2 Карыньцянам 9 глава

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Бо для мяне лішне пісаць да вас адносна служэньня для сьвятых,
 

бо я ведаю вашую ахвоту, якой хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахая прыгатаваная з мінулага году; і руплівасьць вашая заахвоціла многіх.
 

Братоў жа я паслаў, каб нашая пахвала адносна вас не прынізілася ў гэтым, але каб вы, як я казаў, былі прыгатаваныя,
 

каб, калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас непрыгатаванымі, мы не асароміліся, каб не сказаць “вы”, пахваліўшыся з гэткаю пэўнасьцю.
 

Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны наперад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абяцанае раней дабраславеньне вашае было падрыхтаванае так, як дабраславеньне, а не як з прымусу.
 

Вось жа: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее з дабраславеньнем, той з дабраславеньнем і пажне.
 

Кожны [няхай робіць] паводле вызначэньня сэрца, не са смуткам або з патрэбы, бо Бог любіць таго, хто з добрай ахвотай дае.
 

А Бог магутны памножыць у вас усякую ласку, каб, заўсёды і ў-ва ўсім маючы ўсялякую задаволенасьць, вы былі багатыя на ўсякую добрую справу,
 

як напісана: «Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная застаецца на вякі».
 

А Той, Хто дае насеньне сейбіту, дасьць і хлеб дзеля ежы, і памножыць насеньне вашае, і вырасьціць плады праведнасьці вашае,
 

каб у-ва ўсім вы ўзбагаціліся ў-ва ўсякай шчырасьці, якая праз нас робіць падзяку Богу.
 

Бо справаваньне служэньня гэтага ня толькі дапаўняе нястачы сьвятых, але і багатае падзякамі да Бога ад многіх,
 

якія, выпрабаваўшы служэньне гэтае, славяць Бога за падпарадкаванасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць з імі і з усімі
 

і моляцца за вас, жадаючы [быць] з вамі дзеля бязьмернай ласкі Божае ў вас.
 

Падзяка Богу за невымоўны дар Ягоны.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.