1 Не пацешышся сынамі бязбожнымі; калі шмат іх будзе, не парадуешся імі, калі няма страху Божага ў іх.
2 Не вер жыццю іх, ды не звяртай увагі на труды іх.
3 Лепш бо адзін, які баіцца Бога, чым тысяча бязбожных дзяцей;
4 і лепш памерці бяздзетнаму, чым пакінуць бязбожных дзяцей.
5 Ад аднаго разумнага абжывецца бацькаўшчына, а ад трох бязбожных — апусцее.
6 Многа такіх здарэнняў убачыла маё вока, ды пра важнейшае за гэта — пачула маё вуха.
7 На зборышчы грэшнікаў узгарыцца агонь, і ў народзе няверуючым гарыць абурэнне.
8 Не ўміласцівілі Яго даўнейшыя веліканы, якія паднялі бунт, упэўненыя ў сваёй сіле.
9 І не пашкадаваў Ён сужыхароў Лота, і выгубіў іх дзеля пыхлівасці іх слова;
10 не злітаваўся над народам праклятым, што быў знішчаны дзеля грахоў сваіх.
11 І так шэсцьсот тысяч пешакоў, якія сабраліся ў закамянеласці свайго сэрца; і хоць бы і адзін быў цвердалобы, дзіўным было б, калі б ён не быў пакараны:
12 бо міласэрнасць і гнеў разам у Яго, Ён цярплівы, літасцівы і спаганяючы гнеў.
13 Якая вялікая міласэрнасць Яго, такая і вялікая строгасць Яго: чалавека судзіць па яго ўчынках.
14 Не ўцячэ ад Яго грэшнік са здабычай, і пакута справядлівага не застанецца пустой.
15 Кожнаму добраму ўчынку — будзе адплата: кожны паводле ўчынкаў сваіх — знойдзе сабе плату і паводле разумення шляху Яго. Госпад закамяніў сэрца фараона, каб не пазнаў Яго, каб справы яго не былі вядомымі пад небам. Міласэрнасць Сваю аб’явіў Ён усім сваім стварэнням, святло Сваё і цемру раздаў Ён сынам чалавечым.
16 Ты не кажы: «Схаваюся ад Бога! Ды хто на вышынях будзе помніць пра мяне?
17 У шматлікім народзе не пазнаюць мяне; бо чым жа з’яўляецца мая душа ў такім бязмежным стварэнні?»
18 Вось, неба і неба нябёсаў, бяздонне і ўся зямля ды ўсё, што на ёй, перад абліччам Яго задрыжыць;
19 разам горы, і ўзгорышчы, і падваліны зямлі, калі гляне на іх Бог, — задрыжаць са страху.
20 І ва ўсіх іх Ён размясціць сэрца, бо ўсякае сэрца Ён разумее.
21 Ды хто разумее Яго шляхі? Як вецер, якога і вока чалавечае не ўбачыць.
22 Бо надта многія Яго дзеянні — скрытыя, і справы справядлівасці Яго хто выкажа або хто дачакаецца? Бо далёка Яго рашэнне, і пытанне ўсіх вырашыцца па заканчэнні.
23 У каго зняважлівае сэрца, той так думае, і чалавек неразумны і аблудны думае так нядобра.
24 Слухай мяне, сыне, і вучыся сэнсу мудрасці,
25 і я спакойна выкладу навуку і рупліва растлумачу мудрасць, і зваж у сэрцы сваім на словы мае. Выяўлю ў бесстароннасці духа дабрадзейнасці, якія Бог ад пачатку ўклаў у справы Свае, і праўдзіва выкажу Яго веды.
26 Як Бог ад пачатку стварыў Свае творы і ад заснавання іх Ён раздзяліў іх на часткі,
27 упарадкаваў навек іх дзеянні, ды валаданне іх па прызначэннях іх. Не адчуваюць голаду і не пакутуюць, ды не спыняюцца ў сваёй дзейнасці.
28 Не замінае кожны блізкаму сабе,
29 і аж павек будуць вернымі Яго слову.
30 Затым глянуў Бог на зямлю і запоўніў яе Сваімі даброццямі;
31 пакрыў паверхню яе ўсякага роду жывымі істотамі, і ў яе яны зноў вернуцца.