Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 7 2-я Самуэля 7 раздзел

1 Сталася ж, калі цар абжыўся ў доме сваім і Госпад даў яму супакой ад усіх ворагаў яго навокал,
2 сказаў цар прароку Натану: «Ці не бачыш, што я жыву ў кедравым палацы, а каўчэг Божы знаходзіцца ў сярэдзіне палаткі?»
3 І Натан сказаў цару: «Ідзі, зрабі ўсё, што маеш у сэрцы сваім, бо Госпад з табою».
4 І сталася, што ў тую самую ноч Госпад прамовіў да Натана гэтыя словы, кажучы:
5 «Ідзі і скажы паслугачу Майму Давіду: вось што кажа Госпад: “Ці ты збудуеш Мне дом на пражыванне?
6 Бо ніколі не жыў Я ў доме з дня, у які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай, аж да гэтага дня, але прабываў Я ў свяцілішчы або ў палатцы.
7 Ці ў час вандроўкі па тых мясцінах, якія прайшоў Я з усімі сынамі Ізраэля, казаў Я, кажучы хоць аднаму з суддзяў Ізраэля, якому даручыў Я пасвіць народ Мой, Ізраэль, кажучы: “Чаму не пабудавалі вы Мне кедравага дома?”
8 І цяпер вось што скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я ўзяў цябе з пашаў, калі ты пасвіў статкі, каб быў ты кіраўніком народа Майго, Ізраэля,
9 і Я быў усюды з табою, дзе ты хадзіў, і Я забіваў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім; і ўславіў імя тваё, як аднаго з вялікіх, што жывуць на зямлі.
10 І Я вызначу месца народу Майму, Ізраэлю, і пасаджу яго, і будзе ён жыць там, і не будзе ён болей трывожыцца; і Я не аддам яго на здзек людзям нягодным, як раней
11 і ад дня, калі Я паставіў суддзяў для народа Майго ізраэльскага, Я дам табе супакой ад усіх ворагаў тваіх. І Госпад табе аб’яўляе, што Госпад пабудуе табе дом.
12 І калі споўняцца дні твае і ты супакоішся з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу семя тваё па табе, што выйдзе з нутра твайго; і ўмацую царства яго.
13 Ён пабудуе дом імю Майму, і Я ўмацую пасад валадарства яго навек.
14 Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; калі ён зробіць што-небудзь злачыннае, Я буду караць яго дубцом людзей і карамі сыноў чалавечых.
15 А міласэрнасці Сваёй не спыню да яго, як спыніў адносна Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім;
16 і трывалым будзе дом твой, і царства тваё будзе перад абліччам маім вечна, і пасад твой будзе моцным заўсёды”».
17 Згодна з усімі гэтымі словамі і паводле ўсяго гэтага бачання прамаўляў Натан да Давіда.
18 А цар Давід пайшоў і сеў перад абліччам Госпада, і сказаў: «Хто я ёсць, Госпадзе Божа, і што ёсць мой дом, што Ты прывёў мяне аж сюды?
19 Але і гэта здалося малым у вачах Тваіх, Госпадзе, Божа; і Ты казаў таксама пра род паслугача Твайго на будучыню, і гэта — закон чалавечы, Госпадзе Божа!
20 Дык што яшчэ можа дадаць Давід, каб сказаць Табе? Ты ведаеш паслугача Свайго, Госпадзе Божа.
21 Дзеля слова Твайго і паводле сэрца Твайго выканаў Ты гэтыя вялікія рэчы, так што Ты зрабіў іх зразумелымі паслугачу Свайму.
22 Таму магутны Ты, Госпадзе Божа, бо нікога няма падобнага да Цябе; і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі мы вушамі нашымі.
23 Ці ёсць хоць яшчэ адзін народ на зямлі, як народ Твой, Ізраэль, дзеля якога Бог прыйшоў, каб адкупіць яго Сабе за народ і праславіць імя Сваё, і выканаць для яго вялікія і страшныя рэчы так, каб выгнаць перад абліччам народа Твайго, які Ты адкупіў Сабе з Егіпта, народы і багоў іх?
24 Ты ўмацаваў Сабе народ Твой, Ізраэль, як народ вечны; і Ты, Госпадзе, стаў яму Богам.
25 Дык цяпер, Госпадзе Божа, умацуй на векі слова, што сказаў Ты адносна паслугача Свайго і роду яго, і выканай тое, што прадказаў!
26 І хай услаўлена будзе навек імя Тваё, і хай кажуць: “Госпад Магуццяў ёсць Бог над Ізраэлем”. І дом паслугача Твайго, Давіда, будзе моцна стаяць перад Табою,
27 і Ты, Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, аб’явіў паслугачу Твайму, кажучы: “Я пабудую табе дом”. Таму раб Твой знайшоў у сабе мужнасць, каб прасіць Цябе ў гэтай малітве.
28 А цяпер, Госпадзе Божа, Ты — Бог, і Твае словы будуць праўдзівыя, і, такім чынам, калі Ты абяцаў паслугачу Твайму гэтае дабро,
29 значыць, будзь ласкавы і дабраславі дом паслугача Твайго, каб быў ён вечна перад Табою, бо Ты, Госпадзе Божа, абяцаў, і хай дабраславеннем Тваім будзе дабраславёны дом паслугача Твайго навечна».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуэля, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.