Псальмы 18 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Кіраўніку хору: ад раба Яговы Давіда, які высказаў словы песьні гэтай да Яговы ў дзень, калі Ягова вызваліў яго із рукі ўсіх ягоных ворагаў і із рукі Саўлавае, і ён сказаў:
 

я люблю Цябе, Ягова, моц мая.
 

Ягова! скала мая і крэпасьць мая, і мой Збавіцель, мой Пераможца, мая няпахісная скала, на якой я знаходжу прытулак, мой шчыт і рог збаўленьня майго, мая высокая вежа!
 

Я клічу Ягову, вартага славы, і я буду збаўлены ад маіх ворагаў.
 

Мяне аблыталі кайданы сьмерці, і цур’і бэліяла напалохалі мяне.
 

Ланцугі шэолю аблыталі мяне, сьмяротныя петлі душаць мяне.
 

У бядзе маёй пагукаў я Ягову і залямантаваў я да Бога майго. Са Сваёй Сьвятыні пачуў Ён голас мой, і енк мой дайшоў да Вушэй Ягоных.
 

Затрэслася і захісталася зямля, і затрэсьліся падва́ліны гор; і зру́шыліся яны, таму што Ён угневаўся.
 

Узьняўся дым з Ноздраў Ягоных, і агонь зьнішчальны выйшаў з Вуснаў Ягоных, і распалёнае вугольле палíла зь Яго.
 

І нахіліў Ён нябёсы і сыйшоў, і змрок быў пад Ступнямі Ягонымі.
 

І Ён сядзіць на Хэрубіме і ляціць, і Ён ляціць уніз на крылах ветру.
 

Цемру зрабіў Ён Сваім сховішчам, а палаткай вакол Сябе зрабіў цемру вады і густыя нябесныя воблакі.
 

Ад бляску Аблічча Ягонага ўцякалі густыя воблакі Ягоныя, град і вугольле распаленае.
 

І грыміць Ягова ў нябёсах, і Найвышэйшы падае́ Свой Голас праз град і распаленае вугольле.
 

І Ён пусьціў Свае стрэлы і рассыпаў іх, і шмат маланак, і прывёў іх у замяшальніцтва.
 

І адкрыліся крыніцы водаў, і адчыніліся падмуркі ад ушчуваньня Твайго, Ягова, ад дыханьня ветру Ноздраў Тваіх.
 

Ён працягнуў з вышыні Руку́ Сваю і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
 

Ён вызваляе мяне ад майго моцнага ворага ды ад тых, што мяне нянавідзяць, бо яны былі дужэйшыя за мяне.
 

Яны напалі на мяне ў дзень майго няшчасьця, але Ягова стаўся мне апораю.
 

Ён вывеў мяне на прасторнае мейсца, Ён уратаваў мяне, бо Ён упадабаў мяне.
 

Ягова адплаціў мне за маю справядлівасьць; Ён адплаціў мне за чысьціню рук маіх;
 

бо я пільнаваўся шляхоў Яговы, я ня адхінаўся нягодна ад майго Бога;
 

бо ўсе нака́зы Ягоныя ёсьць перада мною, і ад пастановаў Ягоных я ня ўхіляюся.
 

І я быў бяззаганным перад Ім і бярог сябе ад нясправядлівасьці ва мне.
 

І Ягова адплаціў мне за справядлівасьць маю, за чысьціню рук маіх перад Вачыма Ягонымі.
 

Да літасьцівага Ты ставішся паводля літасьцівасьці ягонай; да чалавека шчырага Ты ставішся паводля шчырасьці ягонай;
 

да чыстага Ты ставішся паводля чыстасьці ягонай, і да крывадушнага Ты ставішся паводля крывадушнасьці ягонай:
 

Бо Ты рату́еш людзей пакорлівых, а вочы ўзвышаючых сябе Ты паніжаеш,
 

і Ты запаліш сьветач мой. Ягова, Бог мой, прасьвятляе цемру маю;
 

бо з Табою я нападу на варожыя войскі, і з Богам маім я пераскочу цераз мур.
 

Бог! — Бяззаганны шлях Ягоны. Слова Яговы — (агнём) выпрабавана. Ён ёсьць шчыт для ўсіх, хто шукае ў Яго сховішча;
 

Бо хто ёсьць Бог апрача Яговы? І хто ёсьць Скала апрача Бога нашага?
 

Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і шлях мой робіць бяззаганным,
 

Ён ногі мае робіць падобнымі да ног лані і ставіць мяне на вышыні мае.
 

Ён вучыць рукі мае змаганьню і мускулы мае нацягваць лук медны.
 

І даў Ты мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і Твая спагадлівасьць робіць мяне вялікім.
 

Ты пашыраеш крок мой, і ня хістаюцца ногі мае.
 

Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і ня вяртаюся назад, пакуль ня зьніштожу іх.
 

Я скрыша́ю іх, і яны ня могуць падняцца, яны падаюць пад ногі мае.
 

Ты падпярэзваеш мяне сілай дзеля вайны, Ты ўгінаеш пад мяне тых, што паўстаюць супраць мяне.
 

Ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх, і я зьнішчаю тых, што нянавідзяць мяне.
 

Яны галосяць, але няма ім збавіцеля; яны да Яговы, але Ён ім ня адказаў.
 

Я расьцярушваю іх, як пыл перад ветрам, як вулічны бруд тапчу я іх.
 

Ты збавіў мяне ад бунтаў народу. Ты ставіш мяне галавою над паганамі. Народ, якога я ня ведаў, служыць мне.
 

Толькі па слыху вуха яны слухаюцца мяне. Сыны чужынца падлыгваюць мне.
 

Сыны чужынца чэзнуць і дрыжаць у палацах сваіх.
 

Жыве Ягова! І хай будзе праслаўлена Скала мая! І хай будзе ўзвышаны Бог збаўленьня майго,
 

Бог, Які помсьціць за мяне і супакорвае мне народы,
 

мой Збавіцель ад маіх ворагаў. Так, перад тымі, якія паўстаюць супраць мяне, Ты ўзьнёс мяне. Ад чалавеку гвалту Ты вызваляеш мяне.
 

Таму буду славіць Цябе, Ягова, сярод паганаў і Імю Твайму буду сьпяваць і іграць,
 

Які павяліча́е збаўленьне караля Свайго і творыць міласэрнасьць памазанцу Свайму, Давіду, і насеньню ягонаму навечна.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.