1 да Карынцянаў 1 глава

Першае пасланне да Карынцянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → В переводе Лутковского

 
 

Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн
 

да Касцёла Божага ў Карынце, да асвячаных у Хрысце Езусе, пакліканых да святасці разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага.
 

Ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
 

Заўсёды дзякую Богу майму за вас дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе.
 

Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім пазнаннем.
 

Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас,
 

што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста.
 

Ён таксама ўмацуе вас да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста.
 

Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.
 

Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні.
 

Бо ад людзей Хлоі я даведаўся, браты мае, што ўзнікаюць паміж вамі спрэчкі.
 

Я ж паўтараю тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўла», «Я — Апалоса», «Я — Кефаса», «А я — Хрыста».
 

Хіба падзяліўся Хрыстус? Хіба Павел быў укрыжаваны за вас, або ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?
 

Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысціў, апрача Крыспа і Гая,
 

каб не сказаў хто, што ў маё імя быў ахрышчаны.
 

Ахрысціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысціў яшчэ каго, не ведаю.
 

Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Евангелле, і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным Хрыстовага крыжа.
 

Для тых, хто гіне, слова аб крыжы — гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, — гэта моц Божая.
 

Бо напісана: «Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных».
 

Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасць свету ў глупства?
 

Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых.
 

Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці.
 

Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — згаршэнне, для язычнікаў — глупства,
 

а для тых, хто пакліканы, юдэяў і грэкаў, Ён — Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць.
 

Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.
 

Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат шляхетнага паходжання.
 

Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных;
 

і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае,
 

каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам.
 

Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і асвячэннем, і адкупленнем,
 

каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.