Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 15 2-я Хронікаў 15 раздзел

1 Азарыя, сын Адэда, атрымаўшы на сябе Духа Божага,
2 выйшаў насустрач Асе і сказаў яму: «Слухайце мяне ты, Аса, ды ўся Юдэя і Бэньямін! Госпад з вамі, бо вы былі з Ім. Калі будзеце шукаць Яго, будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён вас пакіне.
3 Многа часу жыў Ізраэль без Бога праўды і без святара, настаўніка ды без закону.
4 І калі навернецеся ў горы сваім да Госпада, Бога Ізраэля ды будзеце шукаць Яго, то знойдзеце Яго.
5 У тыя часы не было супакою і таму, хто выходзіў, і таму, хто ўваходзіў, але вялікае хваляванне было ва ўсіх жыхарах земляў,
6 бо народ змагаўся з народам, і горад — з горадам, бо Госпад мучыў іх усякаю бядою.
7 Вы ж будзьце дужымі ды хай не млеюць рукі вашы; бо будзе ўзнагарода працы вашай».
8 Калі Аса пачуў гэтыя словы і прароцтва, то падбадзёрыўся і выдаліў ідалаў з усёй зямлі Юдэі і Бэньяміна, і з гарадоў, якія здабыў на гары Эфраім, і прысвяціў Госпаду ахвярнік, які знаходзіўся перад прысенкам Госпада.
9 І сабраў увесь народ Юдэі і Бэньяміна, і з імі чужынцаў з Эфраіма, і з Манасы, і з Сімяона; вельмі многія бо да яго ўцяклі з Ізраэля, бачачы, што Госпад, Бог яго, з ім.
10 І калі сышліся ў Ерузалім у трэцім месяцы пятага года царавання Асы,
11 у той дзень склалі ахвяры Госпаду са здабычы, якую прывялі: семсот валоў і сем тысяч авечак.
12 І ўступілі ў прымірэнне, каб шукаць Госпада, Бога бацькоў сваіх, усім сэрцам ды ўсёю душою сваёю:
13 а кожны, хто не стане шукаць Госпада, Бога Ізраэля, — будзе пакараны смерцю ад малога да старога, ад мужчыны аж да жанчыны.
14 І прысягнулі Госпаду з вялікім і радасным крыкам, і з гудзеннем труб, і з гукам рагоў.
15 Усе, што былі з Юдэі, цешыліся з прысягі; прысягнулі бо ўсім сэрцам сваім і з усёю добраю воляю шукалі Яго, і быў Ён знойдзены імі. І надзяліў іх Госпад супакоем навокал.
16 Але і Мааху, маці Асы, цар выдаліў, каб не была валадаркай за тое, што зрабіла ідала Асэры; яго Аса пабіў на кавалкі і спаліў каля ручая Цэдрон.
17 А ўзгоркі засталіся ў Ізраэлі; аднак сэрца Асы было дасканалым ва ўсе яго дні.
18 Тое, што паабяцаў бацька яго і ён сам, — памясціў у доме Божым: срэбра, і золата, і ўсякія пасудзіны.
19 Вайны ж не было аж да трыццаць пятага года царавання Асы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Хронікаў, 15 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.