Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 2 2-я Самуэля 2 раздзел

1 І па тых падзеях раіўся Давід з Госпадам, кажучы: «Ці маю пайсці ў адзін з гарадоў юдэйскіх?» І Госпад яму сказаў: «Ідзі». І Давід запытаўся: «Куды маю ісці?» І Госпад адказаў яму: «У Геброн».
2 І пайшоў туды Давід разам з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і Абігайль, жонкай Набала, з Кармэля;
3 але павёў ён разам людзей сваіх, якія з ім былі, кожнага з сям’ёй сваёй, і абжыліся яны ў гарадах Геброна.
4 І прыйшлі юдэі, і намасцілі там Давіда, каб цараваў ён над домам Юды. І паведамлена было Давіду, што жыхары Явіса ў Галаадзе пахавалі Саўла.
5 Дык паслаў Давід вестуноў да жыхароў Явіса ў Галаад, каб сказалі яны ім: «Будзьце дабраславёны Госпадам, бо аказалі вы гэтую міласэрнасць гаспадару вашаму, Саўлу, і пахавалі яго.
6 І зараз хай Госпад таксама акажа вам міласэрнасць і праўду; але і я аддам вам таксама дабром за тое, што вы гэта ўчынілі.
7 Няхай жа цяпер будуць дужымі рукі вашыя, і вы будзьце адважнымі; бо хаця памёр гаспадар ваш Саўл, аднак мяне дом Юды намасціў на цара сабе».
8 А Абнэр, сын Нэра, кіраўнік войска Саўла, узяў Ісбаала, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім,
9 і паставіў яго царом над Галаадам, і над Асэрам, і над Езрагэлем, і над Эфраімам, і над Бэньямінам, і над усім Ізраэлем.
10 Ісбаал, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў цараваць над Ізраэлем, і цараваў ён два гады; і толькі дом Юды заставаўся з Давідам.
11 І была колькасць дзён, калі заставаўся Давід у Геброне, царуючы над домам Юды, сем з паловай гадоў.
12 І Абнэр, сын Нэра, і паслугачы Ісбаала, сына Саўла, з Маханаіма выйшлі ў Габаон.
13 Таксама Ёаб, сын Сэруі, і паслугачы Давіда выйшлі і спаткаліся з імі каля вадаёма Габаонскага; і калі яны сышліся з усёй мясцовасці, адны сталі на адным баку вадаёма, а другія — на другім.
14 І сказаў Абнэр Ёабу: «Хай юнакі ўстануць і хай пагуляюць перад намі?» І Ёаб адказаў: «Хай устануць».
15 Дык усталі і пайшлі ў ліку дванаццаці бэньямінцы з боку Ісбаала, сына Саўла, і дванаццаць з юнакоў Давіда.
16 І, схапіўшы свайго супраціўніка за галаву, кожны ўсадзіў меч у бок супраціўніка, і паваліліся разам; і названае было месца тое Хэлкат-Гаццурымa, што ў Габаоне.
17 І пачалася ў той дзень вельмі страшная вайна, і Абнэр і людзі Ізраэля былі пераможаны ваярамі Давіда.
18 А былі там тры сыны Сэруі: Ёаб, Абісай і Асаэль. А Асаэль быў вельмі хуткім скараходам, як сарна ў полі.
19 І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева, не пакідаючы пераследаваць Абнэра.
20 І аглянуўся Абнэр назад, і спытаўся: «Ці гэта ты, Асаэль?» Ён адказаў: «Я».
21 Дык сказаў яму Абнэр: «Павярніся ўправа ці ўлева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго.
22 І зноў сказаў Асаэлю Абнэр: «Адступіся, бо буду змушаны прыбіць цябе да зямлі і тады не змагу падняць аблічча свайго перад Ёабам, братам тваім».
23 Той не хацеў слухаць яго і не жадаў адступіцца. Тады Абнэр ударыў яго, павярнуўшы дзіду ў жываце, і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён памёр там. І ўсе, якія праходзілі праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, затрымліваліся.
24 А Ёаб і Абісай пераследавалі Абнэра, які ўцякаў; сонца зайшло, і яны прыйшлі да ўзгор’я Ама, што на другім баку Гаяха, пры дарозе ў пустыню Габаонскую.
25 І сабраліся бэньямінцы вакол Абнэра, і, утварыўшы адну дружыну, затрымаліся на вяршыні аднаго ўзгорка.
26 І закрычаў Абнэр да Ёаба, і сказаў: «Ці аж да вынішчэння будзе лютаваць твой меч? Ці ты не ведаеш, што вынікі будуць горкімі? Чаму ты не загадаеш народу, каб ён перастаў пераследаваць братоў сваіх?»
27 Ёаб адказаў: «Хай жыве Бог, каб ты не казаў інакш, то яшчэ зранку перасталі б людзі пераследаваць кожны брата свайго».
28 І Ёаб затрубіў у трубу, і спынілася ўсё войска, і не пераследавалі болей Ізраэль, і больш ужо не ваявалі.
29 А Абнэр і ваяры яго ішлі ўсю тую ноч праз Арабу, і перайшлі Ярдан, і, прайшоўшы ўвесь Бэтарон, прыбылі ў Маханаім.
30 А Ёаб, вярнуўшыся з пагоні за Абнэрам, сабраў увесь народ; і сярод паслугачоў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек, акрамя Асаэля;
31 а паслугачы Давіда забілі трыста шэсцьдзесят бэньямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам, якія і памерлі.
32 І ўзялі яны Асаэля і пахавалі яго ў магіле бацькі яго, што ў Бэтлехэме. І Ёаб і яго ваяры ішлі ўсю ноч, і на самым світанні дайшлі да Геброна.

Зноскі:

16 a: «Зямля Бакоў».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуэля, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.