Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 10 1-я Макабэяў 10 раздзел

1 І ў сто шасцідзесятым годзе пайшоў Аляксандр Эпіфан, сын Антыёха, і здабыў Пталемею; і яны прынялі яго, і ён там стаў царом.
2 І пачуў пра гэта цар Дэмэтрый, і сабраў надта вялікае войска, і выступіў супраць яго ў бой.
3 І Дэмэтрый паслаў ліст Ёнату ў словах супакою, хочучы яго ўзвялічыць.
4 Бо сказаў ён: «Апярэдзім іх і заключым супакой з ім перш, чым ён заключыць яго з Аляксандрам супраць нас;
5 бо ён памятае ўсе злачынствы, якіх мы дапусціліся адносна яго і брата яго і ў дачыненні да яго народа».
6 І даў яму ўладу набіраць войска, і рыхтаваць зброю, і быць яго саюзнікам, і загадаў выдаць яму заложнікаў, што былі ў крэпасці.
7 Ды Ёната прыбыў у Ерузалім і перачытаў лісты перад усім народам і тымі, што былі ў крэпасці;
8 і яны спалохаліся надта, калі пачулі, што цар даў яму паўнамоцтвы сабраць войска.
9 І тыя, што былі ў крэпасці, аддалі Ёнату заложнікаў, а ён аддаў іх бацькам іх.
10 Ды абжыўся Ёната ў Ерузаліме, і пачаў адбудоўваць горад і аднаўляць яго;
11 і тым, хто меў выконваць работы, загадаў адбудаваць муры і гару Сіён абнесці кругом мурам з абцясаных камянёў дзеля ўмацавання: так яны і зрабілі.
12 І з умацаванняў, што пабудаваў Бакхід, чужынцы паўцякалі,
13 і кожны пакінуў месца сваё, і пайшоў у сваю зямлю;
14 толькі ў Бэтсуры засталіся некаторыя з тых, што адышлі ад закону і прыказанняў; бо было месца для сховішча.
15 І цар Аляксандр даведаўся аб прырачэннях, якія Дэмэтрый зрабіў Ёнату, і расказалі яму пра баі і мужнасць, якую ён даканаў і браты яго, і пра цяжкасці, якія яны мелі.
16 І ён сказаў: «Ці ж можам знайсці другога такога чалавека? І зараз зробім яго сабе прыяцелем і саюзнікам нашым».
17 І напісаў і паслаў яму такога зместу ліст:
18 «Цар Аляксандр брату Ёнату — прывітанне.
19 Чулі мы пра цябе, што ты мужчына адважны і варты быць нашым прыяцелем;
20 і сёння ставім цябе першасвятаром над народам тваім і будзеш называцца прыяцелем цара — і пасылае табе пурпур і вянец залаты, — у нашых справах будзь з намі ды захавай для нас сяброўства».
21 І ў дзень свята палатак, у сто шасцідзесятым годзе, у сёмым месяцы, Ёната надзеў святыя шаты; і сабраў ён войска, і падрыхтаваў многа зброі.
22 І Дэмэтрый даведаўся аб гэтых словах, і засмуціўся вельмі, і сказаў:
23 «Чаму дапусціліся мы да таго, што Аляксандр апярэдзіў нас і завязаў сяброўства з юдэямі, і гэтым умацаваўся?
24 Я таксама напішу да іх ліст заахвочвання, годнасці ды даравання, каб мне былі яны ў дапамогу».
25 І паслаў ён ліст такога зместу: «Цар Дэмэтрый народу юдэяў — прывітанне.
26 Ведаем і цешымся, што збераглі вы прымірэнне з намі, і вытрывалі ў сяброўстве з намі, не перайшлі да ворагаў нашых.
27 Дык і далей трывайце і захавайце давер да нас, і адплоцім вам дабром за тое, што робіце нам,
28 І даруем вам многа падаткаў, і дадзім вам падарункі.
29 І цяпер дарую вам і вызваляю ўсіх юдэяў ад даніны і ад падатку, ад солі і ад вянечных;
30 таксама ад трэцяй часткі збожжа, і ад палавіны пладоў з дрэў, якія мне належаць, — не буду іх спаганяць з зямлі Юдэйскай і з трох акруг, якія ад Самарыі і Галілеі былі да яе далучаны, — ад дня сённяшняга і назаўсёды;
31 і Ерузалім з усёй сваёй акругай хай будзе святым і вольным ад дзесяцін і падаткаў.
32 Адракаюся таксама ад валадарання над крэпасцю ў Ерузаліме, і аддаю яе першасвятару, каб памясціў у ёй тых людзей, каго сам выбера, каб пільнавалі яе.
33 І вызваляю без аднагароды кожнага юдэя, які быў узяты ў палон з зямлі Юдэйскай у якою-небудзь частку майго царства, і хай усе яны будуць вызвалены таксама ад падаткаў на жывёлу сваю.
34 І ўсе святочныя дні: і суботы, і дні новамесячныя, і дні, прадпісаныя законам, і тры дні перад святамі ды тры дні па святах — хай усе яны будуць днямі свабоднымі і вольнымі для ўсіх юдэяў, што знаходзяцца ў маім царстве;
35 і ніхто не будзе мець права ў аніводнай справе прыціскаць каго з іх або папракаць.
36 І паміж юдэяў каля трыццаці тысяч людзей хай бяруць у царскае войска і хай выплачваюць ім плату, як усім ваярам царскім.
37 І паміж іх хай некаторыя будуць пастаўлены ў вялікіх умацаваннях цара, і некаторыя з іх хай будуць пастаўлены над справамі ў царстве, якія робяцца на даверы, і намеснікі іх, і кіраўнікі паміж іх хай будуць і хай робяць па сваіх законах, як загадаў цар у зямлі Юдэйскай.
38 І тры акругі, якія даданы былі да Юдэі з самарыйскай зямлі, маюць быць злучаны з Юдэяй і падначальвацца толькі аднаму і каб ніякай другой уладзе не падлягалі, акрамя ўлады першасвятара.
39 Пталемею і ваколіцы яе ахвярую святыні Ерузалімскай на пакрыццё выдаткаў на святыні.
40 І я штогод даю пятнаццаць тысяч сікляў срэбра з царскіх збораў, з месцаў, належачых мне;
41 і ўсё, што засталося, чаго намеснікі не выплацілі ад ранейшага часу, маюць выплаціць з гэтага на патрэбы дома.
42 І звыш гэтага яшчэ пяць тысяч сікляў срэбра, якія кожны год браліся з даходаў святыні, — і гэта даруецца, бо яно належыць святарам, якія выконваюць службу.
43 І кожны, хто схаваецца ў святыні ў Ерузаліме і ва ўсіх яго ваколіцах, таму што вінен нешта царскай скарбоўні, або вінаваты ў якой справе, вольны будзе ён сам ды ўся яго маёмасць у маім царстве.
44 І расходы на пабудову або аднаўленне святыні будуць выдадзены са збораў цара;
45 і на адбудаванне муроў Ерузаліма і на ўмацаванне іх вакол будуць выдзелены сродкі з даходаў царскіх, як і на адбудову муроў у Юдэі».
46 Калі ж Ёната і народ даведаліся аб гэтых абяцаннях — не паверылі ім і не прынялі іх, прыпомнілі бо вялікія крыўды, якія ўчыніў у Ізраэлі і што прыціскаў іх моцна.
47 І ім больш спадабаўся Аляксандр, бо ён для іх быў першы ў словах супакою, і на яго баку ваявалі яны ўвесь час.
48 І цар Аляксандр сабраў вялікае войска і павёў лагер супраць Дэмэтрыя.
49 І пачалі бой два цары, і войска Аляксандра ўцякло, і Дэмэтрый пераследаваў яго, і перамог іх;
50 і вельмі настойліва прадаўжаў бой аж да самага заходу сонца, і паў у той дзень Дэмэтрый.
51 І Аляксандр паслаў легатаў да Пталемея, цара Егіпта, з такімі словамі:
52 «Таму што я вярнуўся ў сваё царства, і сеў на пасадзе маіх бацькоў ды ўзяў уладу, і знішчыў Дэмэтрыя, і завалодаў нашай краінай,
53 і ўступіў у бой з ім, і ён быў знішчаны, і войска яго пабіта намі, і селі мы на пасадзе яго царства;
54 і цяпер заключым сяброўства між сабою, і дай мне дачку сваю за жонку, і я буду зяцем тваім, і дам табе дары, вартыя цябе».
55 І цар Пталемей адказаў так: «Шчаслівы дзень, у які ты вярнуўся ў зямлю сваіх бацькоў ды сеў на пасадзе іх царства!
56 І зараз зраблю табе тое, пра што пішаш, але выйдзі да Пталемеі, каб пабачыцца нам адзін з адным, і каб стаў я табе цесцем, як ты сказаў».
57 І адправіўся Пталемей і дачка яго Клеапатра з Егіпта, і прыбылі ў Пталемею ў сто шэсцьдзесят другім годзе.
58 І сустрэў іх цар Аляксандр, і аддаў ён яму дачку Клеапатру, і ў Пталемеі справілі вяселле, як цары, з вялікаю пышнасцю.
59 І цар Аляксандр напісаў Ёнату, каб прыбыў да яго.
60 І ён з пышнасцю адправіўся ў Пталемею, і спаткаў там двух цароў, і даў ім многа срэбра, і золата, і дарункаў, і знайшоў ласку перад іх абліччам.
61 Ды ліхотнікі з Ізраэля, людзі злачынныя, сабраліся разам супраць яго, каб яму перашкодзіць; цар, аднак, не звярнуў на іх увагі.
62 І цар загадаў, каб Ёната зняў свае шаты ды каб яго апранулі ў пурпур; так і зрабілі. І пасадзіў цар яго каля сябе.
63 І сказаў сваім кіраўнікам: «Ідзіце з ім па сярэдзіне горада і абвясціце, каб ніхто не шкодзіў яму ні ў якой справе і каб ніхто не рабіў яму прыкрасці ні ў якой справе».
64 І сталася, што тыя, хто шкодзіў славе яго, пачулі, што аб’яўлялася, ды ўбачылі яго, апранутага ў пурпур, і ўсе паўцякалі.
65 І цар узвялічыў яго, і залічыў яго да першых сваіх прыяцеляў, і назначыў яго кіраўніком і загадчыкам улады.
66 І Ёната ў супакоі і з радасцю вярнуўся ў Ерузалім.
67 У сто шэсцьдзесят пятым годзе Дэмэтрый, сын Дэмэтрыя, прыбыў з Крыта ў зямлю сваіх бацькоў;
68 і даведаўся пра гэта цар Аляксандр, і засумаваў дужа, і вярнуўся ў Антыёхію.
69 І Дэмэтрый цар назначыў Апалонія, які быў правіцелем Цэлесірыі, і сабраў вялікае войска; ды наблізіўся да Ямніі, і да першасвятара Ёнаты паслаў вестуноў са словамі:
70 «Толькі ты адзін працівішся нам; а я выстаўлены дзеля цябе на пасмяянне і на ганьбу; і чаму ты сілу сваю супраць нас паказваеш у гарах?
71 Ды цяпер, калі да войска свайго маеш давер, сыдзі да нас на раўніну, і тут мы памераемся адзін з адным сіламі, бо са мной войска з гарадоў.
72 Запытайся і даведайся, хто я, і хто іншыя, што дапамагаюць мне, і яны кажуць: “Перад намі нага ваша ўстаяць не можа, бо бацькі твае вымушаны былі ўцякаць два разы на роднай зямлі”.
73 І цяпер не зможаш стрымаць на раўніне, дзе няма ані каменя, ані скалы, ані месца, каб уцячы, такой конніцы і войска».
74 Калі ж Ёната выслухаў гэтыя словы Апалонія, то абурыўся ў душы, і выбраў дзесяць тысяч ваяроў і выйшаў з Ерузаліма, і брат яго Сімон прыйшоў яму на дапамогу.
75 І каля Ёпэ паставіў лагер, — і тыя, што былі ў горадзе, замкнуліся, бо ў Ёпэ была варта Апалонія, — і ўдарылі яго.
76 І жыхары горада, напалоханыя, адчынілі яму, і Ёната авалодаў Ёпэ.
77 І Апалоній даведаўся пра гэта, і сцягнуў тры тысячы коннікаў ды многа войска. І адправіўся на Азот, як быццам хацеў іх абмінуць, і раптам павярнуў на раўніну, таму што меў многа конніцы, быў упэўнены ў іх.
78 І Ёната пагнаўся за ім да Азота, і ўступілі войскі ў бой.
79 І Апалоній пакінуў за імі скрытна тысячу ваяроў.
80 І Ёната заўважыў, што за ім засада; ды абкружылі яны лагер, і ад рання аж да вечара кідалі ў народ дзіды.
81 І па загадзе Ёнаты войска яго стаяла і іх коні мучыліся.
82 І Сімон перакінуў войска сваё ды ўдарыў на дружыну; бо коні ўжо змучаныя былі. Ды разбіты былі ім і ўцяклі,
83 і коні разбегліся па раўніне, і яны пабеглі ў Азот, і прыйшлі да свайго ідала Бэт-Дагона, каб там уратавацца.
84 І Ёната спаліў Азот і пасяленні, якія каля яго былі, і забраў здабычу іх, і спаліў храм Дагона разам з усімі, якія ўцяклі ў яго.
85 І тых, што загінулі ад меча, разам са спаленымі, — было каля васьмі тысяч чалавек.
86 І Ёната зняў адтуль лагер і наблізіўся да Аскалона, і жыхары горада выйшлі да яго з вялікай пашанай.
87 І Ёната разам са сваімі ваярамі, маючымі вялікую здабычу, вярнуўся ў Ерузалім.
88 І сталася, што Аляксандр, цар, даведаўся аб тых падзеях, і ўшанаваў Ёнату яшчэ больш,
89 і прыслаў яму залатую засцежку, якую, па звычаю, даравалі толькі сваякам цара, і падараваў яму Акарон і ўсе яго ваколіцы ва ўладанне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая Кніга Макабэяў, 10 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.