Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 14 1-я Макабэяў 14 раздзел

1 У сто семдзесят другім годзе цар Дэмэтрый сабраў сваё войска і накіраваўся ў Мідыю, каб атрымаць дапамогу ў вайне з Трыфанам.
2 І Арсак, цар Персіі і Мідыі, даведаўся, што Дэмэтрый увайшоў на яго тэрыторыю, і паслаў аднаго са сваіх кіраўнікоў, каб схапіць яго жывым.
3 І ён пайшоў, і разбіў войска Дэмэтрыя, і схапіў яго, і прывёў яго да Арсака, і той пасадзіў яго ў вязніцу.
4 І ва ўсе дні Сімона ў зямлі Юдэйскай жылі спакойна; і ён рупіўся пра дабрабыт для свайго народа; і яго валадаранне спадабалася ім, і слава яго ва ўсе дні.
5 І з поўнаю славаю сваёй узяў Ёпэ дзеля прыстані і адкрыў доступ да марскіх астравоў.
6 І ён пашырыў межы народа свайго і завалодаў краем.
7 І ён сабраў мноства палонных і заваладарыў над Газарай, і Бэтсурай, і крэпасцю; і выкінуў нячыстасці з іх, ды ніхто не мог яму супрацівіцца.
8 І кожны абрабляў зямлю сваю спакойна; і зямля прыносіла належны плён, і дрэвы на палях — сваю садавіну.
9 Старцы сядзелі на вуліцах, усе размаўлялі аб дабрабыце грамадскім, і юнакі апраналіся ў славу і ваенную зброю.
10 І гарадам раздаваў ён правіянт, і ўладкоўваў іх, каб былі ўзорнымі крэпасцямі, дакуль будзе ўпамінацца Яго слаўнае імя аж на краю зямлі.
11 Устанавіў супакой на зямлі, і вельмі радуецца Ізраэль.
12 І кожны сядзіць пад вінаградным кустом сваім і пад фігавым дрэвам.
13 Не стала на зямлі нападаючага на іх, у тыя дні цары былі знішчаны.
14 І ён успамог усім бедным у народзе сваім, і ён спаганяў закон і выдаліў усякую няправасць і ліха.
15 Ён уславіў святыню і павялічыў святыя пасудзіны.
16 І ў Рыме даведаліся, што памёр Ёната; ды надта засумавалі — аж да спартанцаў.
17 Але калі пачулі, што на яго месца першасвятаром быў выбраны брат яго Сімон, ды што ён гаспадарыць над краем і гарадамі, што ў ім пабудаваны,
18 напісалі яму ліст на медных табліцах, што хочуць з ім аднавіць сяброўства і саюз, які быў заключаны з яго братамі: Юдам і Ёнатам;
19 і прачытаны былі яны перад сходам у Ерузаліме.
20 І вось копія лістоў, якія прыслалі спартанцы: «Правіцель спартанцаў разам з горадам — першасвятару Сімону, і старэйшынам, і святарам, і астатняму народу Юдэйскаму, сваім братам, — прывітанне.
21 Вестуны, якія былі пасланы да нашага народа, расказалі нам аб вашай славе і пашане, і ўзрадаваліся мы з іх прыбыцця,
22 і тое, што яны сказалі, мы запісалі ў рашэннях народа так: “Вестуны юдэйскія: Нумэній, сын Антыёха, ды Антыпатр, сын Язона, прыбылі да нас, каб узнавіць сяброўства.
23 І народ рашыў, што вестуноў трэба прыняць урачыста, а копію таго, што яны скажуць, памясціць у кнігах, прызначаных для народа, каб народ спартанцаў бярог памяць аб іх. Копія ж іх зроблена для першасвятара Сімона”.
24 Па гэтым жа паслаў Сімон Нумэнія ў Рым з вялікім залатым шчытом вагою ў тысячу мінаў, каб заключыць з імі саюз.
25 Калі ж пачуў аб гэтым народ, то сказаў: “Якім чынам аддзячым мы Сімону і яго сынам?
26 Ён сам, і браты яго, і дом бацькі яго змаглі выгнаць ворагаў Ізраэля паміж іх; ды яны далі яму свабоду”. Дык апісалі яны на медных табліцах ды памясцілі ў надпісах на гары Сіён.
27 І вось копія надпісу: “У васемнаццаты дзень месяца Элул, у сто семдзесят другім годзе, у трэцім годзе вялікага першасвятара Сімона, у Азарамэлі,
28 на вялікім сходзе святароў, і народа, і князёў народа, і старэйшын краю паведамлена нам вось што:
29 што адбыліся многія баі ў краі, а Сімон, сын Мататыі, сын з сыноў Ёарыба, поруч браты яго выставілі сябе на небяспеку і далі адпор ворагам народа свайго, каб зберагчы святыні свае і закон; і праславілі яны свой народ вялікаю славай.
30 І Ёната сабраў свой народ, і стаў ім першасвятаром, і быў далучаны да народа свайго.
31 І іх ворагі захацелі ўварвацца ў іх край, каб знішчыць яго і працягнуць рукі да святынь іх,
32 тады выступіў Сімон і ваяваў у абароне свайго народа, і аддаў вялікія грошы, і ўзброіў ваяроў войска свайго народа, і выплаціў ім жалаванне.
33 І ён умацаваў юдэйскія гарады, а таксама Бэтсуру, што была на межах Юдэі, дзе раней было войска ворагаў, і памясціў там варту з юдэйскіх ваяроў;
34 Умацаваў таксама Ёпэ, што была над морам, і Газару, што на межах Азота, дзе раней пражывалі непрыяцелі, і ён пасяліў там юдэяў ды даў ім усё, што было патрэбнае да дабрабыту іх.
35 І народ убачыў веру Сімона і славу, якую думаў здабыць свайму народу; і паставілі яго сваім правіцелем і першасвятаром, бо ўсё гэта ён зрабіў: і справядлівасць, і веру, якую збярог у сваім народзе, і ўсякім чынам стараўся ўзвысіць свой народ.
36 І ў яго дні яго рукамі ўдалося выгнаць паганаў з іх краю ды тых, што пражывалі ў горадзе Давідавым, у Ерузаліме, якія пабудавалі сабе крэпасць, з якой рабілі напады і ўсе святыні кругом паганілі, і гэтым рабілі вялікія шкоды яе чысціні;
37 і памясціў у ім юдэяў ваяроў ды ўмацаваў яго болей, каб быў абаронай для краю і для горада, і павысіў муры Ерузаліма.
38 І цар Дэмэтрый за гэта даў яму першасвятарства
39 і паставіў яго сваім прыяцелем, і ўшанаваў яго вялікаю славай.
40 Пачуў бо, што рымляне называюць юдэяў прыяцелямі і саюзнікамі ды братамі, і што пасланнікаў Сімона прынялі з гонарам,
41 і што юдэі і святары згадзіліся, каб Сімон быў у іх правадыром і першасвятаром навек, пакуль не з’явіўся здавераны прарок,
42 і каб ён быў ім ваенным кіраўніком і каб меў клопат аб святынях, каб праз яго ён вызначаў наглядчыкаў за ўсімі работамі, і за краем, і за войскам ды за крэпасцямі;
43 і каб рупіўся аб святынях, і каб яго слухалі; і каб яго імем пісаліся ўсе дамоўленасці ў краі, ды каб апранаўся ў пурпур і золата;
44 і каб нельга было нікому з народа ані паміж святароў адмаўляць штосьці з гэтага і працівіцца яго пастановам, або без яго самога склікаць сход у краі і апранацца ў пурпур, ані карыстацца залатой засцежкай;
45 а кожны, хто зробіць штосьці супраць гэтага або зменіць штосьці з гэтага, — будзе пакараны”».
46 І ўвесь народ згадзіўся падпарадкавацца Сімону і дзейнічаць па яго загадах.
47 І Сімон прыняў гэта і згадзіўся быць першасвятаром і кіраўніком ды правіцелем народа юдэяў і святароў ды першынстваваць над усім.
48 І вырашылі зрабіць гэты надпіс на медных табліцах і паставіць іх на кальцавой сцяне святыні на бачным месцы;
49 копію ж тых рашэнняў пакласці ў скарбоўню, каб Сімон і яго сыны мелі іх пад рукой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая Кніга Макабэяў, 14 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.