Выхад 2 глава

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Русского Библейского Центра

 
 

Нехта з роду Лявіінага пайшоў і ўзяў сабе за жонку з таго ж самага роду.
 

Жонка зачала і нарадзіла сына, і бачачы, што ён вельмі прыгожы, хавала яго тры месяцы;
 

але ня могучы даўжэй хаваць яго, узяла трысьняговы кош і засмаліла яго асфальтам і смалою і, паклаўшы ў яго немаўля, паставіла ў трысьнягу на беразе ракі,
 

а сястра яго пачала здалёк назіраць, што зь ім будзе.
 

І выйшла дачка фараонава на раку мыцца, а прыслужніцы яе хадзілі па беразе ракі. Яна ўбачыла кош сярод трысьнягу і паслала рабыню сваю ўзяць яго.
 

Адкрыла і ўбачыла немаўля; і вось, дзіця плача; і ўмілажалілася зь яго і сказала: гэта з Габрэйскіх дзяцей.
 

І сказала сястра яго дачцэ фараонавай: ці не схадзіць мне і ці не паклікаць да цябе карміцельку з Габрэек, каб яна мамчыла табе немаўля?
 

Дачка фараонава сказала ёй: схадзі. Дзяўчына пайшла і паклікала маці немаўляці.
 

Дачка фараонава сказала ёй: вазьмі гэтае немаўля і мамчы яго мне; я заплачу табе. Жанчына ўзяла немаўля і мамчыла яго.
 

І вырасла немаўля, і яна прывяла яго да дачкі фараонавай, і ён быў у яе за сына, і дала яму імя: Майсей, бо, казала яна, я з вады дастала яго.
 

Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін б’е аднаго Габрэя з братоў ягоных.
 

Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.
 

І выйшаў ён на другі дзень, і вось, два Габрэі сварацца; і сказаў ён крыўдзіцелю: навошта ты б’еш блізкага твайго?
 

А той сказаў: хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: правільна, даведаліся пра гэтую справу.
 

І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жыў у зямлі Мадыямскай і сеў каля калодзежа.
 

У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
 

І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх.
 

І прыйшлі яны да Рагуіла, бацькі свайго, і ён сказаў: што вы так хутка прыйшлі сёньня?
 

Яны сказалі: нейкі Егіпцянін абараніў нас ад пастухоў, і нават начэрпаў нам вады і напаіў авечак.
 

Ён сказаў дочкам сваім: дзе ж ён? навошта вы яго пакінулі? клікніце яго, і хай ён есьць хлеб.
 

Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору.
 

Яна нарадзіла сына, і даў яму імя: Гірсам, бо, казаў ён, я зрабіўся прыхаднем у чужой зямлі.
 

Праз доўгі час, памёр цар Егіпецкі. І стагналі сыны Ізраілевыя ад працы і енчылі, і енк іхні ад працы ўзышоў да Бога.
 

І пачуў Бог стогн іхні, і ўспомніў Бог заруку Сваю з Абрагамам, Ісаакам і Якавам.
 

І ўбачыў Бог сыноў Ізраілевых, і дагледзеў іх Бог.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.