Філімону 1 глава

Пасланьне да Філімона Апостала Паўла
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — Філімону, улюбёнаму і супрацоўніку нашаму,
 

і ўлюбёнай Апфіі, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе, і хатняй царкве тваёй:
 

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Дзякую Богу майму, заўсёды ўзгадваючы пра цябе ў малітвах маіх,
 

чуючы пра любоў тваю і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
 

каб супольнасьць веры тваёй была дзейснай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце Ісусе.
 

Бо вялікую маем ласку і пацяшэньне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, супачылі ўнутранасьці сьвятых.
 

Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што прыстойна [рабіць],
 

лепш праз любоў прашу я, ня хто іншы, як Павал, староста, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста.
 

Прашу цябе адносна дзіцяці майго Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх,
 

што быў некалі некарысны для цябе, а цяпер патрэбны табе і мне.
 

Яго я паслаў, а ты яго, як мае ўнутранасьці, прыймі.
 

Хацеў я яго пры сабе трымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле,
 

але без твае згоды нічога не хацеў зрабіць, каб дабро тваё не з прынукі было, а з добрае волі.
 

Бо можа ён дзеля таго на гадзіну адыйшоў, каб ты атрымаў яго назаўсёды,
 

ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўлюбёнага, асабліва для мяне, а тым больш для цябе — і паводле цела, і ў Госпадзе.
 

Дык калі маеш мяне за супольніка, прыймі яго, як мяне.
 

А калі ён чым скрыўдзіў цябе або вінен, лічы гэтае на мне.
 

Я, Павал, напісаў маёю рукою: «Я аддам»; каб не казаць табе, што ты і самім сабою мне вінны.
 

Гэтак, браце, дай мне скарыстацца ад цябе ў Госпадзе; супакой унутранасьці мае ў Госпадзе.
 

Перакананы ў паслухмянасьці тваёй, я напісаў да цябе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым кажу.
 

А таксама падрыхтуй для мяне гасподу, бо спадзяюся, што праз малітвы вашыя буду вам падараваны.
 

Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысьце Ісусе,
 

Марк, Арыстарх, Дэмас, Лука, супрацоўнікі мае.
 

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амэн.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.