Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка, 38 Эклезіясціка, 38 глава

1 Шануй лекара дзеля яго патрэбнасці; бо вось, стварыў яго Узвышні.
2 Ад Бога бо мае ён мудрасць, і ад цара атрымае ён падарункі.
3 Навука лекара падыме яму галаву, і сярод магнатаў будзе ён мець пахвалу.
4 Узвышні з зямлі стварыў лекі, і разважны чалавек не будзе іх цурацца.
5 Ці не ад дрэва горкая вада стала салодкай,
6 каб пазналі людзі моц яе? І Узвышні даў людзям веды, каб быў Ён праслаўлены ў цудах Сваіх.
7 Імі лечачы ўлагодзіць боль, і гандляр мазямі прыгатуе з іх зёлкі прыемнасці, каб не спынялася яго дзейнасць
8 і здароўе на ўсёй зямлі.
9 Сыне, у хваробе сваёй не адцурайся самога сябе, але маліся да Госпада, і Ён вылечыць цябе.
10 Адвярніся ад злачынства, і выцягні рукі, і ачысці сэрца сваё ад усякага граху;
11 дай прыемнасці і падзякі з чыстай мукі, ды ўскладзі ахвяру тлустую па магчымасці сваёй. І пакліч лекара,
12 бо яго таксама Госпад стварыў; і хай не адыходзіць ад цябе, бо дзейнасць яго патрэбная.
13 Бывае бо час, калі праз іх рукі прыходзіць палягчэнне.
14 Яны ж самі папросяць Госпада, каб пакіраваў да добрага пазнання хваробы ды даў поспех у лячэнні.
15 Хто дапусціўся граху на віду Таго, Хто стварыў яго, трапіць у рукі лекара.
16 Сыне, пралівай слёзы па памерлым, ды, як быццам цяжка церпячы, пачні галашэнне, і, як належыцца, пакрый цела яго і не адцурайся ад пахавання яго.
17 Горка плач і прадаўжай галашэнне,
18 і пакладзі жалобу паводле заслугі яго, — дзень адзін або два, каб пазбегнуць асуджэння, — і пасля суцешся ад смутку.
19 Смутак бо прыспешвае смерць, і сум сэрца нішчыць сілу.
20 Па пахаванні застаецца смутак, і жыццё ўбогага — праклён сэрца.
21 Не папускай у смутак свайго сэрца, але ўхіляй яго ад сябе, памятаючы пра свой канец.
22 Не забывай, што няма звароту: і гэтаму зусім не дапаможаш, і сабе зашкодзіш.
23 Памятай пра суд яго; такі бо будзе і твой: мне ўчора, і табе сёння!
24 У супакоі памерлага супакой памяць аб ім, і суцешся па ім, па выхадзе духу яго.
25 Мудрасць кніжніка здабываецца ў вольны ад занятку час; і хто менш займаецца дзейнасцю, здабудзе той мудрасць. Як можа здабыць мудрасць той,
26 хто трымае плуг і хто славіцца кідком дзіды? Паганяе ён валоў, ды заняты іх справамі, і расказвае толькі пра маладых бычкоў.
27 Сэрца яго будзе занятае тым, каб араць барозны, і начамі будзе думаць пра пашу для кароў.
28 Так кожны рамеснік і мастак, які так ноч, як і дзень, праводзіць; хто займаецца разьбой па пячацях і вытрыманасць яго змяняе формы разьбы; сэрца сваё аддасць для таго, каб малюнак зрабіць жывым, і не спіць начамі, каб скончыць працу.
29 Так і каваль, седзячы каля кавадла, думае пра твор з жалеза; дух агню паліць яго цела, ды ваюе ён з жарам ад печы.
30 Стукат молата глушыць яго вуха, і вока яго звернута да падабенства з пасудзінаю.
31 Сэрца сваё ён прысвяціць выкананню работ, і начамі не спіць, каб давесці іх да дасканаласці.
32 Так ганчар, седзячы пры сваёй працы, круціць нагамі сваімі кола, заўсёды праняты клопатам пра сваю працу, і на ўліку ўся яго праца;
33 рукамі сваімі фармуе гліну і нагамі змякчае яе цвёрдасць.
34 Сэрца сваё прыкладае ён для дасягнення дасканаласці, ды па начах не спіць, каб вычысціць сваю печ.
35 Усе яны паклалі надзею ў руках сваіх, і кожны з’яўляецца мудрым у сваім майстэрстве.
36 Без іх усіх не можа быць збудаваны горад,
37 і жыхары не абжывуцца ды не будуць гуляць у ім. Аднак не запрашаюцца яны на сход народа і на сходзе не падымаюцца на вышэйшае месца,
38 не будуць сядзець яны ў судзейскіх крэслах, і не будуць разумець закону прымірэння, і не зробяць яны ўклад у настаўленне і законнасць, і не дададуць у прыпавесці,
39 але падтрымаюць іх стварэнні працы і руплівасць у мастацкай творчасці.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эклезіясціка, 38 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.