Юды 1 глава

Паўсюднае пасланьне Апостала Юды
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом:
 
Юда, слуга Езуса Хрыстуса, а брат Якуба, — тым, што ў Айцу Богу ўмілаваныя, а для Езуса Хрыстуса захаваныя й пакліканыя.

літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца!
 
Міласэрдзе і супакой і ласка хай дапоўняцца вам!

Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбайнасьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым.
 
Мілыя, рупліва зьбіраючыся пісаць вам аб супольным нашым збаўленні, я палічыў неабходным выслаць вам напамін — змагацца за веру, раз пераказаную сьвятым.

Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца.
 
Паўкрадаліся бо між вас некаторыя людзі, спракон прызначаныя на гэты асуд, нягоднікі, ласку Божую абяртаючыя ў распусту й адрынаючыяся ад Езуса Хрыстуса, адзінага Валадара нашага і Усеспадара.

Я хачу нагадаць вам, якія аднойчы гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпецкае, тых, што не паверылі, пасьля загубіў,
 
Хачу вам, ведаючым ужо гэта, прыпомніць, што Госпад вызваліўшы народ з зямлі Егіпскае, няверучых пасьля выгубіў;

і анёлаў, якія не захавалі свае ўлады, але пакінулі сваё жытло, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня трымае.
 
анёлаў-жа не захаваўшых свае першадастойнасьці й пакінуўшых сваё месца прабывання, трымае ў вечных путах і цемрадзі да вялікага суднага дня;

Як Садом і Гамора і вакалічныя гарады, якія падобна да іх жылі ў распусьце і за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад кару вечнага агню, пастаўленыя за прыклад, —
 
гэтак Содома й Гоморра з ваколічнымі гарадамі, падобна ім распуставаўшымі похатна ўганяючыся за іншай плоцьцю, сталіся прыкладам падпалых пад кару агню вечнага;

гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць панаваньне і блюзьняць супраць славы.
 
таксама будзей з гэтымі мрыйнікамі, апаганьваючымі цела, пагарджаючымі уладай і зьневажаючымі высокадастойнасьць.

Міхал арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесьці блюзьнерскага прысуду, але сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад».
 
Міхал Арханел на пяропрах з дзьяблам за цела Майжэша, ня сьмеў вымавіць дакорлівага асуду, але сказаў: Хай Госпад скарае цябе!

А гэтыя блюзьняць супраць таго, чаго ня ведаюць; а што паводле прыроды ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе зьнішчаюць.
 
А гэтые ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць, а што па прыродзе, як немыя жывёлы, пазнаюць, тым сябе псуюць.

Гора ім, бо яны пайшлі шляхам Каіна, паддаліся падману нагароды Білеама, і ва ўпартасьці загінулі, як Карах.
 
Гора ім, бо ўзыйшлі на Каінавы шлях, папусьціліся падкупной мане Балаама, і ў упорлівасьці, бы той Корэй, пагінулі (Быць. 4:8; Ліць. 22:23; 16:32).

Яны — небясьпека на вашых вячэрах любові; банкетуючы з вамі, пасуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, якія ветрам носяцца; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памёршыя, з корнем павырываныя;
 
Яны плямяць сяброўскае субяседніцтва гасьціннае, пасучыся бяссорамна; гэта аблокі бязводныя, ветрам ганяныя, гэта познавасенняя дравяная посуш бясплодная скарэненая;

лютыя хвалі марскія, якія пеняцца сорамам сваім; зоркі, што блукаюць, для якіх змрок цемры навекі захаваны.
 
гэта разбуяныя хвалі марскія, што пеняцца сваёю брыдою; зоры зблуканыя, для якіх бяздонная цемрадзь навекі наканавана.

Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзе Госпад з дзясяткамі тысячаў сьвятых Сваіх,
 
Праракаваў аб іх і Гэнох, сёмы па Адаме, кажучы: Надыйшоў вось Госпад зь мірыядамі сьвятых —

[каб] учыніць суд над усімі і дакарыць усіх бязбожнікаў іхніх за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чынілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі».
 
узьвясьці суд на ўсіх і дакарыць усіх бязбожнікаў за ўсе іхіня праступкі нягодніцтва, якіх дапусьціліся, ды за ўсю выказануб проці Яго жорсткасьць паганых грэшнікаў.

Гэта наракальнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці.
 
Гэта гмырлівыя наракальнікі, сваім захцеванкам надта папусклівыя, з надутымі славамі ў вуснах, аказваючыя старонлівасьць для другіх толькі дзеля карысьці.

Але вы, улюбёныя, памятайце словы, раней сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
 
Але вы, дарагія, майце ў памяці словы Апосталаў Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,

яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх бязбожных пажаданьняў.
 
якія гаварыліж вам, што апошнімі часамі зьявяцца ганьбіцелі, паступаючыя нягодна водля сваіх нізкіх похацяў.

Гэта тыя, якія адлучаюць сябе ад іншых, душэўныя, але ня маюць духа.
 
Гэта тыя, што сябе самых адасабняюць, як псыхічныя жывіны, а Духа ня маюць.

А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым,
 
Вы аднак, мілыя, грунтуючыся на веры вашай найсьвяцейшай, молячыся ў Духу Святым, трывайце ў любасьці Божай, чакаючы міласэрдзя Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага, на жыцьцё вечнае.

захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.
 
Адным, асуджаным, давайце напамін, другіх ратуйце, выхопліваючы з агню;

І над аднымі літуйцеся з развагаю,
 
над іншымі-ж літуйцеся з боязьзю, брыдзячыся навет іхнім, плоцьцю апаганеным, нацелівам.

а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце са страхам, ненавідзячы нават вопратку, целам апаганеную.
 
А Таму, Каторы можа ўсьцерагчы вас ад граху і паставіць перад тронам Свае хвалы бесплямнымі і радаснымі,

А Таму, Які можа захаваць вас ад упадку і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі і ў радасьці,
 
Богу адзінаму, Збавіцелю нашаму, праз Езуса Хрыстуса нашага Валадара, хвала і вяльможнасьць, сіла і ўлада прад вякамі, цяпер і павек вякоў. Амэн.

адзінаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава і веліч, сіла і ўлада цяпер і на ўсе вякі. Амэн.
 

Примечания:

 
 
Пераклад П. Татарыновіча

1 Апостал піша тым, зн: хрысьціянам з юдэеў, умілаваным і ў адвечных намерах Божых сьцеражоным у зямным жыцьці для прыняцьця потым навукі Збавіцеля.

4 Першахрысьціяне любілі сябе называць сьвятымі, але не ў цяперашнім сэнсе кананізацыйным, ці глёрыфікацыйным, толькі таму, што належалі да рэлігіі сьвятое, што былі пакліканымі да сьвятасьці, назначаныя сьвятымі Сакрамантамі. У гэткім сэнсе й цяперашнія хрысьціяне ёсьць сьвятымі, хоць мо й не дараўноўваюць сьвятасьцю й гэраічнасьцю жыцьця тамтым першабытным, абдарваным харызмамі — спэцыяльнай ласкай.
Украдаліся аднак і ў тагдышнія сьвятыя асяродзьдзі людзі нягодныя ласкі, дагматычныя й моральныя гэрэтыкі. Проці гэткіх вось моцна перасьцярагае ў гэтым лісьце сьв. Юда, як відно з гэтага 4 вершу ды далейшых 8:12, 13 й 19. Абураў яго найболей свайго роду антыномізм, г.зн. грубое пагарджанне правам старазапаветным, вядучае да разнузданасьці моральнай, пад адманкай нібы-то хрысьціянскай вольнасьці ад права. (Аб гэтым пісаў і сьв. Павал: Філіп. 3:17; 1 Тым. 4:1; 2 Тым. 3:1).

8 Прыводзіцца старазапаветныя прыклады кары Божай за разнузданасьць і няверства, якая ня міне і новых грэшнікаў, блудных вучыцялёў мрыйнікаў. Госпад (у лацінск. тэксьце: Езус — трэба разумець Jozue, пастаўлены Госпадам да вызвалення) то вывеў зь няволі Егіпскай, але гэта не абазначае, што ўвёў у бязьверчую сваяволю, таму бязьверцаў выгубіў. Месца прабывання — неба. Зневажаючымі высокадастойнасьць — знача ня прызнаюць Хрыстуса за Бога.

9 ...ня пяропрах (архаізм, зн. пераспрэчванні) з дзьяблам, які намагаўся пахаваць Майжэша у месцы ведамым для ўсіх і слаўным, каб (занадта гарачыя) жыды аддавалі яму боскую чэсьць; а сьв. Арх. Міхал выступіў проці гэткай богазьняважлівай узурпацыі, але пракляцьця заслужыўшаму дзьяблу не павінна было выйсьці з вуснаў Арханела (а тым-болей не павінна ніколі выйходзіць з нашых вуснаў), хай сам Бог аглашае прысуд... Гэтая зацемка не спатыкаецца нідзе ў сьв. Кнігах; сьв. Юда ведаў аб гэтым з традыцыі, на сьляды якое у мінулым стагодзьдзі (1861) наткнуўся А.Цэрыяні ў апокрыфе: Унебаўзяцьце Майжэша (ведамым Клемэнсу й Дыдымусу Александр., Орыгэнэсу), знойдзеным у Амброзіянскай бібліятэцы Мілану.

10 А гэтыя — знача разнузданыя блуднаверцы, якія буяняць на ўсё тое, што перавышае іх розум; каліж дапнуцца тым розумам сёе-тое пазнаць, дык псуюць сябе самадурствам «навуковага ўсемагутцтва», а бязьверствам у праўдзівую Усемагутнасьць і Усеведу.

11 Каінавы шлях — спосаб жыцьця Каіна: завісьць, братабойства, гэрэзыя, атэізм, безнадзейная роспач і асуд.
Папусьціліся падк. мане — даліся ўблытаць у падкупную ману, як той біблійны Балаам...

12 Сябр. субяседніцтва гасьціннае — пачастункі, брацкія вячэры (пагрэцку: agape), на якіх нясуразныя паводзіны ў гутарцы, ядзе й піцьці, плямілі гасьцінны далікатны настрой таварыства і прызваітую вясёласьць.
Дравяная посуш — у лацінскім тэксьце сказана: «дрэвы двойчы памёршыя». Раз умёршыя (ўсохлыя) абыдна завуцца суастой, калі ён яшчэ стаіць на пні, выкараненне-ж яго робіць двойчы памёршым, ссохлым...

13 Наканавана — спагатовіла ім кон, сталася празначэннем...

19 Аб чалавеку як жывёліне псыха-фізычнай (animal rationale) і аб чалавеку духоўным гавора Ап. Павал у Першым Лісьце да Карынтыян (2:14), што першы — ідзе толькі за прыродным розумам, ня прызнаючы нічога надпрыроднага, а другі — асьвечаны Духам Св. (абдараны Ягонай ласкай веры) — разумее і прыроднае і надпрыроднае.

23 Асуджаных — яўных, агітуючых, гэрэтыкаў прабуйце праконываць аргументамі, напамінамі; другіх — г.зн. яшчэ толькі спакушаных блуднаверствам, усімі спосабамі — і просьбамі і грозьбамі — адводзьце ад агню тае агітацыі, пакуль яшчэ магчыма; іншым-жа — адпаўшым ужо, не шчадзеце міласэрдзя, аднак высьцерагаючыся заразьлівага абыцьця зь імі.

 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.