Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 12 2-я Хронікаў 12 раздзел

1 І калі царства Рабаама ўсталявалася і ўмацавалася, занядбаў ён закон Госпадаў, і з ім увесь Ізраэль.
2 А ў пяты год царавання Рабаама, Сэсак, цар Егіпта, пайшоў на Ерузалім — бо яны зграшылі Госпаду —
3 з тысячай двумастамі калясніц, з шасцюдзесяццю тысячамі коннікаў, і з безліччу народа, які ішоў з ім з Егіпта, гэта значыць: з лібійцамі, і сакцыйцамі, і этыёпцамі.
4 І заняў самыя ўмацаваныя гарады ў Юдэі і дайшоў да Ерузаліма.
5 Сямэя ж прарок пайшоў да Рабаама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерузаліме, уцёкшы ад Сэсака, і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад: “Вы пакінулі Мяне, і Я пакінуў вас у руцэ Сэсака”».
6 І ўпакораныя князі Ізраэля і цар сказалі: «Госпад справядлівы!»
7 І, калі пабачыў Госпад, што ўпакорыліся, прамовіў Госпад да Сямэі, кажучы: «Таму, што ўпакорыліся вы, не знішчу іх, і скора дам ім ратунак, і не выльецца абурэнне Маё на Ерузалім праз руку Сэсака.
8 Стануць, аднак, яго нявольнікамі, каб пазнаць, што значыць служыць Мне і служыць цару зямному».
9 Такім чынам, напаў Сэсак, цар Егіпта, на Ерузалім і забраў скарбы святыні Госпадавай і палаца царскага; і ўсё забраў сабе, а таксама залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.
10 Замест іх зрабіў цар Рабаам медныя шчыты і перадаў іх кіраўнікам коннікаў, якія вартавалі ўваход у палац цара.
11 І калі ўваходзіў цар у дом Госпада, уваходзілі коннікі і прыносілі іх, і зноў заносілі іх у свой арсенал.
12 Аднак калі цар упакорыўся, адвярнуўся ад яго гнеў Госпадаў, і таму не быў ён цалкам знішчаны; таксама і ў Юдэі мелі месца добрыя справы.
13 Такім чынам, набраўся сіл цар Рабаам у Ерузаліме і далей цараваў. Калі ж стаў царом, меў сорак адзін год, і семнаццаць гадоў валадарыў у Ерузаліме, у горадзе, які выбраў Госпад, каб там пакінуць Сваё імя паміж усіх пакаленняў Ізраэля. І імя маці яго Наама аманіцянка.
14 Дапусціўся ж зла ды не падрыхтаваў свайго сэрца, каб звярнуцца да Госпада.
15 А дзеянні Рабаама першыя і апошнія, апісаны ў Словах прарока Сямэі і Адо прадракальніка, а таксама радаводы і войны, якія ўзніклі між Рабаамам і Ерабаамам за ўвесь час.
16 І супачыў Рабаам з бацькамі сваімі, і пахаваны быў у горадзе Давіда, і сын яго Абія стаў царом замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Хронікаў, 12 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.