2 да Карынфян 9 глава

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → Аверинцев: отдельные книги

 
 

А пра служэнне святым няма мне патрэбы пісаць вам,
 

бо ведаю шчыры намер ваш і таму хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія была гатова з мінулага года, і ваш запа́л натхніў многіх.
 

Братоў жа я паслаў для таго, каб наша пахвала вамі ў гэтай справе не аказалася марнай, а, як я казаў, каб вы былі гатовы,
 

і калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас негатовымі, каб не былі пасаромлены мы — не кажу «вы», — пахваліўшыся з такой упэўненасцю.
 

Таму я палічыў неабходным упрасіць братоў прыйсці да вас раней і за́гадзя паклапаціцца, каб абяца́нае ўжо авяраванне ваша было гатова як ахвяраванне, а не як пабо́р.
 

Але вось што: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
 

Кожны няхай робіць, як падказвае сэ́рца, не з жалем ці па прыму́су, бо хто з радасцю дае, таго лю́біць Бог.
 

А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу,
 

як напісана: «шчодра раздаў, надзяліў бедных; праведнасць яго застаецца давеку».
 

А Хто дае насенне сейбіту і хлеб на ежу, Той дасць багаты плён пасе́янаму вамі і ўзросціць плады праведнасці вашай,
 

каб вы ўсім багатыя былі на ўсялякую шчодрасць, якая праз нас учыня́е падзяку Богу.
 

Бо справа служэння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святых, але і выкліка́е ў многіх вялікую падзяку Богу;
 

у выніку служэння гэтага яны праслаўляюць Бога за вашу пакорнасць ў вызна́нні Евангелля Хрыстовага і за шчырае ядна́нне з імі і з усімі,
 

і ў сваёй малітве за вас яны зычлівыя да вас за шчодрую благадаць Божую ў вас.
 

Дзякуем Богу за невымоўны дар Яго.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.