Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 5 1-я Макабэяў 5 раздзел

1 І сталася: калі суседнія народы даведаліся, што адбудавалі ахвярнік і што святыня асвячона, як раней, яны надта ўскіпелі злосцю
2 і рашылі выгубіць тых з роду Якуба, якія між імі пражывалі, ды пачалі народ забіваць і пераследаваць.
3 І Юда ваяваў супраць сыноў Эзава ў Ідумеі, у Акрабатане, бо яны абкружалі Ізраэль; і паразіў іх паражэннем страшным, прыціснуў іх і ўзяў з іх здабычу.
4 І прыпомніў злоснасць сыноў Баана, якія былі для народа пасткаю ды дзеля спатыкнення наладжвалі ім засаду на дарогах.
5 І яны перад ім замкнуліся ў вежах, і ён наблізіўся да іх і пракляў іх, і спаліў іх вежы разам з усімі, хто ў іх схаваўся.
6 І пераправіўся да сыноў Амона, і там застаў дужую дружыну, і шматлікі народ, і Ціматэя, іх кіраўніка.
7 І правёў з імі многа баёў, і сцёр іх з віду свайго, і пабіў іх.
8 І здабыў Язэр і ваколіцы яго ды вярнуўся ў Юдэю.
9 І сабраліся пагане, пражываючыя ў Галаадзе, супраць Ізраэля, які жыў на іх землях, каб знішчыць іх; і яны ўцяклі ў крэпасць Датэман,
10 і паслалі ліст Юду ды яго братам з просьбаю: «Пагане, якія жывуць вакол нас, сабраліся супраць нас, каб нас знішчыць,
11 і рыхтуюцца прыйсці і заняць крэпасць, у якую мы ўцяклі, і Ціматэй ёсць кіраўнік іх войска.
12 Дык прыйдзі цяпер і вырві нас з рук іх, бо пала многа нас,
13 і былі пазабіваны ўсе нашы браты, што жылі ў мясцовасці Тубін, і ў няволю павялі іх жонак, і дзяцей, і забралі маёмасць ды загінула там каля тысячы чалавек».
14 Яшчэ чыталіся гэтыя лісты, як прыбылі іншыя вестуны з Галілеі, якія, разадраўшы адзенне сваё, паведамлялі, такімі словамі кажучы,
15 што з Пталемеі, і з Тыра, і з Сідона, і з усёй Галілеі чужынскай сабралася шмат людзей, каб іх загубіць.
16 Калі ж Юда і народ пачулі гэтыя словы, сабраўся вялікі сход, каб параіцца, як дапамагчы сваім братам, што апынуліся ў бядзе, на якіх тыя нападалі.
17 І Юда сказаў брату свайму Сімону: «Выберы сабе ваяроў ды ідзі, ды вызвалі сваіх братоў, якія ў Галілеі; я ж і брат мой Ёната пойдзем у Галаад».
18 І ў Юдэі на варце пакінуў Язэпа, сына Захарыі, і Азарыю, кіраўніка народа, разам з другой часткай войска.
19 І загадаў ім такімі словамі: «Кіруйце гэтым народам, і ў бой з паганамі не ўступайце, аж пакуль мы не вернемся».
20 І вылучаны былі з людзей Сімона тры тысячы ваяроў, каб ішлі яны ў Галілею, а з Юды восем тысяч — у Галаад,
21 І Сімон накіраваўся ў Галілею, і шмат правёў баёў з паганамі, і пагане былі пабітыя перад абліччам яго,
22 і ён гнаў іх аж да брамы Пталемаіды, і спаміж паганаў пала каля трох тысяч ваяроў, і ён забраў іх здабычу.
23 І забраў людзей, якія жылі ў Галілеі і ў Арбатаху, разам з жонкамі, і дзецьмі, і з усім, што было ў іх, ды прывёў іх з вялікаю радасцю ў Юдэю.
24 І Юда Макабэй і яго брат Ёната пераправіліся праз Ярдан і тры дні ішлі праз пустыню;
25 і спаткаліся з набатэямі, і яны прынялі іх у супакоі, і распавялі ім аб ўсім, што адбывалася з іх братамі ў Галаадзе,
26 і што многія з іх былі захоплены ў Басоры, і ў Басоры на Аліме, у Касфо, у Мацэдзе, і ў Карнайне; усе гэтыя гарады вялікія і ўмацаваныя.
27 Ды ў другіх гарадах Галаада ўтрымліваюць захопленых; у наступны дзень вырашылі яны наблізіцца да ўмацаванняў, і ўзяць іх, і ў адзін дзень забіць іх усіх.
28 І Юда з усім сваім войскам раптам павярнуў сваю дарогу праз пустыню да Басора, і ўзяў горад, і мечам забіў усіх мужчын ды забраў усю здабычу іх, і спаліў яго агнём;
29 і ноччу адправіўся адтуль, і пайшлі яны аж да ўмацавання.
30 І сталася на світанні, калі жыхары паднялі вочы свае, убачылі яны шматлікае войска, незлічонае і як падносяць драбіны і машыны асадныя, каб захапіць умацаванне і яго жыхароў.
31 І Юда ўбачыў, што завязаўся бой і гоман з горада падняўся ў неба, як ад труб і гучных крыкаў;
32 і прамовіў да ваяроў войска: «Ваюйце сёння за нашых братоў».
33 І з трыма дружынамі пайшоў за імі, і затрубілі ў трубы, і ўголас маліліся.
34 І войска Ціматэя даведалася, што гэта Макабэй, ды ўцякло перад ім; ён паразіў іх страшным паражэннем; і пала з іх у той дзень каля васьмі тысяч ваяроў.
35 І Юда накіраваўся ў Міцпу, і асадзіў, і здабыў яе. І забіў там усіх мужчын, і ўзяў здабычу яе, і спаліў яе агнём.
36 Адтуль пайшоў і ўзяў Касфо, Мацэду, і Басор, і іншыя гарады Галаада.
37 А пасля гэтых падзей сцягнуў Ціматэй іншае войска, і паставіў лагер насупраць Рафона, на другім баку ручая.
38 І Юда паслаў войска ў разведку, і яны яму паведамілі, кажучы: «Сабраліся да яго ўсе акружаючыя нас пагане, войска дужа вялікае;
39 і арабаў наняў у дапамогу сабе, і паставілі яны лагер за ручаём, гатовыя выступіць супраць цябе ваяваць». Дык Юда выступіў супраць іх.
40 І Ціматэй кажа кіраўнікам войска свайго: «Калі Юда і войска яго наблізіцца да ручая, калі першы прыйдзе да нас, не зможам супрацівіцца яму, бо напэўна пераможа нас;
41 а калі будзе баяцца пераходзіць ды паставіць лагер над ручаём, тады мы пераправімся да іх і пераможам яго».
42 Калі ж Юда наблізіўся да ручая, над яго берагамі паставіў пісараў з народа ды загадаў ім, кажучы: «Не пакідайце ніводнага чалавека, але хай усе ідуць ваяваць».
43 Ды першым пераправіўся да іх, і за ім увесь народ. Ды знішчаны былі перад імі ўсе пагане, кінулі зброю сваю і ўцякалі ў храм у Карнайн.
44 І яны ўзялі той горад, і храм спалілі агнём разам з усімі, хто ў ім прабываў; і знішчаны быў Карнайн, і не змог устаяць перад Юдам.
45 І Юда сабраў усіх ізраэльцаў, якія былі ў Галаадзе, ад найменшага аж да найбольшага, разам з жонкамі іх, і дзецьмі, і маёмасцю — надта вялікае войска, каб вярнуцца ў зямлю Юдэі.
46 І прыбылі ў Эфрон. І гэта быў вялікі і надта ўмацаваны горад пры дарозе; нельга было яго абмінуць ані ўправа, ані ўлева, але дарога ішла праз яго сярэдзіну.
47 І жыхары горада замкнуліся і брамы завалілі камянямі. Ды Юда паслаў да іх вестуноў са словамі супакою, кажучы:
48 «Пройдзем праз вашу зямлю ды пойдзем у сваю зямлю, і ніхто не зробіць вам шкоды; толькі пяшком пяройдзем». І яны не хацелі адчыняць ім.
49 Ды Юда загадаў аб’явіць у лагеры, каб кожны ішоў у бой з таго месца, у якім знаходзіцца.
50 І ваяры ўключыліся ў бой, і асаджалі той горад увесь дзень і ўсю ноч; і аддаўся ён у яго рукі.
51 І перабіў ён усіх мужчын вастрыём меча, і горад вынішчыў датла, і забраў здабычу яго, і прайшоў праз горад па трупах.
52 І пераправіліся праз Ярдан на вялікую раўніну насупраць Бэтсана.
53 І сабраў Юда астатніх, і падбадзёрваў народ усю дарогу, пакуль не прыбылі ў Юдэйскую зямлю.
54 І з весялосцю і радасцю ўзышлі на гару Сіён, і ўсклалі ахвяры цэласпалення, таму што з іх ніхто не паў, аж пакуль не вярнуліся ў спакоі.
55 І ў той час, калі Юда і Ёната былі ў зямлі Галаад, і яго брат Сімон быў у Галілеі насупраць Пталемеі,
56 Язэп, сын Захарыі, і Азарыя, кіраўнік войска, даведаліся аб добрых подзвігах і баях, якія яны даканалі,
57 і сказалі: «То і мы праславім сваё імя і пойдзем ваяваць супраць паганаў, якія нас акружаюць».
58 І паведамілі яны гэта тым, хто быў з іх войска, і пайшлі на Ямнію.
59 І Горгія і яго ваяры выйшлі з горада ваяваць супраць іх;
60 і Язэп і Азарыя былі змушаны ўцякаць, і іх гналі аж да межаў Юдэі, і ў той дзень з народа Ізраэля пала каля дзвюх тысяч ваяроў; і выклікала гэта вялікія ўцёкі ў народзе,
61 бо яны не паслухаліся Юды і братоў яго, думаючы паказаць сваю мужнасць.
62 Яны ж не былі з роду людзей тых, праз рукі якіх дадзена было збаўленне Ізраэлю.
63 І ваяр Юда, і браты яго праславіліся надта на віду ўсяго Ізраэля ды ўсіх плямёнаў, дзе толькі чулі іх імя;
64 і сабраліся да іх, прамаўляючы пахвалу.
65 І Юда і браты яго выйшлі і ваявалі супраць сыноў Эзава ў зямлі, якая знаходзіцца на поўдні. І здабыў Гэброн і ваколіцы яго, і разбурыў умацаванні яго, і вежы вакол яго папаліў.
66 І падняў лагер і пайшоў у зямлю чужую, і праходзіў праз Марэсу.
67 У той дзень палі ў баі святары, бо хацелі праславіцца мужнасцю і неабдумана ўступілі ў бой.
68 І Юда павярнуў у Азот, чужую зямлю, і развярнуў іх ахвярнікі, і спаліў агнём статуі багоў іх, і з гарадоў узяў здабычу. І вярнуўся ў юдэйскую зямлю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая Кніга Макабэяў, 5 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.