Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 16 2-я Самуэля 16 раздзел

1 І калі Давід сышоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, паслугач Мэрыбаала, з наладаванымі двума асламі, на якіх нагрузілі дзвесце хлябоў, і сто звязак разынак, і сто пучкоў летніх пладоў, і бурдзюк віна.
2 І спытаўся цар у Сібы: «Што яны жадаюць сабе за гэта?» І Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дома цара; і хлябы, і плады летнія — на ежу паслугачам тваім; а віно — каб піў той, хто зняможацца ў пустыні!»
3 І пытаўся цар: «Дзе сын гаспадара твайго?» І Сіба адказаў цару: «Ён застаўся ў Ерузаліме, кажучы: “Сёння верне мне дом Ізраэля царства бацькі майго”».
4 І сказаў цар Сібе: «Вось, тваё ўсё, што належала Мэрыбаалу». І Сіба сказаў: «Прашу, хай знайду я ласку ў цябе, гаспадар мой, цар».
5 І прыйшоў цар Давід у Бахурым, і, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дому Саўлава, на імя Сямэй, сын Гэра, і ішоў, на хаду праклінаючы яго,
6 і кідаў камяні ў Давіда і ва ўсіх паслугачоў цара Давіда. А ўвесь народ і ўсе ваяры наймагутнейшыя ішлі побач з царом з правага і з левага боку.
7 А Сямэй, калі праклінаў цара, гаварыў так: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек і чалавек Бэліяла!
8 Аддаў табе Госпад усю кроў дому Саўла, бо забраў ты царства ў яго. Таму аддаў Госпад царства ў рукі Абсалома, сына твайго; і вось, прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — крывавы чалавек».
9 І сказаў Абісай, сын Сэруі, цару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, цара? Пайду і адсяку яму галаву».
10 І цар сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі? Калі ён праклінае і калі яму Госпад загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”»
11 І сказаў цар Абісаю і ўсім сваім паслугачам: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыццё маё; тым больш зараз гэты сын Бэньяміна. Не перашкаджайце яму праклінаць па загадзе Госпадавым.
12 Можа, Госпад гляне на смутак мой і аддасць мне дабром за сённяшні праклён».
13 І ішоў Давід і людзі яго дарогаю далей; а Сямэй ішоў па горнай градзе збоку, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй.
14 І прыйшоў цар і ўвесь народ яго, змучаныя, аж да водаў, і там адпачылі.
15 А Абсалом і ўвесь народ яго, людзі Ізраэля, увайшлі ў Ерузалім, і Ахітатэл быў разам з ім.
16 А калі Хусай, арахеец, сябар Давіда, прыйшоў да Абсалома, то сказаў яму: «Хай жыве цар! Хай жыве цар!»
17 Сказаў яму Абсалом: «Ці такая твая ласка да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»
18 Адказаў Хусай Абсалому: «Ніякім чынам; бо каго выбраў Госпад, і гэты народ, і ўвесь Ізраэль, таму чалавеку я і належу і з тым я застануся.
19 А да таго ж, каму я маю служыць? Ці ж не сыну царскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны і табе».
20 І сказаў Абсалом Ахітатэлу: «Дайце параду: што маем рабіць?»
21 І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Увайдзі да наложніц бацькі свайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом; каб, калі пачуе ўвесь Ізраэль, што ты абняславіў бацьку свайго, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх».
22 І паставілі палатку Абсалому на даху; і ён на вачах усяго Ізраэля ўвайшоў да наложніц бацькі свайго.
23 А парада Ахітатэла, якую ён даваў у гэты час, была быццам слова Бога; такая была ўсякая парада Ахітатэла, і калі быў ён з Давідам, так і калі быў з Абсаломам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуэля, 16 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.