Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 6 2-я Самуэля 6 раздзел

1 А Давід сабраў зноў усіх выбраннікаў з Ізраэля ў ліку трыццаці тысяч.
2 І падняўся Давід, і пайшоў з усім народам, які пры ім быў, да Баала юдэйскага, каб адтуль прывезці каўчэг Божы, над якім было прызывана імя Госпада Магуццяў, Які сядзіць на херубінах, што над ім.
3 І паставілі яны каўчэг Божы на новы воз, і вынеслі яго з дому Абінадаба, які стаяў на ўзгорку. А Оза і Ахія, сыны Абінадаба, вялі воз:
4 Оза ішоў побач з каўчэгам, а Ахія апераджаў яго.
5 А Давід і ўвесь Ізраэль скакалі перад Госпадам з усёй сілы пры гуках песень, і цытраў, і псалтэрыёнаў, і тымпанаў, і труб, і цымбалаў.
6 А калі прыбылі яны на ток Нахона, Оза выцягнуў руку ў бок каўчэга Божага і прытрымаў яго, бо валы тузануліся і нахілілі яго.
7 І ўзгарэўся гневам Госпад супраць Озы, і ўдарыў яго за правіну; ён памёр там пры каўчэгу Божым.
8 А Давід засмуціўся, што Госпад караю пакараў Озу; і было названа тое месца Пэрэс Оза, і так яно завецца аж па гэты дзень.
9 І ў той дзень Давід спалохаўся Госпада, кажучы: «Як да мяне прыйдзе каўчэг Госпада?»
10 І не хацеў Давід везці каўчэг Госпада да сябе ў горад Давідаў, але накіраваў яго ў дом Абэдэдома з Гета.
11 І прабыў каўчэг Госпада ў доме Абэдэдома з Гета тры месяцы, і дабраславіў Госпад Абэдэдома і ўвесь дом яго.
12 І паведамілі цару Давіду: «Дабраславіў Госпад Абэдэдома ды ўсё яго дзеля каўчэга Божага». Дык пайшоў Давід, і перанёс каўчэг Божы з дома Абэдэдома ў горад Давідаў з радасцю.
13 І калі тыя, што неслі каўчэг Госпадаў, праходзілі шэсць крокаў, ён складаў у ахвяру вала і тлустае цяля,
14 і скакаў Давід з усёй сілы перад Госпадам. А быў апрануты Давід у льняны эфод.
15 І Давід і ўвесь дом Ізраэля неслі каўчэг Госпада з радасцю і пры гуку трубы.
16 Калі каўчэг Госпада быў унесены ў горад Давіда, вось Міхол, дачка Саўла, гледзячы ў акно, убачыла цара Давіда, што падскокваў і радаваўся перад Госпадам, і пагардзіла ім у сваім сэрцы.
17 І прынеслі каўчэг Госпада, і паставілі яго на месцы яго, у сярэдзіне палаткі, якую паставіў для яго Давід; і склаў Давід перад Госпадам ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння.
18 І, калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпалення і прымірэння, ён дабраславіў народ у імя Госпада Магуццяў.
19 І раздаў ён усяму мноству Ізраэля, кожнаму асобна, як мужчыне, так і жанчыне, па бохану хлеба, і па ляпёшцы фінікаў, і фігі. І ўсе людзі разышліся, кожны ў свой дом.
20 І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой, і выйшла насустрач Давіду Міхол, дачка Саўла, і сказала: «О, як праславіўся сёння цар Ізраэля, агаліўшыся на вачах нявольніц паслугачоў сваіх, быццам агаляецца адзін з блазнаў!»
21 І сказаў Давід Міхол: «Перад Госпадам я скачу. Дабраславёны Госпад, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і ўсяго дому яго, каб паставіць мяне кіраўніком над народам Госпада, над Ізраэлем! Перад Госпадам буду радавацца,
22 стану больш нязначным, чым я ёсць, і паніжуся ў вачах тваіх, але ў вачах нявольніц, аб якіх ты гаворыш, яшчэ болей буду ўслаўлены».
23 Таму Міхол, дачка Саўла, не мела дзяцей да дня смерці сваёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуэля, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.