Юды 1 глава

Паўсюднае пасланьне Апостала Юды
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом:
 

літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца!
 

Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбайнасьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым.
 

Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца.
 

Я хачу нагадаць вам, якія аднойчы гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпецкае, тых, што не паверылі, пасьля загубіў,
 

і анёлаў, якія не захавалі свае ўлады, але пакінулі сваё жытло, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня трымае.
 

Як Садом і Гамора і вакалічныя гарады, якія падобна да іх жылі ў распусьце і за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад кару вечнага агню, пастаўленыя за прыклад, —
 

гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць панаваньне і блюзьняць супраць славы.
 

Міхал арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесьці блюзьнерскага прысуду, але сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад».
 

А гэтыя блюзьняць супраць таго, чаго ня ведаюць; а што паводле прыроды ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе зьнішчаюць.
 

Гора ім, бо яны пайшлі шляхам Каіна, паддаліся падману нагароды Білеама, і ва ўпартасьці загінулі, як Карах.
 

Яны — небясьпека на вашых вячэрах любові; банкетуючы з вамі, пасуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, якія ветрам носяцца; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памёршыя, з корнем павырываныя;
 

лютыя хвалі марскія, якія пеняцца сорамам сваім; зоркі, што блукаюць, для якіх змрок цемры навекі захаваны.
 

Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзе Госпад з дзясяткамі тысячаў сьвятых Сваіх,
 

[каб] учыніць суд над усімі і дакарыць усіх бязбожнікаў іхніх за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чынілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі».
 

Гэта наракальнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці.
 

Але вы, улюбёныя, памятайце словы, раней сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
 

яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх бязбожных пажаданьняў.
 

Гэта тыя, якія адлучаюць сябе ад іншых, душэўныя, але ня маюць духа.
 

А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым,
 

захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.
 

І над аднымі літуйцеся з развагаю,
 

а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце са страхам, ненавідзячы нават вопратку, целам апаганеную.
 

А Таму, Які можа захаваць вас ад упадку і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі і ў радасьці,
 

адзінаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава і веліч, сіла і ўлада цяпер і на ўсе вякі. Амэн.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.