную службу?
29 Ці пагуляеш ты з ім, як з птушкаю, або прывяжаш яго для сваіх дачок?
30 Ці загледзяцца на яго сябры, ці падзеляць яго купцы?
31 Ці праб’еш ты скуру яго стрэламі, а галаву яго — рыбацкай астрогаю?
32 Пакладзі на яго сваю руку, і памятай пра бітву: і больш не будзеш.