Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка, 6 Эклезіясціка, 6 глава

1 Не шкодзь ані ў малым, ані ў вялікім і не станавіся прыяцелем ворагу. Бо ліхое імя, і ўпіканне, і ганьбу атрымаеш: так кожны грэшнік і крывадушнік ненавісны і двуязычны.
2 Не вынось сябе ў думках сваёй душы, як вол, каб часам не выявілася моц твая дурасцю:
3 і лісты твае змарнуе, і плады знішчыць, і застанешся, як сухое дрэва ў пустыні.
4 Ліхая бо душа загубіць таго, хто яе мае, і зробіць яго пасмешышчам для ворагаў, і давядзе да лёсу бязбожных.
5 Салодкія вусны памнажаюць прыяцеляў і ўлагоджваюць ворагаў, і мілагучны язык кажа прывітанне.
6 Тых, хто жыве з табой мірна, можа быць многа, а дарадчыкам тваім можа быць адзін з тысячы.
7 Калі хочаш набыць прыяцеля — набудзь яго ў выпрабаванні і не з лёгкасцю павер яму.
8 Бывае бо прыяцель сябрам у патрэбны яму час і не застаецца — у дзень тваёй бяды.
9 І бывае прыяцель, які пераходзіць да непрыязнасці і выяўляе звадку на тваю ганьбу.
10 Бывае прыяцель як сябар пры стале і не вытрывае ў дзень тваёй бяды;
11 у дабрабыце тваім будзе ён табе роўны і з хатнімі тваімі будзе давераны,
12 а калі ты будзеш упакораны — абернецца супраць цябе ды схаваецца ад цябе.
13 Ад ворагаў сваіх ухіляйся і будзь асцярожным з сябрамі сваімі.
14 Верны сябар — магутная абарона, і хто яго знайшоў — скарб знайшоў.
15 Вернаму сябру няма цаны ды няма вагі для яго дабрыні.
16 Верны сябар — лекі для жыцця; той, хто баіцца Госпада, — знойдзе яго.
17 І хто баіцца Госпада, будзе мець таксама сяброўства Яго, бо які Ён Сам, такім будзе Яго сябар.
18 Сыне, ад маладосці сваёй старайся вучыцца, ды аж да сівізны шукай мудрасці.
19 Як араты і сейбіт набывай яе і захавай добрыя яе плады.
20 Бо ў справе яе трошкі папрацуеш і хутка будзеш спажываць яе плады.
21 Для неадукаваных людзей мудрасць амаль недаступная, і неразумны не вытрымае ў ёй.
22 Яна будзе на ім, як цяжкі камень выпрабавання, і ён не замарудзіць скінуць яе.
23 Мудрасць адпавядае імю свайму і толькі нямногім адкрываецца; а хто яе пазнаў, застаецца перад абліччам Божым.
24 Слухай, сыне, і прымі меркаванне маё, ды не адкідвай рады маёй.
25 Накладзі на ногі твае путы яе і на шыю сваю — ланцуг яе;
26 падстаў плячо сваё і насі яе, і не курчыся на ціск яе.
27 Усёю душою прытуліся да яе ды беражы яе шляхі ўсёю сілаю сваёй.
28 Наглядай і сачы, шукай — і знойдзеш, і, схапіўшы, не пакідай яе.
29 Бо ў канцы знойдзеш супачынак у ёй, і яна абернецца ў радасць табе.
30 І путы яе будуць для цябе моцнаю абаронаю, ды ланцуг яе — шатамі славы,
31 бо залатая на ёй аздоба і путы яе — гіяцынтавыя ніткі.
32 Адзенеш яе шатамі славы ды ўскладзеш на сябе вянец радасці.
33 Сыне, калі будзеш хацець яе — навучышся, ды калі прыладзіш душу сваю — будзеш мудры.
34 Калі з любоўю будзеш слухаць, то навучышся; і калі нахіліш вуха сваё — мудры будзеш.
35 Стань на сходзе старэйшын і сэрцам далучыся да мудрасці іх, каб ахвотна слухаць усякую размову Божую, і разумныя прыказкі хай прыцягваюць увагу тваю.
36 Ды калі ўбачыш разумнага, пільнуй яго, ды нага твая хай сцірае парог дзвярэй яго.
37 Разважай пра прыказанні Божыя і да загадаў Яго будзь надта пільны; і Ён Сам умацуе сэрца тваё, і прагнасць да мудрасці будзе дадзена табе.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эклезіясціка, 6 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.