Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 9 1-я Макабэяў 9 раздзел

1 І Дэмэтрый даведаўся, што Міканор і войска яго ў баі палі, ды зноў паслаў Бакхіда і Альцыма ў зямлю Юдэйскую і разам з імі правае крыло войска.
2 І яны пайшлі дарогай, што вядзе ў Галгал і паставілі лагер каля Масалота ў Арбэлі, і здабылі яго, і многа людзей забілі.
3 І ў першым месяцы сто пяцьдзесят другога года наблізіліся да Ерузаліма;
4 і падняліся, і адправіліся ў Бэрот з дваццаццю тысячамі пешакоў і з дзвюма тысячамі коннікаў.
5 І Юда паставіў лагер у Эласе з трыма тысячамі адборных ваяроў;
6 і яны ўбачылі вялікую колькасць войска, бо многа іх было, і спалохаліся вельмі; і многа ўцякло з лагера, і засталося з іх не больш васьмісот ваяроў.
7 І Юда ўбачыў, што войска яго разбеглася, а бой непазбежны, і ўстрывожылася яго сэрца, бо не меў часу, каб сабраць іх, і ахапіў яго смутак.
8 І ён сказаў тым, што з ім заставаліся: «Устаньма і ўдарым па праціўніках нашых, можа, зможам ваяваць з імі».
9 І яны адказвалі яму і сказалі: «Ніяк не зможам, аднак ратуйма толькі жыцці нашы, і вернемся з братамі нашымі, і будзем ваяваць з імі; нас жа так мала».
10 І Юда сказаў: «Не выпадае так рабіць, уцякаць перад імі; і калі наш час надышоў, то і памром мужна за братоў нашых, і не прычынім шкоды нашай славе».
11 І зняў войска з лагера, і сталі супраць іх; і конніца падзялілася на дзве часткі, і ўперадзе войска ішлі прашчнікі і лучнікі, і ў першым шэрагу былі найбольш адважныя.
12 А Бакхід быў на правым крыле; і наблізіліся дружыны з абодвух бакоў, і трубілі ў трубы; і тыя, хто быў з боку Юды, таксама затрубілі ў трубы;
13 і затрэслася зямля ад крыку войск; і разгарэлася бітва ад раніцы аж да вечара.
14 І Юда заўважыў, што Бакхід і мацнейшая частка войска знаходзіліся на правым баку, і ўсе смельчакі сабраліся каля яго;
15 і правае крыло было імі разбіта, і пераследаваў іх аж да гары Азот.
16 І тыя, што былі на левым крыле, як убачылі, што правае крыло было разбіта, пайшлі ззаду услед за Юдам і яго ваярамі.
17 І бой стаў яшчэ цяжэйшым, і многа было забітых на адным і другім баку;
18 і Юда паў, забіты, і іншыя паўцякалі.
19 І Ёната і Сімон забралі Юду, свайго брата, і пахавалі яго ў магіле сваіх бацькоў у Модзіне.
20 І аплакалі яго, ды ўвесь народ Ізраэля вялікім плачам лямантаваў, і доўгі час насілі па ім жалобу,
21 і сказалі: «Як мог пасці волат, які збавіў Ізраэльскі народ!»
22 І іншыя дзеі Юды, і войны, і мужнасць, што ён учыніў, і веліч яго не былі запісаны, бо было іх надта многа.
23 І сталася, што па смерці Юды на ўсіх прасторах Ізраэля падняліся ліхотнікі і з’явіліся ўсякія злачынцы.
24 У тыя дні здарыўся надта вялікі голад, ды краіна разам з імі здалася.
25 І Бакхід выбраў бязбожных людзей і паставіў іх правіцелямі краю;
26 і яны вышуквалі і высочвалі прыяцеляў Юды, і вялі іх да Бакхіда, і ён помсціў ім і здзекаваўся над імі.
27 І пачалося вялікае гора ў Ізраэлі, якога не было ад часу з’яўлення перад імі прарока.
28 Ды сабраліся ўсе прыяцелі Юды і сказалі Ёнату:
29 «Ад таго часу, як памёр брат твой Юда, няма падобнага да яго чалавека, які б выступіў супраць ворагаў ды супраць Бакхіда і тых, што з’яўляюцца ворагамі нашага народа;
30 цяпер, сёння, выбіраем замест яго цябе, каб быў ты кіраўніком і правадыром нашым, каб прадаўжаць вайну нашу».
31 І ў той час Ёната згадзіўся быць кіраўніком і заняў месца брата свайго, Юды.
32 І калі Бакхід даведаўся пра гэта і шукаў яго, каб забіць,
33 і Ёната і Сімон, брат яго, ды ўсе, што з ім былі, даведаліся аб гэтым і ўцяклі ў пустыню Тэкуэ і затрымаліся пры вадзе возера Асфар.
34 І даведаўся аб гэтым Бакхід у суботу, і ён сам ды ўсё войска яго пераправіліся праз Ярдан.
35 І Ёната выправіў брата свайго, кіраўніка над народам, і папрасіў набатэяў, прыяцеляў сваіх, каб далі яны ім запасы свае, што былі вялікія.
36 І сыны Ямбры выйшлі з Мэдабы, і схапілі яны Ёана ды ўсё, што ён меў, і пайшлі з усім здабыткам.
37 Па тых здарэннях паведамлена было Ёнату і Сімону, брату яго, што сыны Ямбры спраўляюць вялікае вяселле і што бяруць жонку з Надабата, дачку аднаго з вялікіх князёў Ханаана, усё з вялікай пышнасцю.
38 Ды прыпомнілі яны кроў Ёана, брата свайго, і пайшлі яны, і схаваліся ў пячоры пад гарой;
39 і паднялі вочы свае, і ўбачылі крыклівае і вялікае шэсце, і насустрач ім выйшаў жаніх, і прыяцелі яго, і браты яго з тымпанамі, і з музыкай, і са шматлікай зброяй.
40 І яны выскачылі з засады да іх і іх забілі, і многія, параненыя, паўміралі; і астатнія ўцяклі ў горы, і пераможцы ўзялі ўсю іх здабычу.
41 І вяселле перамянілася ў жалобу, і голас музыкаў іх — у лямантаванне.
42 І адпомсцілі помстаю за кроў брата свайго, і вярнуліся да берага Ярдана.
43 І пачуў пра гэта Бакхід, і ў дзень суботы прыбыў з вялікім войскам да берага Ярдана.
44 І Ёната сказаў тым, што з ім былі: «Устанем і будзем ваяваць за свае жыцці; сёння бо не так, як учора і пазаўчора:
45 Бо вось, вайна супраць нас, а вада Ярдана адтуль і адсюль, і балоты, і лес, і няма месца, дзе ўхіліцца.
46 Дык прызывайце цяпер неба, каб маглі мы вызваліцца з рук ворагаў нашых» — і пачаўся бой.
47 І Ёната выцягнуў руку сваю, каб забіць Бакхіда, і ён ухіліўся ад яго назад.
48 І Ёната і тыя, што з ім былі, спусціліся за Ярдан і пераплылі на другі бераг, і тыя не паплылі за імі праз Ярдан.
49 І ў той дзень з боку Бакхіда пала тысяча ваяроў.
50 І яны вярнуліся ў Ерузалім. І пабудавалі яны ў Юдэі ўмацаваныя гарады, якія былі ў Ерыхоне, і ў Эмаусе, і ў Бэтароне, і ў Бэтэлі, і ў Тамнаце, і ў Паратоне, і ў Тэфоне — з высокімі мурамі, і брамамі ды засаўкамі;
51 І пакінуў у іх варту, каб варожа адносілася да Ізраэля.
52 І ўмацаваў горад Бэтсуру, і Газару, і крэпасць, і пакінуў у іх войска і запасы харчоў.
53 І ўзяў у заложнікі сыноў князёў краю, і трымаў іх у крэпасці ў Ерузаліме пад вартай.
54 І ў сто пяцьдзесят трэцім годзе ў другім месяцы загадаў Альцым разбурыць мур унутранага панадворка святыні і разбурыў тое, што прарокі будавалі. Ды пачаў разбураць.
55 І ў той час Альцым быў паражоны, і спынілася яго работа; і анямелі яго вусны, і саслабеў, і больш не мог прагаварыць слова і распарадзіцца аб сваім доме;
56 і памёр Альцым у той час у вялікіх муках.
57 І Бакхід даведаўся пра смерць Альцыма, і вярнуўся да цара, і зямля Юды супакоілася на два гады.
58 І ўсе злачынцы тады разважалі і казалі: «Вось, Ёната і яго прыхільнікі жывуць сабе ўпэўнена і спакойна; давай жа цяпер навядзем Бакхіда, і ён захопіць іх усіх у адну ноч».
59 І пайшлі, і такую далі яму параду.
60 І ён прыгатаваўся, і выбраўся ў дарогу з вялікім войскам, і, таючыся, паслаў лісты сваім прыхільнікам, якія жылі ў Юдэі, каб схапіць Ёнату і тых, якія з ім былі; і ім не ўдалося, бо паведамлена было яму пра іх намер.
61 І схапілі яны каля пяцідзесяці чалавек пасярод тых людзей зямлі, якія былі кіраўнікамі злачынстваў, і забілі іх.
62 І Ёната разам з Сімонам і з тымі, што яго трымаліся, адышоў у Бэтбасі, што ў пустыні; і адбудаваў руіны яго, і ўмацаваў яго.
63 І аб гэтым даведаўся Бакхід, і сабраў усё войска сваё, і прызваў тых, што былі ў Юдэі;
64 і падышоў, і паставіў лагер ля Бэтбасі, і асадзіў яго на доўгі час, і падрыхтаваў асадныя машыны.
65 І Ёната пакінуў у горадзе свайго брата Сімона, і сам з малою колькасцю ваяроў выйшаў у край;
66 і пабіў Адамэру і братоў яго, а таксама сыноў Фазірона ў палатках, і пачаў забіваць і ўзмацняцца сіламі.
67 Сімон жа і яго ваяры выйшлі з горада і спалілі асадныя машыны,
68 і ваявалі супраць Бакхіда і пабілі яго, і надта яго засмуцілі, таму што намеры яго і наступ яго былі марныя.
69 І раззлаваўся ён у душы на людзей злачынных, якія далі яму параду пайсці ў тую краіну, і многіх з іх пазабівалі; і мелі вярнуцца ў сваю зямлю.
70 І даведаўся пра гэта Ёната, і паслаў да яго легатаў заключыць супакой з ім і вярнуць яму палонных.
71 І ён прыняў прапанову яго, і пакляўся, што больш не будзе чыніць яму зла праз усе дні яго жыцця;
72 і вярнуў яму палонных, якіх яшчэ раней узяў з зямлі Юдэйскай, і павярнуўся, і пайшоў у сваю зямлю, і ўжо болей не прыходзіў у яго землі.
73 І адступіў меч ад Ізраэля, і Ёната абжыўся ў Міхмасе, і Ёната там пачаў судзіць народ, і бязбожных выдаляў з Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая Кніга Макабэяў, 9 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.