Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 15 2-я Самуэля 15 раздзел

1 Пасля таго Абсалом справіў сабе калясніцы, і коней, і пяцьдзесят мужчын, якія хадзілі перад ім.
2 І, устаўшы рана, Абсалом станавіўся каля дарогі, што вяла да брамы; і кожнага чалавека, хто з якой справай звяртаўся да цара на суд, клікаў Абсалом да сябе і пытаў: «З якога ты горада?» Той, адказваючы, гаварыў: «Паслугач твой з такога і такога пакалення Ізраэля».
3 І Абсалом казаў яму: «Глядзі, размовы твае добрыя і справядлівыя, але ў цара ты не знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».
4 І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў суддзёю зямлі, каб прыходзілі да мяне ўсе, што маюць вырашаць справы, і каб я судзіў іх па справядлівасці?»
5 Але і калі падыходзіў да яго чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў сваю руку і, беручы яго, цалаваў яго.
6 І рабіў ён так з кожным ізраэльцам, які прыходзіў на суд, каб выслухаў яго цар, і здабываў сэрцы ізраэльцаў.
7 Па чатырох гадах сказаў Абсалом цару: «Пайду, прашу цябе, я ў Геброн і споўню мае абяцанні, што я абяцаў Госпаду.
8 Бо калі паслугач твой быў у Гэсуры Сірыйскім, ён даў абяцанне, кажучы: “Калі верне мяне Госпад назад у Ерузалім, складу Госпаду ахвяру”».
9 І сказаў яму цар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Геброн.
10 І паслаў Абсалом тайных вестуноў ва ўсе пакаленні Ізраэля, кажучы: «Адразу ж, як пачуеце гук трубы, гаманіце: “Абсалом абраны царом у Геброне”».
11 А з Абсаломам выбралася з Ерузаліма дзвесце прызваных чалавек, што ішлі з чыстым сэрцам і зусім не ведалі справы.
12 У час ускладання ахвяр Абсалом таксама паклікаў Ахітатэла з Гіло, дарадчыка Давіда, з горада яго Гіло. І адбылася змова моцная, і народ сыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.
13 І прыбыў вястун да Давіда, паведамляючы: «Сэрца ўсяго Ізраэля прыстала да Абсалома».
14 І сказаў Давід сваім паслугачам, што былі разам з ім у Ерузаліме: «Збірайцеся, уцякайма; бо не будзе нам ратунку ад Абсалома. Спяшайцеся ўцячы, каб ён, спяшаючыся, не дагнаў нас раптам, і каб не загубіў нас, і каб вастрыём меча не знішчыў горад».
15 І паслугачы цара сказалі яму: «Ва ўсім, што загадае гаспадар наш, цар, вось, мы, паслугачы твае».
16 І выйшаў цар, і за ім увесь дом яго, і пакінуў цар дзесяць жанчын наложніц сцерагчы дом.
17 І, выйшаўшы, цар і ўвесь народ з ім затрымаліся пры апошнім доме.
18 І праходзілі перад ім усе паслугачы яго; усе херэты, і фелеты і ўсе хетэі, шэсцьсот чалавек, якія пайшлі за ім з Гета, прайшлі перад царом.
19 І спытаўся цар у Этая з Гета: «Чаму і ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з царом, бо ты чужынец і нават выгнаннік са сваёй бацькаўшчыны.
20 Учора прыбыў ты, і сёння я змушаю цябе ісці блукаць разам з намі, бо я сам не ведаю, куды іду. Вярніся і забяры з сабой братоў сваіх, і хай Госпад акажа табе міласэрнасць і праўду».
21 І ў адказ сказаў Этай цару: «Жыве Госпад, і жыве гаспадар мой, цар; у любым месцы, дзе будзе гаспадар мой, цар, ці на смерць, ці на жыццё, там будзе і паслугач твой».
22 І сказаў Давід Этаю: «Ідзі і праходзь!» І прайшоў Этай з Гета, і ўсе яго людзі, і ўсе дзеці, якія былі з ім.
23 І ўся ваколіца ва ўвесь голас плакала, і ўвесь народ праходзіў. Цар таксама перайшоў ручай Цэдрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.
24 І прыйшоў Садок, і з ім усе левіты, якія неслі каўчэг запавету Божага, і паставілі яны каўчэг Божы. І Абіятар склаў ахвяру, пакуль увесь народ не выйшаў з горада.
25 І сказаў цар Садоку: «Занясі каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах Госпада, то Ён верне мяне і пакажа мне Яго і жыллё Яго.
26 А калі Ён скажа: “Не падабаешся ты Мне”, я тут: хай Ён робіць, што падабаецца Яму».
27 І сказаў цар Садоку святару: «Ці бачыш ты? Вяртайся ў горад у супакоі; і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашы хай застануцца з вамі.
28 Вось, я буду вандраваць на раўнінах пустыні, пакуль не прыйдзе да мяне паведамленне ад вас».
29 І вярнулі Садок і Абіятар каўчэг Божы ў Ерузалім, і засталіся там.
30 А Давід узыходзіў на гару Аліўную, ішоў і плакаў, ішоў ён з пакрытай галавой і босымі нагамі; але і ўсе людзі, што былі з ім, ішлі з пакрытымі галовамі і плакалі.
31 І паведамілі Давіду, што і Ахітатэл быў у змове з Абсаломам; і сказаў Давід: «Госпадзе, прашу, пазбаў сілы параду Ахітатэла».
32 І калі Давід узышоў на вяршыню гары, дзе пакланяліся Богу, тады падбег да яго Хусай арахеец у раздзёртым адзенні і з пасыпанай зямлёй галавой.
33 І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш мне цяжарам;
34 А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, цар, буду паслугачом тваім; раней я быў паслугачом бацькі твайго, дык цяпер буду тваім паслугачом!”, — то ты пазбавіш сілы параду Ахітатэла адносна мяне.
35 А будзеш мець пры сабе Садока і Абіятара, святароў; і ўсё, што пачуеш у доме цара, перакажаш Садоку і Абіятару, святарам.
36 А з імі засталіся два сыны іх: Ахімаас у Садока і Ёнатан у Абіятара; і праз іх мне перакажаш усё, што пачуеш».
37 І ўвайшоў Хусай, сябар Давіда, у горад, і Абсалом таксама ўвайшоў у Ерузалім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуэля, 15 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.