Эзэкіэля 35 глава

Кніга прарока Эзэкіэля
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«Сын чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць гары Сэір і прароч супраць яе.
 

І скажаш ёй: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, гара Сэір, і Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на спусташэньне і разрабаваньне.
 

Гарады твае Я зраблю руінамі, і ты станешся пусткаю, і даведаешся, што Я — ГОСПАД.
 

За тое, што меў ты вечную варожасьць і аддаў сыноў Ізраіля пад меч у час загубы іхняй, падчас беззаконьня канца [іхняга],
 

дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я перамяню цябе ў кроў, і кроў будзе перасьледаваць цябе. Бо ты крыві не зьненавідзеў, таму кроў будзе перасьледаваць цябе.
 

Гару Сэір Я аддам на спусташэньне і разрабаваньне, і вынішчу на ёй таго, хто ідзе, і таго, хто вяртаецца.
 

І Я напоўню забітымі горы твае, і на ўзвышшах тваіх, і ў лагчынах тваіх, і ў-ва ўсіх ярах тваіх будуць падаць пазабіваныя мячом.
 

Я зраблю цябе вечнай пусткаю, гарады твае ня будуць абжытыя, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
 

За тое, што ты сказаў: "Абодва народы і абедзьве зямлі будуць мае, я вазьму іх у спадчыну, хоць там быў ГОСПАД",
 

дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я зраблю табе паводле гневу твайго і паводле зайздрасьці тваёй, якую выказаў ты, маючы нянавісьць да іх. І Я стануся вядомым для іх, калі буду судзіць цябе.
 

І ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, Я чуў усе зьнявагі твае, якія ты казаў супраць гор Ізраіля, кажучы: "Яны спусташэньнем спустошаныя, аддадзеныя нам на ежу".
 

Вы вывышаліся адносна Мяне вуснамі сваімі, і памнажалі супраць Мяне словы вашыя, Я чуў [гэта].
 

Гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Як узрадуецца ўся зямля, калі Я зраблю цябе пусткаю.
 

І як ты радаваўся, што спадчына дому Ізраіля спустошаная, гэтак сама Я зраблю табе. Пусткаю станецца гара Сэір і ўвесь Эдом, усе вы; і даведаецеся, што Я — ГОСПАД"”.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.