1 Хто захоўвае закон, памнажае прынашэнні.
2 Хто зважае на прыказанні — ускладае ахвяру збаўлення.
3 [Хто адплачвае за ласку — ускладае ахвяру з мукі, і хто дае міласціну — ускладае ахвяру пахвалы.]
4 Адвярнуцца ад злачыннасці — упадабанне Госпаду,
5 і адступіцца ад несправядлівасці — маленне за грахі.
6 Не паказвайся перад воблікам Госпада з пустымі рукамі:
7 бо ўсё гэта адбываецца паводле прыказанняў Божых.
8 Ахвяра справядлівага напаўняе ахвярнік тлустасцю, і пах яе мілы падымаецца перад Узвышнім;
9 ахвяра справядлівага прыемная, ды памяць пра яе не будзе забыта Госпадам.
10 З вясёлым вокам праслаўляй Бога, ды не памяншай пяршыняў з рук тваіх;
11 пры кожным дарэнні рабі твар свой вясёлым, ды з радасцю ўскладзі ў ахвяру дзесяціны свае;
12 давай Узвышняму так, як Ён дае, і з вясёлым вокам зрабі шчодры дар па магчымасці рук тваіх,
13 бо Госпад адплаціць і аддасць табе ў сем разоў.
14 Не ўскладай крывадушных дароў, бо Ён не прыме іх,
15 і не пакладай надзеі ў несправядлівай ахвяры, бо Госпад ёсць суддзя, і Ён не звяртае ўвагі на славу асобы.
16 Ён зверне ўвагу на ўбогага і выслухае маленне пакрыўджанага.
17 Не адцураецца ад просьбаў сіраты і ўдавы, калі яна жаліцца.
18 Ці ж слёзы ўдавы не сцякаюць па шчацэ, і галашэнне яе не супраць таго, хто іх выклікае?
19 Бо яна ад шчакі падымаецца ў неба, і Госпад слухае і незадаволены імі.
20 Хто служыць Богу, будзе прыняты з задавальненнем, ды маленне яго падымецца аж да хмар.
21 Мальба ўпакорнага пранікне ў воблакі, і не суцешыцца, пакуль не прыблізіцца да мэты; ды не спыніцца, аж пакуль не гляне Узвышні, і Ён як справядлівы суддзя выдасць прысуд.
22 Ды Госпад не замарудзіць і Наймагутнейшы не сцерпіць іх, пакуль не сатрэ спінаў крыўдзіцелям,
23 і пакуль не адпомсціць паганам, і пакуль не загубіць мноства пыхліўцаў, ды пакуль не сатрэ жазлы несправядлівых,
24 пакуль не аддасць людзям па іх учынках і Адаму па дзеянням яго упорыстасці,
25 пакуль не выдасць прысуд Свайму народу, ды не абрадуе іх Сваёй міласэрнасцю.
26 Міласэрнасць у час гора высакародная і своечасовая, як дажджавыя аблокі ў час засухі.