Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 3 1-я Макабэяў 3 раздзел

1 І замясціў яго сын яго — Юда, які зваўся Макабэй.
2 І падтрымалі яго ўсе браты яго ды ўсе, якія раней далучыліся да бацькі яго; і ваявалі за Ізраэль з радасцю.
3 І ён пашырыў славу народа свайго, і апрануў на сябе панцыр, як велікан, і падперазаўся ваеннаю зброяю сваёй, і правёў бітву, абараняючы лагер мечам.
4 У дзейнасці сваёй быў падобны да льва і да рыкаючага львяняці, калі ён кідаецца на здабычу;
5 і пераследаваў бязбожных; вышукваў іх ды паліў тых, якія крыўдзілі яго народ.
6 І дрыжэлі ад страху ліхотнікі ды ўсе злачынцы былі напалоханы; і ўдавалася яму ратаваць паспяхова.
7 І ён раззлаваў многіх цароў; і Якуб цешыўся з яго дзейнасці, і навечна застанецца памяць пра яго з дабраславеннем.
8 І прайшоў па гарадах Юды, і выгубіў у ёй бязбожных, і адвярнуў гнеў ад Ізраэля,
9 і імя яго было вядомым аж на ўскрайку зямлі, і сабраў ён гінучых.
10 Вось жа, Апалоній сабраў паганаў і вялікае войска з Самарыі, каб ваяваць супраць Ізраэля.
11 І даведаўся аб гэтым Юда, і выступіў супраць яго; і перамог яго, і забіў, і многія загінулі, пакалечаныя, і іншыя паўцякалі.
12 І яны забралі здабычу іх, і меч Апалонія забраў Юда; і ён ваяваў ім усё жыццё сваё.
13 І Сэрон, кіраўнік сірыйскага войска, пачуў, што Юда сабраў сход і сазваў да сябе людзей верных, каб ісці ваяваць,
14 ды сказаў ён: «Праслаўлю імя сваё, і славу сабе здабуду ў царстве, і адолею Юду і тых, што з ім разам, бо яны пагарджаюць загадам царскім».
15 І адправіўся ён, і з ім пайшло войска бязбожных моцнае, у дапамогу яму, каб чыніць помсту на сынах Ізраэля.
16 І наблізіўся аж да ўзгорка Бэтарон, і супраць яго выйшаў Юда з малой дружынай.
17 Калі ж яны ўбачылі войска, што ішло на іх, сказалі Юдзе: «Нас так мала і мы сёння слабыя, бо нічога не елі, ці зможам ваяваць супраць такога вялікага і дужага войска?»
18 Юда сказаў: «Лёгка могуць быць адданыя многія ў рукі нямногіх; і перад небам няма розніцы, многімі вызваліць, ці нямногімі,
19 бо перамога ў баі залежыць не ад мноства войска, але яго сіла — ад неба.
20 Яны ідуць на нас, поўныя пыхлівасці і злачыннасці, каб знішчыць нас, і жонак нашых, і дзяцей нашых ды каб абрабаваць нас;
21 мы ж ваюем за жыццё нашае і за законы нашыя,
22 і Сам Госпад сатрэ іх перад абліччам нашым; вы ж іх не бойцеся».
23 Калі ж перастаў гаварыць, напаў ён на іх раптоўна; і Сэрон, і войска яго былі пабіты перад абліччам яго.
24 І пераследаваў яго аж да спуску Бэтарон, аж да раўніны, і пала іх восемсот чалавек; а іншыя ўцяклі ў Філістынскую зямлю.
25 Ды ахапіў страх перад Юдам і братамі яго, і жах напаткаў паганаў вакол іх;
26 і слава імя яго дайшла да цара ды пра бітвы Юды расказвалі ўсе народы.
27 Антыёх, пачуўшы гэтыя апавяданні, закіпеў у душы гневам; і разаслаў вестуноў, і сабраў войска з усяго царства свайго, армію надта вялікую.
28 І адчыніў скарбоўню сваю, і выдаў утрыманне войску на ўвесь год, і загадаў ім, каб былі прыгатаваны да ўсяго.
29 І вось заўважыў, што нестае грошай у яго скарбоўнях і што падаткі краіны малыя з прычыны разладу і няшчасця, якое ўчыніў у гэтай зямлі, каб скасаваць законы, якія былі ад найдаўнейшых часоў;
30 ды забаяўся, што, як не раз і не два здаралася, не будзе мець грошай на пакупкі і дарункі, якія раней раздаваў шчодрай рукой, і быў шчадрэйшы за папярэдніх цароў.
31 І дужа быў заклапочаны гэтым, і рашыўся ісці ў Персію, і ўзяць падаткі з тых рэгіёнаў, і сабраць многа срэбра.
32 І над царскімі справамі пакінуў ён Лісію, чалавека вяльможнага і з царскага роду, на тэрыторыі ад ракі Эўфрат аж да межаў Егіпта,
33 і даручыў яму на выхаванне сына свайго Антыёха аж да свайго вяртання.
34 І перадаў яму палову войска, і сланоў, і даў яму загады адносна ўсяго, што хацеў, і ў дачыненні жыхароў Юдэі і Ерузаліма,
35 каб ён паслаў супраць іх войска, дзеля знішчэння і выкаранення сілы Ізраэля ды астаткаў Ерузаліма, ды каб сцерці памяць аб іх на тым месцы,
36 ды каб пасяліць ва ўсіх граніцах іх чужых жыхароў і зямлю іх падзяліць жэрабем.
37 І цар забраў другую палову свайго войска і ў сто сорак сёмым годзе адправіўся з горада царства свайго, Антыёхіі, і пераправіўся праз раку Эўфрат, і прабіраўся праз гарыстыя краіны.
38 І Лісія выбраў Пталемея, сына Дарымэна, і Міканора, і Горгію — мужчын магутных паміж прыяцеляў цара, —
39 і паслаў з імі сорак тысяч чалавек і сем тысяч коннікаў, каб пайшлі ў зямлю Юды ды спустошылі яе па царскім загадзе.
40 І адправіліся яны з усім сваім войскам; і прыбылі; і непадалёку ад Эмауса паставілі лагер на раўніне.
41 І пачулі імёны іх купцы краіны, і набралі надта многа срэбра і золата, таксама кайданы на ногі, і прыйшлі ў лагер, каб узяць ізраэльцаў за нявольнікаў, і далучыліся да іх дружыны з Сірыі і з зямлі чужынцаў.
42 І Юда, і браты яго ўбачылі, што памножыліся беды і што войска наблізілася да межаў іх, і даведаліся пра загад цара, каб знішчыць народ зусім, да астатку.
43 Ды сказалі адзін аднаму: «Паўстаньма супраць знішчэння народа нашага і ваюйма за наш народ і святых нашых».
44 Ды сабраўся сход, каб былі яны гатовыя да бою ды каб маліліся і прасілі міласэрнасці і літасці.
45 І Ерузалім быў неабжыты, быццам пустыня; паміж сыноў яго ніхто не ўваходзіў і ніхто не выходзіў, і святыня тапталася, і сыны чужынцаў пражывалі ў крэпасці; там было прыстанішча паганаў. І аднята была ад Якуба радасць, і зніклі флейта і цытра.
46 І сышліся, і пайшлі ў Міцпу насупраць Ерузаліма, таму што ў Міцпе было калісьці месца малення для Ізраэля;
47 і ў той дзень посцілі, і ўсклалі на сябе зрэбніцы, і галовы свае пасыпалі попелам, і параздзіралі на сабе адзенне,
48 і разгарнулі кнігу закону з тою мэтаю, з якой пагане пытаюцца ў статуй сваіх ідалаў;
49 і прынеслі святарскія шаты, і першыя плады, і дзесяціны, і паклікалі назіраў, якія напоўніліся днямі,
50 і заклікалі ўголас да неба, пытаючыся: «Што маем рабіць з імі і куды маем іх весці?
51 І святыні Твае стаптаныя і спаганеныя, і святары Твае ў жалобе і ў пакоры;
52 і, вось, пагане сабраліся супраць нас, каб нас загубіць; Ты знаеш іх намеры адносна нас.
53 Як зможам мы супрацьстаяць ім, калі Ты не дапаможаш нам?»
54 І затрубілі ў трубы, і загаманілі моцным голасам.
55 І затым Юда паставіў кіраўнікоў над народам, тысячнікаў, і сотнікаў, і пяцідзесятнікаў, і дзесятнікаў,
56 і сказаў тым, якія будавалі дамы, і жаніліся, і закладалі вінаграднікі, і баяліся, што па законе кожны вернецца ў дом свой.
57 І зняліся з лагера і размясціліся на поўдзень ад Эмауса.
58 І Юда загадаў: «Падперажыцеся і будзьце сынамі моцнымі, і падрыхтуйцеся да раніцы, бо пойдзем змагацца супраць тых народаў, што сабраліся супраць нас, каб знішчыць нас і нашы святыні;
59 бо лепш нам памерці ў баі, чым глядзець на гора народа нашага і святых.
60 А якая будзе воля на небе, хай так станецца».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая Кніга Макабэяў, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.