1 І ўбачыў я звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя.
2 І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.
3 І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера,
4 і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»
5 І дадзены былі яму вусны, што гаварылі вялікае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.
6 І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.
7 І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагаць іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.
8 І кланяцца будуць яму ўсе, што абжываюць зямлю і чыё імя ад заснавання свету не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты.
9 Хто мае вуха, хай слухае:
10 «Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто павінны мечам быць забіты, належыць таму прапасці ад меча. Тут вось цярплівасць і вера святых».
11 І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобныя да Ягнячых, і гаварыў як дракон.
12 І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.
13 І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.
14 І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі абразы звера, што меў рану ад меча, але жывы.
15 І дадзена яму надаць дух абразу звера, каб гаварыў абраз звера і каб таго, хто не пакланяўся абразу звера, забіваць.
16 І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,
17 і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.
18 Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая — шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.