Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 34 2-я Хронікаў 34 раздзел

1 Осія меў восем гадоў, калі стаў царом, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме.
2 І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па дарогах Давіда, бацькі свайго; не збочыў ані ўправа, ані ўлева.
3 А на восьмы год царавання свайго, калі яшчэ быў юнаком, пачаў шукаць Бога бацькі свайго Давіда; а на дванаццаты год пачаў ачышчаць Юду і Ерузалім ад узгоркаў, і ад слупоў, і ад розных выяў багоў, ды ад адлітых з металу.
4 І ў прысутнасці яго знішчылі ахвярнікі Баалам; і курыльніцы, памешчаныя над імі, разваліў; таксама слупы і разьбяныя выявы і адлітыя статуі паразбіваў і здрабніў ды рассыпаў кавалкі па магілах тых, хто звычайна гэтыя ахвяры ўскладваў.
5 Апрача таго, косці святароў спаліў на ахвярніках іх, і ачысціў Юдэю і Ерузалім;
6 але і ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сімяона аж да Нэфталі ўсюды на іх плошчах
7 разваліў ахвярнікі, і слупы, і разьбяныя выявы разбіў на кавалкі; і перавярнуў усе курыльніцы ва ўсёй зямлі Ізраэля, і затым вярнуўся ў Ерузалім.
8 Такім чынам, на васемнаццаты год свайго царавання пры ачышчэнні зямлі і святыні даручыў Сафану, сыну Эсэліі, і Маасіі, кіраўніку горада, і Ёаху, сыну Ёахаза, — ад пісараў, — аднавіць святыню Госпада, Бога свайго.
9 Яны прыбылі да першасвятара Хэлькіі і атрыманыя ад яго грошы, што былі ўнесены ў святыню Госпада і што сабралі левіты прыдзверныя ад Манасы, і Эфраіма, і ўсіх астатніх жыхароў Ізраэля, а таксама ад усёй Юдэі, і Бэньяміна, і жыхароў Ерузаліма,
10 аддалі ў рукі загадчыкаў, якія кіравалі працай у доме Госпада, а гэтыя далі іх работнікам, якія працавалі ў святыні для адбудовы святыні і для аднаўлення ўсяго нетрывалага;
11 гэта значыць, далі грошы цеслям і мулярам, каб купілі часаных камянёў і дрэва для стыкаў будынка і на пакрыццё дамоў, якія разваліў цар Юдэі.
12 Наглядальнікі за работамі спаўнялі свае абавязкі сумленна. Наглядальнікамі ж за работамі былі Ягат і Абдзія — левіты з сыноў Мэрары; Захарыя і Масала з сыноў Кагата, якія кіравалі работамі. Усе ж левіты, якія ўмелі граць на музычных інструментах,
13 былі пастаўлены над тымі, што насілі цяжары, ды кіравалі работамі тых, якія выконвалі ўсякія работы. З левітаў былі таксама пісары, і загадчыкі, і прыдзверныя.
14 І калі вымалі грошы, прынесеныя ў святыню Госпада, першасвятар Хэлькія знайшоў кнігу закону Госпадава, перададзеную рукой Майсея.
15 Дык сказаў Хэлькія пісару Сафану: «Кнігу закону знайшоў я ў доме Госпада». І аддаў яе яму.
16 І Сафан занёс кнігу да цара ды яшчэ абвясціў яму, паведамляючы: «Усё, што ты даручыў паслугачам сваім, — вось, выконваецца.
17 Срэбра, знойдзенае ў святыні Госпада, выкарысталі, і далі загадчыкам і работнікам».
18 І паведаміў пісар Сафан цару: «Кнігу даў мне святар Хэлькія». Ды чытаў яе перад царом.
19 І сталася, калі цар выслухаў словы закону, разадраў шаты свае
20 і загадаў Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, а таксама пісару Сафану ды слузе царскаму Асаю, кажучы:
21 «Ідзіце і парайцеся з Госпадам, што да мяне і што да рэшты ізраэльцаў і Юдэі ў сувязі са словамі кнігі, якая была знойдзена. Страшнае бо абурэнне Госпада сышло на нас дзеля таго, што бацькі нашы не пільнавалі слоў Госпада, каб спаўняць усё тое, што напісана ў гэтай кнізе».
22 Дык пайшоў Хэлькія і тыя, каго цар паслаў разам з ім, да прарочыцы Гульды, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у новым горадзе, і расказалі ёй пра справу.
23 І яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які прыслаў вас да мяне:
24 вось што кажа Госпад: “Вось, навяду я бяду на гэтае месца і на яго жыхароў, усе праклёны, якія запісаны ў гэтай кнізе, якую чыталі перад царом Юдэі,
25 бо пакінулі Мяне і ўскладалі ахвяры чужым багам, каб Мяне гнявіць усімі ўчынкамі рук сваіх; таму выльецца гнеў Мой на гэта месца ды не патухне”.
26 А цару Юдэі, які паслаў вас параіцца з Госпадам, так скажыце: “Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Таму, што ты выслухаў словы кнігі,
27 і забаялася сэрца тваё ды ўпакорыўся ты перад абліччам Бога, адносна таго, што было сказана супраць гэтага месца і жыхароў Ерузаліма, таму што ўпакорыўся ты перада Мной, раздзёр шаты свае ды плакаў перада Мной, то Я таксама пачуў цябе”, — гаворыць Госпад.
28 Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, ды будзеш пахаваны спакойна ў сваёй магіле; ды вочы твае не ўбачаць усёй загубы, якую Я навяду на гэтае месца і на яго жыхароў”». А яны прынеслі цару ўсё, што ён сказаў.
29 Затым ён, сабраўшы ўсіх старэйшын Юдэі і Ерузаліма,
30 увайшоў у дом Госпадаў разам з усімі юдэямі і жыхарамі Ерузаліма, са святарамі і левітамі ды з усім народам, ад найменшага да найбольшага. У доме Госпада ў прысутнасці ўсіх слухаючых цар перачытаў усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада.
31 І, стоячы на сваім месцы, заключыў ён запавет перад абліччам Госпада, каб ісці за Ім і пільнаваць прыказанні Яго, і сведчанні і законы Яго ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй ды спаўняць словы запавету, запісаныя ў гэтай кнізе.
32 Заклінаў ён таксама аб гэтым усіх, хто знаходзіўся ў Ерузаліме і ў Бэньяміне; і сталі дзейнічаць жыхары Ерузаліма па дамове з Госпадам, Богам бацькоў сваіх.
33 Осія, такім чынам, выкінуў усе агіднасці з усіх земляў сыноў Ізраэля і прымусіў усіх, хто знаходзіўся ў Ізраэлі, служыць Госпаду, Богу свайму. Ва ўсе дні яго не адступіў ніхто ад Госпада, Бога бацькоў сваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Хронікаў, 34 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.