1 Цімафею 1 глава

Першае пасланьне да Цімафея Апостала Паўла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Павал, апостал Ісуса Хрыста паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае, —
 
Павал, Апостал Езуса Хрыстуса з загаду Бога Збавіцеля нашага і Ўсеспадара Езуса Хрыстуса, надзеі нашай,

Цімафею, шчыраму дзіцяці ў веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Тыматэю, праўдзіваму сыну ў веры: ласка, міласэрдзе і спакой ад Бога Айца й Хрыстуса Езуса, Усеспадара нашага.

Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны не навучалі іншага
 
Я прасіў цябе, адыйходзячы ў Македонію, каб застаўся ў Эфэзе і запавясьціў іншым: не выглашаць інакшаў навукі

і не зважалі на байкі і радаводы бясконцыя, якія выклікаюць больш спрэчак, чым Божага збудаваньня ў веры.
 
ды не займацца басьнямі, ці бясконцымі радаводамі, даводзячымі больш да спрэчак, чымся Божага збудаваньня ў веры.

Канец жа загаду ёсьць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і веры некрывадушнай,
 
Мэтай бо навучаньня ёсьць любасьць з добрага сэрца й чыстага сумленьня ды шчырай веры;

ад чаго адхіліўшыся, некаторыя збочылі да пустаслоўя,
 
ад гэтага адступіўшы, некаторыя аддаліся пустаслоўю,

хочучы быць законавучыцялямі, не разумеючы ані таго, што кажуць, ані таго, пра што сьцьвярджаюць.
 
жадаючы стацца вучыцелямі закону, а не разумеючы ні таго, што гавораць, ні таго, што ўпорыста пацьвярджаюць.

А мы ведаем, што Закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
 
А мы-ж знаем, што закон ёсьць добры, калі хто законна карыстаецца ім,

ведаючы тое, што Закон не пастаўлены для праведніка, але для беззаконьнікаў і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў, нячыстых і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
 
ведаючы тое, што закон ня ёсьць устаноўлены для праведніка, але для бунтарнае погані, для бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і аганьбеных, бацькабойцаў, для душагубаў,

распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, хлусьлівых, крывапрысяжнікаў і для іншых, што супрацівяцца здароваму вучэньню,
 
блудадзееў, мужаложцаў, людаграбежнікаў, лгуноў, вераломных, ды для ўсяго іншага, праціўнага здароваму вучэньню,

паводле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана.
 
водле паверанай мне Эванэліі хвалы Бога дабраслаўлёнага.

І я дзякую Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне, што Ён палічыў мяне верным, паставіўшы на служэньне,
 
Дзякую падмацаваўшаму мяне Хрысту Езусу, Усеспадару нашаму, што прызнаў мяне верным, паставіўшы на служэньне,

[мяне], які раней блюзьніў, і перасьледаваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта, ня ведаючы, у недаверстве.
 
мяне, які раней і зьневажаў, і прасьледаваў, і крыўдзіў, аднак памілаваны, бо так паступаў празь няведаньне й няверу.

І ласка Госпада нашага памножылася разам з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
 
Ласка-ж Госпада нашага ў-ва мне памножылася разам зь вераю і любасьцю ў Хрыстусе Езусе.

Вернае слова і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы.
 
Праўдзівае слова гэтае і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстус Езус прыйшоў на гэты сьвет збавіць грэшнікаў міжякімі я першы.

Але дзеля таго я памілаваны, каб Ісус Хрыстос у-ва мне першым зьявіў усю доўгацярплівасьць на прыклад тым, якія маюць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
 
Але дзеля таго я й памілаваны, каб Езус Хрыстус у-ва мне першым паказаў усю цярплівасьць у прыклад тым, якіе ўвераць у Яго дзеля жыцьця вечнага.

Валадару ж вякоў, незьнішчальнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу пашана і слава на вякі вякоў. Амэн.
 
Усеваладару-ж вякоў несьмяротнаму, нявідомаму, адзінаму Богу чэсьць і хвала на вякі вякоў. Амэн.

Гэткі загад даю табе, дзіця [маё] Цімафей, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі добрым змаганьнем,
 
Гэты вось запавет давяраю табе, сын мой Тыматэй, водле былых аб табе запавесьцяў, каб ты, згодна зь імі, ваяваў як добры ваяк,

маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя разьбіліся ў веры;
 
маючы веру й добрае сумленьне, якое адкінуўшы, некаторые заняпалі ў веры;

з якіх Гімэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб яны навучыліся ня блюзьніць.
 
між імі Гымэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб адвыклі ад богазьнявагі.

Примечания:

 
 
Пераклад П. Татарыновіча

3−4 Тые «іншые» — гэта прэтэсыянальные «вучоные» сярод хрысьціян. А гэрэтыкі, зь якімі Тыматэю прышлося дзела мець у Эфэзе, распаўсюджвалі вучэньне, зь якога потым у ІІ і ІІІ ст. сфармаваўся «гностыцызм», як гэта відно з канчальных слоў лісту, дзе сказана, што яны называлі сваё вучэньне «пазнаньнем», па-грэцку «Гносіс». Дзьве другія асаблівасьці гэнага вучэньня адзначаны ў лісьце (3, 4, 7), менавіта: пагляд на плоць, як на пачатак зла ў сьвеце, ды склоннасьць завіваць абстрактные сьветагляды ў абгортку міталягічных выдумак. Дзеля таго некаторые вучоные не беспадстаўна дабачваюць у словах Апостала аб бясконцых радаводах спорных, нацёк на мэтафізычные гэнэалёгіі, выдуманые гностыкамі. Фактычна яны сьцьвярджаюць пасьцежнае паходжаньне із лона Боства даўгіе шэрэгі родзячыхся адна за другою вечных духовых істасьцяў, называных «зонамі»; Хрысту аддавалі пашану, як аднаму із «зонаў».

8−11 Закон дабракарысны, бо ён цугляе натуральны поцяг чалавека да благоцьця, да зла, як наступства першароднага граху.

10 Зладзеі, хапаўшые людзей на прадажу іх у нявольніцтва, былі караные законам Майжэша караю сьмерці (Выйсьц. 21:16).

18 Яснавідцы прадвяшчалі Тыматэя будучым добрым пастырам Эфэзу.

20 Гымэнэй ня верыў у згробуўстаньне мяртвых (2Тым. 2:17), а меднік Аляксандар быў, відаць, заядлым праціўнікам Паўла ў жыцьці й навучаньні (2Тым. 4:14−15). Абодва былі вылучаныя з Эклезіі.

 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.