Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 8 1-я Макабэяў 8 раздзел

1 І Юда даведаўся аб славе рымлян, што яны магутныя і моцныя, і спагадна прымаюць усіх, хто звяртаецца да іх, і хто прыходзіць да іх, з тымі завязваюць дружбу,
2 і што яны надзвычайна дужыя. І расказвалі яму аб іх войнах і аб вялікіх подзвігах, якія паказалі ў Галаціі, як іх перамаглі і прымусілі плаціць даніну,
3 і колькі зрабілі яны ў гішпанскай зямлі, каб завалодаць тамтэйшымі руднікамі срэбра і золата;
4 і сваёй разумнасцю і цярплівасцю здабывалі кожны край, — хоць той край быў далёка ад іх, — і цароў, якія з канца свету выступалі супраць іх, аж пакуль іх не паразбівалі і не паразілі іх страшным паражэннем; іншыя ж плацілі ім штогод даніну;
5 і цароў Кітымскіх, Піліпа і Персэя, а разам і тых, што супраць іх паднялі зброю, падчас вайны сцёрлі і падначалілі іх сваёй уладзе;
6 і Антыёх Вялікі, цар Азіі, які ваяваў супраць іх, маючы сто дваццаць сланоў, і коннікаў, і калясніцы, і мноства войска, быў імі разбіты,
7 і ўзялі яны яго ў няволю жывым, і прымусілі яго плаціць ім вялікую даніну; як яго самога, так і тых, якія будуць па ім цараваць; даваць заложнікаў і назначанае;
8 і Індыю, і Мэдыю, і Лідыю, і частку найлепшых краёў іх узялі ад яго і аддалі цару Эўмэні;
9 расказвалі і аб тым, як жыхары Элады пажадалі ісці, каб іх выгубіць,
10 яны даведаліся пра гэта і паслалі да іх аднаго кіраўніка, і ваявалі з імі, так што паміж іх было многа забітых, і іх жонкі і дзеці былі ўзяты ў палон, і абрабавалі іх, і зямлю іх прысвоілі сабе; і развалілі іх умацаванні, і іх саміх аж да гэтага дня трымаюць у няволі;
11 і кожнае іншае царства і кожны востраў, якія калісьці працівіліся ім, — знішчылі ды ўзялі сабе пад уладу;
12 а з прыяцелямі сваімі і з саюзнікамі абыходзяцца па-сяброўску; і падначалілі цароў, якія блізка і далёка знаходзіліся; ды як толькі чулі імя іх, страх браў іх;
13 а калі хацелі дапамагчы каму цараваць, той цараваў; а каго хацелі, скідвалі з пасада; і дайшлі яны да вялікай пыхлівасці.
14 І пры ўсім гэтым ніхто не ўскладаў вянец ды ніхто не надзяваў пурпур, каб ганарыцца ім:
15 і стварылі яны ў сябе раду і штодзень трыста дваццаць чалавек раіліся, разважаючы заўсёды пра народ: як дзейнічаць у супакоі;
16 і штогод даручаюць толькі аднаму чалавеку валадарыць над імі і валадарыць над усёй сваёй зямлёй, і ўсе слухаюцца аднаго, і няма між імі зайздрасці і нянавісці.
17 Ды Юда выбраў Эўпалема, сына Ёана, сына Акоса, і Язона, сына Элеазара, і паслаў іх у Рым, каб завязаць з імі сяброўства і саюз
18 ды каб знялі з іх ярмо, бо ўбачылі яны, што царства грэкаў знявольвае Ізраэль.
19 Ды накіраваліся ў Рым, — а дарога была вельмі далёкая, — і ўвайшлі ў курыю, і так прамовілі:
20 «Юда Макабэй і браты яго і народ Юдэйскі паслалі нас да вас заключыць саюз з вамі, і супакой, і каб вы запісалі нас як сваіх саюзнікаў і прыяцеляў».
21 І прамова гэта спадабалася ім.
22 Дык вось змест ліста, які яны напісалі на бронзавых табліцах і паслалі ў Ерузалім, каб ён быў ім памяткай супакою і саюзу.
23 «Хай добра будзе рымлянам і народу юдэйскаму на моры і на сушы вечна, і меч і вораг хай будуць далёка ад іх.
24 Бо калі найперш рымлянам або якому-небудзь з іх саюзнікаў на ўсёй падуладнай ім тэрыторыі будзе пагражаць вайна,
25 то народ юдэйскі павінен аказаць ім усім сэрцам дапамогу ў вайне, як запатрабуе ад іх час,
26 і ваюючым ворагам хай не будуць даваць, ані дастаўляць хлеб, зброю, срэбра, караблі, як гэта спадабалася Рыму; і хай пільнуюць пастановы іх без аніякай адплаты.
27 Падобна ж і калі народу юдэйскаму вайна будзе пагражаць перш, тады рымляне хай памогуць ад душы, наколькі час будзе дазваляць;
28 ваюючым ворагам, як спадабалася Рыму, хай не будуць дастаўляць: збожжа, зброю, срэбра, караблі; і прыказанні гэтыя хай пільнуюць без хітрасці».
29 Паводле гэтых рашэнняў рымляне так усталявалі свае адносіны з народам Юдэяў.
30 Бо калі адны ці другія пасля гэтых рашэнняў захочуць штосьці дадаць або адняць, то будуць гэта рабіць па сваёй волі; і калі яны штосьці дададуць або аднімуць, — гэта будзе нязменным.
31 І што да крыўд, зробленых ім царом Дэмэтрыем — напісалі мы яму гэтыя словы: “Чаму на нашых прыяцеляў, саюзнікаў юдэяў, узлажыў ты сваё ярмо?
32 Дык калі яшчэ звернуцца да нас супраць цябе, тады ўчынім з імі суд і будзем ваяваць супраць цябе на моры і на сушы”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая Кніга Макабэяў, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.