1 Сазваўшы Дванаццацёх, Езус даў ім уладу і моц над усімі дэманамі і на лячэньне хваробаў,
2 і паслаў іх вясьціць Каралеўства Божае і аздараўляць хворых,
3 і сказаў ім: "Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані падарожнага мяшка, ані хлеба, ані грошы, ані дзьвёх вопраткаў.
4 Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і не выходзьце адтуль.
5 І калі б дзе вас не прынялі, выходзьце з тога гораду, і нават пыл абтрасіце з ног вашых на сьведчаньне супраць іх".
6 Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, эвангелізуючы і аздараўляючы ўсюды.
7 А тэтрарха Герод, пачуўшы аб усіх тых падзеях, ня ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі, што гэта Ян уваскрос з мёртвых,
8 другія ж — што Гальяш паявіўся, а яшчэ іншыя — што хіба адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос.
9 І сказаў Герод: "Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб каторым чую такія рэчы?" І стараўся пабачыць Яго.
10 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Ды ўзяўшы іх з сабою, адыйшоў у пустыннае месца каля гораду, званага Бэтсаіда.
11 Калі пра гэта даведаліся грамады, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і навучаў аб Каралеўстве Божым, а тых, што патрабавалі лячэньня, аздараўляў.
12 А калі ўжо наставаў вечар, падыйшлі Дванаццаць і сказалі Яму: "Адпусьці грамады, каб пайшлі ў вакалічныя пасяленьні і вёскі і знайшлі, дзе пераначаваць і паесьці, бо тут месца пустыннае".
13 Але Езус сказаў ім: "Вы дайце ім есьці". А яны сказалі: "Ня маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы, хіба пойдзем і купім ежы на ўсю гэту грамаду".
14 Было бо каля пяці тысяч мужчынаў. Дык сказаў Езус сваім вучням: "Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят".
15 І яны зрабілі так, і разьмясьцілі ўсіх.
16 А Езус, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, і пабаславіў іх, і ламаў і даваў вучням сваім, каб яны клалі перад людзьмі.
17 І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося, дванаццаць кашоў кавалкаў.
18 Аднойчы, калі Езус сам адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся ў іх: "За каго лічаць Мяне людзі?"
19 А яны адказалі: "Адны — за Яна Хрысьціцеля, другія — за Гальяша, а іншыя — за аднаго з даўнейшых прарокаў, які ўваскрос".
20 Дык спытаўся ў іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Пётар: "За Хрыста Божага".
21 Ён аднак, папярэдзіўшы іх, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,
22 і дадаў: "Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос".
23 А ўсім сказаў: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай вырачыцца самога сябе і возьме крыж свой на кожны дзень ды ідзе сьледам за Мною.
24 А хто б хацеў жыцьцё сваё ўратаваць, загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, выратуе яго.
25 Бо што за карысьць чалавеку, калі б увесь сьвет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?
26 Бо калі хто пасароміцца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе сваёй і Айца, і сьвятых анёлаў.
27 Сапраўды кажу вам: Некаторыя з тут стаячых не спазнаюць сьмерці, перш чым не пабачаць Каралеўства Божага".
28 Па васьмі днях пасьля гэтых словаў Езус, узяўшы Пятра, і Яна, і Якуба, узыйшоў на гару памаліцца.
29 А калі маліўся, аблічча Яго зьмянілася, і адзеньне Яго сталася бліскуча белым.
30 І два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Гальяш,
31 якія зьявіліся ў славе і гаварылі аб Ягоным выхадзе, які меў адбыцца ў Ерузаліме.
32 Пётар жа і тыя, што з ім былі, былі змораны сном. А прачнуўшыся, убачылі хвалу Ягоную і двух мужоў, каторыя стаялі пры Ім.
33 І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётар сказаў Езусу: "Вучыцель, добра нам тут быць, зрабема тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну", але сам ня ведаў, што гаварыў.
34 А калі ён гэта гаварыў, явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся, калі пачалі ўваходзіць у воблака.
35 І пачуўся голас з воблаку, кажучы: "Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце".
36 І калі голас сьціх, Езус застаўся адзін. І яны маўчалі ў тыя дні, і нікому не расказвалі таго, што бачылі.
37 Назаўтра, калі зыходзілі з гары, здарылася, што забегла ім дарогу вялікая грамада.
38 І вось адзін чалавек з натоўпу закрычаў: "Вучыцель, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.
39 І вось жа дух хапае яго, і раптам крычыць, ды кідае ім, і цягае яго з пенай, і ледзь пакідае яго, вымучанага.
40 І я прасіў вучняў Тваіх вылечыць яго, але не маглі яны".
41 Тады Езус у адказ сказаў: "О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды".
42 А калі надыходзіў, таргануў ім дэман і кінуў яго на зямлю. Але Езус прыгразіў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму.
43 Таму ўсе дзівіліся з магутнасьці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што Ён рабіў, сказаў вучням сваім:
44 "Улажыце ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей".
45 Але яны тады не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.
46 Паявілася ж у іх думка, хто з іх большы.
47 А Езус, ведаючы думкі сэрцаў іхніх, узяў дзіцё, паставіў яго каля сябе
48 і сказаў ім: "Хто прыйме гэта дзіцё ў імя Маё, Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, прыйме Таго, хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсьць вялікі".
49 У адказ Ян сказаў: "Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі".
50 І сказаў яму Езус: "Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той з вамі".
51 І сталася, калі набліжаліся дні адыходу Ягонага, вырашыў Ён ісьці ў Ерузалім,
52 і паслаў перад сабой весьнікаў. І яны ўвайшлі ў паселішча Самарыйскае прыгатаваць прыстанішча.
53 Але не прынялі Яго, бо ішоў у напрамку Ерузаліма.
54 Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: "Госпадзе, калі дазволіш, скажам, каб зыйшоў агонь з неба і спаліў іх?"
55 Але Езус, зьвярнуўшыся да іх, пасварыўся на іх, кажучы: "Ня ведаеце, якога вы духа.
56 Сын Чалавечы не прыйшоў губіць душы, але ратаваць". І пайшлі ў другое сяло.
57 І здарылася, што калі ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: "Пайду за Табой, куды толькі пойдзеш".
58 І сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць".
59 А іншаму сказаў: "Ідзі за Мной!" А той сказаў: "Госпадзе, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго".
60 Але Езус сказаў яму: "Хай памёршыя хаваюць сваіх памёршых, а ты ідзі і вясьці Каралеўства Божае".
61 А іншы сказаў: "Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш разьвітацца з тымі, хто дома".
62 Але Езус сказаў яму: "Ніхто не прыдатны да Каралеўства Божага, хто бярэ рукою сваею за плуг і аглядаецца назад".