1 Гэтай свабодай вызваліў нас Хрыстос; дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі.
2 Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, нічым вам Хрыстос не дапаможа.
3 Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон.
4 Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддаляецеся і ад ласкі адпадаеце.
5 Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання.
6 Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць значэння, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.
7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
8 Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча.
9 Трохі кіслі ўсё цеста квасіць.
10 Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.
11 Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа.
12 О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу [для пажадлівасці] цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму.
14 Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе».
15 Калі ж адзін аднаго будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі.
16 Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела.
17 Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі.
18 Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам.
19 Вядомыя ж учынкі цела, вось яны: [чужаложства,] распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
20 балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, нянавісць, [забойствы,] гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі,
21 забойствы, п’янства, абжорствы і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць.
22 Плод жа духа — любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вера,
23 сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону.
24 Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі.
25 Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім.
26 Давайце не імкнуцца да пустой славы, дражнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.