Да Ціта 1 глава

Пасланне да Ціта
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → В переводе Лутковского

 
 

Павел, слуга Бога і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры тых, каго выбраў Бог, і спазнання праўды дзеля пабожнасці,
 

у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог,
 

а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Бога, Збаўцы нашага,
 

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.
 

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах старэйшын, як я наказваў табе,
 

калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці.
 

Таму біскуп, як Божы распарадчык, павінен быць бездакорны, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы,
 

але гасцінны, любячы дабро, разважлівы, справядлівы, пабожны, дысцыплінаваны,
 

які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.
 

Бо ёсць шмат непаслухмяных, пустасловаў ды спакушальнікаў, асабліва сярод абрэзаных,
 

якім трэба закрыць вусны, бо яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ганебнай карысці.
 

Сказаў жа хтосьці з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне пастаянна маняць, яны лютыя звяры і лянівыя жываты».
 

Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
 

не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на загады людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
 

Для чыстых усё чыстае. Для апаганеных і няверучых няма нічога чыстага, бо забруджаны іх думкі і сумленне.
 

Кажуць, што ведаюць Бога, але сваімі ўчынкамі пярэчаць гэтаму. Яны агідныя і непаслухмяныя, няздатныя да ніякай добрай справы.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.